Лідары меркаванняў, медыйныя эксперты ў рамках праекта з красамоўнай назвай «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы» праводзяць сустрэчы з грамадскасцю, працоўнымі калектывамі, бізнес-супольнасцю.
У Гомельскай вобласці арганізавалі дзве пляцоўкі для вялікага дыялогу. З жыхарамі абласнога цэнтра размаўляў міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК.
Больш за 500 жыхароў рэгіёна сабраліся на сустрэчы з кіраўніком ведамства ў грамадска-культурным цэнтры Гомеля. У зале максімальна розная аўдыторыя: ад прадпрымальнікаў і моладзі да маці ў дэкрэце і пенсіянераў.

У пачатку дыялогу Дзмітрый Жук прапанаваў зірнуць на падзеі апошніх ста гадоў, пра якія ўсе ведаюць са школьнага курса гісторыі, з асаблівага ракурсу — спадчыны, якую атрымала кожнае пакаленне. Ён звярнуў увагу на цыклічнасць гісторыі, на наступствы войн, рэвалюцый і інш. «У нас ёсць унікальны шанц перадаць годны ўзровень жыцця, дабрабыту наступнаму пакаленню, каб яно развівалася, а не пачынала ўздым з нуля. З усіх урокаў гісторыі мы павінны зрабіць адну простую выснову — нельга дазволіць абнуліць агульныя дасягненні. Усяго, што ёсць у нас сёння, мы дасягнулі разам, усе беларусы пад кіраўніцтвам Прэзідэнта», — падкрэсліў Дзмітрый Жук.
Фармат адкрытага мікрафона — добрая магчымасць даведацца, чым жыве сёння рэгіён і якія ініцыятывы на месцах неабходна падтрымаць, каб палепшыць якасць і камфорт жыцця.

Гамяльчанка Марыя РАМАНОВІЧ працуе ў сферы адукацыі. Яе пытанне датычылася дарэчнасці педагогаў у сетцы TіkTok і кантэнту ад настаўнікаў. «У нашай школе менавіта завуч была ініцыятарам вядзення гэтай сеткі, каб быць бліжэй да моладзі. У калектыве падтрымлівалі ідэі, дапамагалі здымаць відэа. Кантэнт быў у асноўным забаўляльны, і з-за гэтага ўзнікалі некаторыя пытанні і спрэчкі. Часам бацькі казалі, што такія відэа дыскрэдытуюць прафесію настаўніка. Гэтае пытанне адрасавалі і міністру інфармацыі. З яго адказам цалкам згодна. Я думаю, што гэта датычыцца не толькі педагогаў, але і ўсіх беларусаў — усе павінны разумець гэта», — падзялілася меркаваннем з БелТА педагог-псіхолаг. Яна адзначыла, што вядзенне сацсетак дапамагае быць на адной хвалі з маладым пакаленнем, адкрывае для яго настаўнікаў з другога боку, умацоўвае зносіны і разуменне.
«Я задала сёння спікеру пытанне, якую ролю адыгрываюць у медыйнай прасторы асобы старэйшага ўзросту і ці могуць яны далучацца ў інфармацыйныя праекты. Гэта значыць на нашым тэлебачанні, як я бачу, не хапае душэўных праграм. Пытанне: ці плануецца такі асобны канал для асоб старэйшага ўзросту, каб былі кансультацыйныя праграмы, па фінансавай асвеце? Яны працуюць над гэтым», — падзялілася меркаваннем з «Першым інфармацыйным» гамяльчанка Таццяна ВАШКЕВІЧ.

«Атмасфера ў зале адкрытая, прыязная, усе ўдзельнікі актыўныя, міністр сам адказвае дастаткова адкрыта, актыўна, цікава, даступна. Маё пытанне, на маю думку, дастаткова актуальнае. Яно аб тым, як Міністэрства інфармацыі абараняе дзяцей ад дэструктыўнага кантэнту ў інтэрнэце. Пункт гледжання міністра мне дастаткова блізкі», — адзначыла жыхарка Гомеля Святлана ЗАРЭЧНЮК.
У Віцебску з працоўным калектывам прадпрыемства «Палімерканструкцыя» сустрэўся палітычны аналітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Аляксандр ШПАКОЎСКІ.
Падчас шчырай размовы спікер закрануў пытанні, якія хвалююць кожнага. Бо што можа быць важнейшым за мір? Для беларусаў, якія страцілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга? Тым больш у сітуацыі, калі калектыўны Захад усімі сіламі імкнецца ўцягнуць міралюбівую краіну ў ваенны канфлікт. Аналітыка, падмацаваная лічбамі, факты складаюцца ў карціну, якая дакладна гаворыць аб тым, што нас не пакідаюць і не пакінуць у спакоі. І толькі дзякуючы дальнабачнай і мудрай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі наша краіна не толькі выдужала супраць санкцый, упершыню ўжытых ужо ў сярэдзіне 1990-х, але і зрабіла магутны рывок наперад.

Сустрэча прайшла ў добразычлівай і прыхільнай да дыялогу абстаноўцы.
Ігар ШМАКАЎ, начальнік цэха палімерных вырабаў, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з выданнем «Витебские вести»:
— Было рэальна цікава. Такі вялікі аб’ём інфармацыі. З апошніх сустрэч гэта самая насычаная і інфарматыўная. Цікавая падача матэрыялу, таму нават пытанняў не ўзнікае. Дзякуй тым, хто арганізаваў гэтую сустрэчу.
Уладзімір ГЕРАСІМЧЫК, навуковы кансультант, які ўдзельнічаў у дыялогу, заўважыў:
— Палітолаг выразна тлумачыць, што адбываецца ў нашай краіне, шмат што становіцца зразумелым. Я яшчэ раз упэўніўся, што гэта патрыёт сваёй краіны, ён сапраўды адстойвае інтарэсы сваёй дзяржавы.