Наш карэспандэнт даведалася ў кантэнтмэйкераў, якія прыехалі ў сталіцу з розных куткоў краіны, чым запомнілася і якія ўражанні пакінула пасля сябе гэтая маштабная падзея.
Кацярына СКРЫННІКАВА, г. Слуцк:
— Гэта ўжо другі форум «Блог.Бай», у якім мы бралі ўдзел. Проста не маглі прайсці міма! Для нас гэта магчымасць пабачыцца з нашымі сябрамі-блогерамі, абмяняцца ідэямі і зарадзіцца энергіяй адзін ад аднаго. А яшчэ паказаць падпісчыкам, як выглядае праца знутры: заводы, аб’екты і рэальныя працоўныя будні. Гэта і ёсць жывы кантэнт, дзеля якога мы і вядзём блог.
Але спачатку мы нават не здагадваліся, што нас чакае на форуме. На адзін дзень мы сталі сапраўднымі праваднікамі на Беларускай чыгунцы! Задача была максімальна паглыбіцца ў прафесію: пазнаць усе тонкасці, адчуць рытм і адказнасць гэтай працы. Адправіліся ў дарогу на цягніку па маршруце Мінск — Анапа. Вядома, да Анапы мы не даехалі, але ў сапраўднае падарожжа і ў прафесію пагрузіліся спаўна: пазнаёміліся з раскладам, даведаліся, як рыхтуюць вагон да рэйса. Пагутарылі з калегамі і нават паспрабавалі весці ўлік пасцельнай бялізны і сачыць за камфортам пасажыраў: раздавалі пасцельную бялізну, разносілі гарбату і г. д.
Больш за ўсё здзівіла нават не тое, колькі ўсяго трэба паспець зрабіць за змену, а тое, наколькі гэтая дарога нас з мужам аб’ядноўвае. Я ўпершыню паспрабавала сябе ў ролі правадніка і быццам убачыла прафесію з самага жывога боку: кожны крок, кожнае дзеянне тут — пра клопат аб людзях. А мой муж Аляксей па адукацыі чыгуначнік — інжынер па транспарце і праваднік пасажырскіх вагонаў. Таму для нас гэта прыгода стала маленькай сямейнай гісторыяй.
Форум «Блог.Бай» у чарговы раз паказаў, як выдатна, калі ўдзельнікі не спаборнічаюць, а падтрымліваюць адзін аднаго. І, вядома, як па-новаму можна раскрываць тэму працы: не сухімі фактамі, а праз асабістыя эмоцыі, дэталі і нават маленькія супадзенні.
Дзмітрый ДЫЧАК, г. Віцебск:
— Пад вялікім уражаннем застаўся ад удзелу ў працоўным дэсанце «Адзін дзень у студэнцкім атрадзе». Наша група працавала на Мінскім аўтамабільным заводзе, на розных участках.
На адным, напрыклад, для зваркі выкарыстоўвалі спецыяльныя інструменты. Браць іх у рукі страшна не было — усё ж такі, я сталы мужчына, — але фізічна, вядома, нязвыкла. Да таго ж не адразу прывыкаеш да нязручнай пазіцыі ў замкнёнай прасторы. Справа, увогуле, няпростая. На тое яна і фізічная праца — тут трэба рукамі працаваць, а не кантэнт здымаць. Дапамагалі мы, дарэчы, у зборцы аўтобуса, а гэта вялікая адказнасць. Але затое цяпер магу з гонарам сказаць: прыклаў свае рукі да чагосьці, што будзе сапраўды прыносіць карысць людзям.
Увогуле, з задавальненнем пабываў у сталіцы на форуме «Блог.Бай. Трэці працоўны» — гэта магчымасць убачыць, вывучыць нешта новае, пазнаёміцца з выдатнымі людзьмі. Класны досвед! Атрымаў шмат станоўчых эмоцый.
Сяргей ЛОСЕЎ, г. Магілёў:
— Я быў удзельнікам двух папярэдніх форумаў «Блог.Бай», так што ведаў, наколькі гэта маштабнае мерапрыемства. Таму ні хвіліны не сумняваўся, удзельнічаць зноў ці не. А яшчэ вельмі хацелася сустрэцца з сябрамі — за тры гады ў нас склалася сапраўдная супольнасць блогераў з усёй Беларусі.
Тэму форуму трымалі ў сакрэце, таму чаканні былі рознымі. Так атрымалася, што я патрапіў у студэнцкі атрад на МТЗ. Дарэчы, для мяне праца машынабудаўніка не ў навіну: па першай адукацыі я тэхнік-тэхнолаг, калісьці працаваў на прадпрыемстве ў Магілёве. Але ў любым выпадку гэта новы досвед, зносіны з новымі людзьмі. Шчыра кажучы, з задавальненнем успомніў маладосць, зняў цікавы кантэнт.
Лічу, вельмі важна паказваць праз блогерства працоўныя спецыяльнасці: моладзь трэба далучаць, паказваць звычайную працу простага чалавека так, каб ім было зразумела і цікава, падтрымліваць такім чынам развіццё нашай эканомікі, нашай прамысловасці.
Увогуле, пагружэнне ў прафесію атрымалася на славу, таму і час праляцеў неўпрыкмет. Як і сам форум — толькі наталяешся яго крутой атмасферай, а ўжо трэба разыходзіцца і з’язджаць. Чакаем наступнага!
Аміна НАЗАРАВА
Фота з архіваў герояў і аўтара