Top.Mail.Ru

Іх жыццёвы вопыт — бясцэнны для маладзейшых пакаленняў

Каля 17 % ад агульнай колькасці насельніцтва ў Мінску — а гэта больш за 300 тысяч чалавек — грамадзяне ўзросту 65+, з іх старэйшыя за 90 гадоў — 8 тысяч чалавек, ва ўзросце 100 гадоў і больш — 109 чалавек. А самаму пажылому жыхару сталіцы 108 гадоў. Такой інфармацыяй падзялілася намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля КАРАВАЯ. За «сухімі» лічбамі — нашы бабулі і дзядулі, кожны з якіх заслугоўвае ўвагу і клопат. Напярэдадні свята даведаліся, што робіцца ў краіне для таго, каб старэйшае пакаленне жыло паўнавартасна і адчувала падтрымку ва ўсіх кірунках.


Сямейныя сувязі, працаўладкаванне, гурткі па інтарэсах

— Асноўныя кірункі работы з пажылымі грамадзянамі закладзены ў Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030», — адзначыла спікер. — Першы, мабыць, самы важны — палітыка, накіраваная на захаванне сямейных і падтрымку міжпакаленчых сувязяў. Важна ствараць культуру, у якой клопат пра старэйшых — не нейкая цяжкая павіннасць, а натуральная частка жыцця, крыніца мудрасці і традыцый.

Па рашэнні кіраўніка дзяржавы, пачынаючы з 2023 года, па ўсёй краіне напярэдадні навагодніх і калядных свят праходзіць акцыя «Ад усёй душы». Яе сутнасць заключаецца не толькі ў тым, каб усё грамадства звярнула ўвагу на пажылых людзей, але і каб у кожнай асобнай сям’і памяталі: бабулі і дзядулі маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце, падзялілася меркаваннем Наталля Каравая.

— Немалаважным аспектам таксама з’яўляецца працаўладкаванне пажылых грамадзян, — падкрэсліла спікер. — Са студзеня мінулага года скасаваныя абмежаванні ў выплаце пенсій людзям «сярэбранага» ўзросту, якія працуюць. У Мінску забяспечана магчымасць пошуку працы пенсіянерам у анлайн-рэжыме, таксама праводзяцца кірмашы вакансій.


Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання пажылых грамадзян, якое можна падзяліць на два віды. Першы — сацыяльныя паслугі, што аказваюцца маламабільным грамадзянам, другі — паслугі, што аказваюцца ў аддзяленнях дзённага знаходжання.

— Сярод пажылых людзей гуртковай клубнай дзейнасцю ахоплена больш за чатыры тысячы чалавек (у Мінску. — «Зв.»), — расказала Наталля Каравая. — Вельмі запатрабаваныя танцы, якія дазваляюць прафілактаваць дэменцыю. Апошнім часам набірае папулярнасць мадэлінг, на якім жанчыны ва ўзросце 60 і больш гадоў вучацца хадзіць па подыуме, прыгожа апранацца і ўпэўнена заяўляць пра сябе. 

У адным з тэрытарыяльных цэнтраў сталіцы сёлета рэалізуецца праект па навучанні навыкам макіяжу пажылых дам. Па-ранейшаму людзі «сярэбранага» ўзросту любяць вучыцца гульні на музычных інструментах. Цікавіць іх і сацыяльны турызм. Да яшчэ адной папулярнай актыўнасці можна аднесці ўдзел у валанцёрстве.

Найбольш даросламу валанцёру, па словах спікера, споўнілася 89 гадоў.

Калі патрэбна дапамога — побач БРСМ

Падтрымцы пажылых людзей удзяляе асаблівую ўвагу і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У рамках марафона «ДАБРО.БЕЛ» валанцёры ва ўзросце ад 
14 да 31 года штомесяц выконваюць тэматычныя заданні. Кастрычнік, па традыцыі, — час звярнуць асаблівую ўвагу на людзей старэйшага ўзросту, адзначыла начальнік аддзела па рабоце са школьнай моладдзю Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Анастасія БАРЫТКА.

— «Дабро старэйшым» і «Кірмаш дабра» — два асноўныя мерапрыемствы на гэты месяц, — дадала спікер. — У рамках першага з іх валанцёры арганізуюць комплекс тэматычных мерапрыемстваў для пажылых людзей — канцэрты, майстар-класы, выязныя прагулкі і многае іншае. Што датычыцца кірмашоў, валанцёры выязджаюць на месца іх правядзення і арганізуюць дапамогу там — даносяць цяжкія сумкі да дома або дапамагаюць з выбарам прадукцыі.
Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі таксама для зручнасці арганізаваны адзіны кол-цэнтр, у які могуць звярнуцца ўсе пажылыя людзі краіны, расказала Анастасія Барытка.

— Ён даступны з 14.00 да 18.00 штодня, — адзначыла спікер. — Звязацца можна па тэлефоне +375 17 311 89 89 — вам падкажуць дату кірмашу ў вашым горадзе ці населеным пункце і раскажуць, дзе менавіта будзе аказвацца валанцёрская дапамога.

Здароўе і даўгалецце пачынаецца задоўга да нараджэння

У гэтым перакананая загадчык маніторынгавага інфармацыйна-метадычнага аддзялення дзіцячага здароўя дзяржаўнай установы РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Ганна СІМЧАНКА.

— Менавіта здаровая жанчына можа вынасіць здаровае дзіця, — сказала спікер. — Маці і дзіця ўяўляюць сабой адзіную сістэму. Стан здароўя жанчыны да цяжарнасці будзе вызначаць і ўплываць на працягу цяжарнасці і пасля на здароўе дзіцяці. Пры гэтым адказнасць за гэта кладзецца не толькі на саму жанчыну. У гэтым працэсе ўдзельнічае і сям’я, у якой вырасла будучая маці, і сям’я, якую яна стварыла са сваім мужам.


Граматна выбудаваная сістэма звычак, навыкаў клопату пра сябе, пачынаючы ад правільнага харчавання і ладу жыцця, працягваючы прафілактыкай інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў, — такі падыход у наступным дазволіць рэалізаваць паўнавартасную здаровую цяжарнасць, рэпрадуктыўны патэнцыял.

— Першая тысяча дзён жыцця дзіцяці — «залатое акно», калі праграміруецца здароўе чалавека на дзесяцігоддзі наперад, — лічыць Ганна Сімчанка. — У гэты перыяд ідуць працэсы эпігенетычнага праграміравання: могуць актывавацца або не актывавацца гены, што адказваюць за захворванні, якія пасля выявяцца ў дарослага чалавека. Клапоцячыся пра здароўе дзіцяці сёння, мы закладваем яго ўзровень здароўя і якасці жыцця ў 30, 50 і 70 гадоў.

Актыўнае даўгалецце пачынаецца з сям’і. І яно датычыцца не толькі працягласці жыцця, але і здольнасці дарослага насельніцтва захоўваць сваю фізічную, сацыяльную, інтэлектуальную актыўнасць і заставацца ўключаным у жыццё сям’і і грамадства. Сувязь часоў — гэта здароўе не аднаго пакалення, а непарушнае ўзаемадзеянне паміж імі.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю