Днямі на станцыі стартаваў першы этап праграмы лічбавай падрыхтоўкі аператыўнага персаналу энергетычнай галіны. Лічбавы трэнажор дае магчымасць у віртуальным асяроддзі адпрацоўваць дзеянні персаналу ў штатных і няштатных рэжымах, павышаючы ўзровень бяспекі, надзейнасці і ўстойлівасці работы энергасістэмы.
Эфектыўнасць такога падыходу пацверджана ўжо на Беларускай АЭС. Цяпер станоўчы вопыт маштабуецца на цеплавую генерацыю як частку адзінай, выбудаванай сістэмы падрыхтоўкі кадраў для энергетыкі краіны. Праект рэалізаваны ў рамках беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і падрыхтоўкі кадраў для энергетыкі будучыні.
«Калі была ўведзена ў эксплуатацыю Беларуская электрастанцыя, наш Прэзідэнт канцэптуальна дамовіўся з кіраўніком „Расатама“ Аляксеем Ліхачовым аб тым, што трэба пашыраць плоскасць нашага ўзаемадзеяння. Адзін з такіх перспектыўных напрамкаў — супрацоўніцтва ў галіне лічбавых тэхналогій. Дзяржкарпарацыя валодае даволі глыбокімі ведамі ў частцы выкарыстання „лічбы“ ў тэхналагічных працэсах кіравання атамных электрастанцый», — сказаў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
У сваю чаргу ў беларускай энергасістэме вялікае значэнне маюць і цеплавыя станцыі. «Эфектыўнасць іх работы ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі падрыхтаваны дыспетчарскі персанал. Вельмі важна, каб ён быў гатовы да рэагавання на нестандартныя сітуацыі, на нейкія адхіленні ў рэжымах работы і мог у крытычных умовах прымаць правільныя, адэкватныя рашэнні. Для гэтага трэба стварыць інфраструктуру, каб персанал мог трэніравацца на поўнамаштабным трэнажоры і правяраць, да якіх наступстваў прыводзяць тыя ці іншыя дзеянні. Так і нарадзілася сумесна з дзяржкарпарацыяй „Расатам“ ідэя аб тым, што можна было б стварыць лічбавы трэнажор, які поўнасцю дубліраваў бы ўсе тэхналагічныя працэсы рэальнага аб’екта. Каб без неабходнасці паўнацэннага разгортвання блокаў можна было тут эксперыментаваць і трэніраваць дыспетчарскі персанал для падрыхтоўкі да штодзённай работы», — адзначыў міністр.
«Дзякуючы нашаму эфектыўнаму ўзаемадзеянню мы сёння з вамі маем першы ў краіне лічбавы трэнажор на цеплавой станцыі. Адразу хачу адзначыць, што гэта рашэнне першае, але не адзінае. Мы абсалютна ўпэўнены ў тым, што і ў далейшым будзем гэту тэму развіваць і такія ж трэнажоры будуць з’яўляцца на ўсіх астатніх цеплаэлектрастанцыях», — падкрэсліў кіраўнік Мінэнерга.
Гэта патрэбна для павышэння надзейнасці работы беларускай энергасістэмы, якая непасрэдна залежыць ад падрыхтоўкі персаналу. «У энергетыцы няштатныя сітуацыі адбываюцца рэдка, і менавіта таму так важна мець магчымасць рэгулярна адпрацоўваць складаныя сцэнарыі ў бяспечным асяроддзі. Лічбавы трэнажор — гэта фактычна лічбавы двайнік рэальнага энергааб’екта, які дае магчымасць у рэжыме рэальнага часу правяраць і ўдасканальваць дзеянні персаналу. Такі падыход значна павышае якасць падрыхтоўкі і надзейнасць энергазберажэння. Мы разглядаем гэты праект як першы крок і плануем тыражаваць такія рашэнні на іншых электрастанцыях сумесна з партнёрамі з «Расатама», — адзначыў Дзяніс Мароз.
Ён зрабіў акцэнт на тым, што трэба ўвесь час займацца павышэннем эфектыўнасці работы любой галіны. «Энергетыка тут не з’яўляецца выключэннем, і мы вялікую ўвагу ўдзяляем у тым ліку лічбавізацыі. У нас асобны напрамак дзейнасці і асобныя структуры створаны ў перыметры Міністэрства энергетыкі, якія якраз адказваюць за лічбавізацыю. І тут мы гаворым аб лічбавізацыі не толькі тэхналагічных працэсаў, але і эканамічных, гэта значыць уліку ўсіх матэрыяльных рэсурсаў, інвестыцыйнай дзейнасці і г. д. Ну і самае галоўнае — мы для сябе ставім задачу па алічбоўцы ўзаемадзеяння энергасістэмы і нашых энерга- і газазабеспячальных арганізацый з нашымі спажыўцамі. Наша задача — да 2030 года ў поўным аб’ёме алічбаваць наша ўзаемадзеянне з нашымі спажыўцамі», — падзяліўся планамі міністр.
Паводле БелТА