Top.Mail.Ru

Інклюзійны арт-праект дазваляе літаральна памацаць сцены страчаных помнікаў дойлідства

Нібыта ў сонечных прамянях песціцца легендарная Фара Вітаўта — так называлі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, закладзены яшчэ ў XІV стагоддзі не менш легендарным князем. Мала хто цяпер можа распавесці, якім ён быў, але ёсць выявы, што дапамагаюць зразумець і адчуць подых даўніны. Своеасаблівай рэканструкцыяй страчаных аб’ектаў спадчыны займаецца мастак-манументаліст Васіль Зянько — ён робіць іх бачнымі нават для невідушчых! У гэтым можна ўпэўніцца, наведаўшы Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, дзе прадстаўлены яго арт-праект «Архітэктурная спадчына... кропкі...»


У ім прадстаўлены страчаныя аб’екты дойлідства Беларусі. Некаторыя быццам бы схаваліся пад покрывам ночы і адкрываюцца абазнаным як царква Святых Пятра і Паўла ў Віцебску. Асобныя праступаюць нібыта ў ранішнім тумане — так здаецца, калі глядзіш на касцёл святога Вінцэнта і манастыр місіянераў у Смілавічах. І дзённая спёка можа навеяць дзіўныя вобразы, напрыклад абрысы касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах... Ствараючы асаблівы настрой для знаёмства з кожным будынкам аўтар выкарыстоўвае пэўную колеравую гаму. Абрысы кожнага колішняга будынка акрэсліваюць тонкія лініі, але пры гэтым яны даволі выразныя, нават рэльефныя, а самі творы фактурныя — аб’екты маюць нейкі аб’ём нават у выяве на плоскасці. Такім чынам аўтар «уцягвае» ў свае творы людзей з праблемамі зроку — і ў гэтым сутнасць яго інклюзійных праектаў, якія час ад часу прадстаўляе на розныя тэмы з мэтай падкрэсліць, што для мастацтва няма ніякіх меж. Бо вочы невідушчых — гэта кончыкі пальцаў, дзякуючы якім можна чытаць кнігі, выдадзеныя шрыфтам Брайля.

Васіль Зянько адмыслова стварае фактурныя карціны. Іх можна кранаць рукамі, не баючыся атрымаць заўвагу! Усё дзеля таго, каб падкрэсліць: мастацтва даступнае ўсім. Каб у гледачоў з праблемамі зроку было разуменне, да чаго яны дакранаюцца, на кожным творы змешчаныя апісанні саміх аб’ектаў — праз тыя самыя кропачкі шрыфту Брайля. Усё разам дазваляе невідушчым адчуць эмоцыі, выкліканыя вобразамі. Таму падобныя праекты Васіля Зянько звычайна выклікаюць цікавасць, пра што б яны ні былі: ці то пра кветкі, ці то са зваротам да паэзіі альбо дойлідства.

Праект, прысвечаны архітэктуры, мае выключнае значэнне яшчэ і з пункту гледжання сэнсу. Дзесяць твораў — значыць, дзесяць адноўленых праз мастацтва аб’ектаў. У гэтым варта даверыцца аўтару, бо як мастак-манументаліст ён далучаўся да працы на адметных помніках культуры. У прыватнасці, кіраваў мастакамі, якія ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне. А ў станковым жывапісе Васіль Зянько пазнавальны праз аўтарскую тэхніку, у аснову якой пакладзены жывапіс акрылам на палатне з выкарыстаннем розных фактур, што робіць творы рэльефнымі, у тым ліку праз кропачкі ад шрыфту Брайля... Але бачыць мастацтва — гэта значыць яго адчуваць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю