Сусветна вядомы заснавальнік моднага дома Valentino памёр у сваім доме ў Рыме. Дакладную дату смерці выданне, аднак, не называе. Вядома, што развітанне з Гаравані пройдзе 21 і 22 студзеня. Пахаваюць мадэльера 23 студзеня ў царкве Маці Божай Вялікай (Санта-Марыя-Маджорэ).
Гаравані нарадзіўся 11 мая 1932 года ў невялікім горадзе Вогера недалёка ад Мілана. Пасля школы ён вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Мілане і Школе пры сіндыкаце высокай моды ў Парыжы, а таксама стажыраваўся ў французскіх мадэльераў Жана Дэсэ і Гі Лароша.
Вярнуўшыся ў Італію, ён адкрыў уласную швейную майстэрню ў Рыме і разам з Джанкарла Джамеці ў пачатку 1960-х гадоў заснаваў дом моды Valentino.
Пераломным у кар’еры Гаравані стаў 1962 год, калі адбыліся паказы ў Фларэнцыі і Нью-Ёрку. Кліентамі Валянціна тады сталі зоркі Галівуду, брытанская прынцэса Маргарэт. Да канца 1960-х гадоў Гаравані стаў лічыцца вядучым італьянскім куцюр’е, у гэты ж час яго буцікі пачалі адкрывацца па ўсім свеце.
У 1998 годзе Дом Valentino быў прададзены, аднак, нягледзячы на змену ўладальнікаў, Гаравані працягваў працаваць крэатыўным дырэктарам і мастацкім кіраўніком кампаніі да пачатку 2008 года.
Галоўнай асаблівасцю калекцый Valentino з’яўляецца элегантны абліпальны сілуэт, раскошныя тканіны і карункі, вытанчаная вышыўка і футравыя дэталі. Усё гэта, на думку самога Гаравані, падкрэслівае жаночую прыгажосць.
На радзіме Гаравані называлі «апошнім імператарам італьянскай моды». У 2008 годзе на 65-м Венецыянскім кінафестывалі быў прадстаўлены дакументальны фільм Мэта Тырнаура «Валянціна: Апошні імператар».
Знакаміты куцюр’е з’яўляўся ўладальнікам мноства ўзнагарод, сярод іх — прэмія Маркуса Нэймана, якая лічыцца найбольш прэстыжнай у свеце моды, вялікі крыж ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай». У 2009 годзе ён ганараваўся імянной зоркай на «Алеі стылю» на Радэа-Драйв у Беверлі Хілз.