Аўтарскі праект Аляксандра Бублікава «Цішыня. Арт-партрэт», заснаваны на першым томе аднайменнай кнігі фатографа, даследуе ўзаемасувязь паміж знешнім выглядам мастака і яго творчасцю. Экспазіцыя ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага дае рэдкую магчымасць убачыць аўтараў па-за межамі звыклай выставачнай прасторы, фіксуючы індывідуальнасць кожнага ў нейтральным асяроддзі.
«Люблю людзей, магчыма, таму самым папулярным жанрам у маёй творчасці з’яўляецца партрэт, галоўнай задачай якога я лічу адлюстраванне індывідуальнай прыроды чалавека», — прызнаецца фатограф. Выставачны праект «Цішыня. Арт-праект» можна назваць візуальным увасабленнем кнігі аўтара ў рэальнай прасторы. Як і выданне, экспазіцыя падзяляецца на дзве часткі: партрэты аўтараў і іх творы. У аснове канцэпцыі выстаўкі ляжыць ідэя аб тым, што мастакі — знешне самыя звычайныя людзі, якія могуць быць вашымі суседзямі па лесвічнай клетцы. Аляксандр Бублікаў імкнецца выбудаваць тонкую мяжу паміж партрэтам самога чалавека і вынікамі яго прафесійнай дзейнасці. Гледачу прапаноўваецца ўступіць у візуальны дыялог і паразважаць над пытаннем: наколькі знешнасць здольна адлюстраваць унутраны свет, жыццёвы досвед і сапраўдны творчы патэнцыял?
У праекце прынялі ўдзел больш за 50 прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва, сярод якіх Таццяна Савік, Ірына Котава, Аляксандр Шаппо, Юлія Дранец, Усевалад Швайба, Ганна Семілетава, Барыс Семілетаў, Павел Хадаровіч, Марыя Богдан і іншыя.
Шырокая палітра майстроў сучаснага жывапісу дае магчымасць пазнаёміцца з рознымі творчымі почыркамі, стылямі і тэмамі, якія сёння вызначаюць беларускае выяўленчае мастацтва. Кожны ўдзельнік праекта прадстаўлены ў двух вымярэннях: спачатку як чалавек са сваімі поглядамі і пачуццямі, а затым як аўтар, які раскрывае свой патэнцыял праз творчасць.
У экспазіцыі дэманструюцца работы ў самых розных жанрах і творчых кірунках: ад пейзажа да сюжэтных замалёвак, ад рэалізму да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы, выбраныя Аляксандрам Бублікавым для выстаўкі, аб’яднаны пошукамі аўтараў сваёй тэмы, унікальнага стылю і мастацкага выказвання. Многія творцы робяць акцэнт на асабістым перажыванні, на пераасэнсаванні класічных сюжэтаў праз прызму сучаснасці, а таксама на стварэнні новай выяўленчай мовы, якая спалучае традыцыю і эксперымент. Адны звяртаюцца да спадчыны і гістарычнай памяці, іншыя — да вострых сацыяльных і экзістэнцыяльных тэм, разважаючы пра час, ідэнтычнасць і месца чалавека ў гэтым свеце.
Мастакі выкарыстоўваюць розныя формы для адлюстравання ўласных поглядаў і пачуццяў: гратэск, сюррэалізм, містычны рэалізм, абстракцыю... Выстаўка пакідае ўражанне, быццам трапіў у іншы сусвет, дзе змрочнае і жудаснае стаіць побач са светлым і пяшчотным, змяняючы звыклыя ўяўленні пра «нармальнае» і прымушаючы гледача пераасэнсаваць межы ўласнай рэальнасці. Тут няма адзінага правільнага адказу — ёсць толькі неабсяжнае поле для інтэрпрэтацыі.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА