Ігар Сяргееў, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве: Да міру праз дыялог
16.08.2025 | 16:30
Паводле слоў эксперта, сустрэча на Алясцы лідараў Расіі і ЗША, Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа, стане канструктыўным крокам да ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, які доўжыцца больш за 11 гадоў. Дыялог наспеў ужо даўно. Мяркуючы па першых момантах — дужаму поціску рукі, добраму настрою, складу дэлегацый у фармаце па тры чалавекі з кожнага боку, стала зразумела: размова пойдзе ў рэчышчы забеспячэння міру і бяспекі. Паведамленне аб тым, што кіраўнікі дзяржаў ляцяць з камандай спецыялістаў па эканоміцы, гандлі і іншых сфер дзейнасці, дазволіла выказаць здагадку аб магчымасці адмены санкцый і развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а значыць — выканання першараднай задачы — ўрэгулявання канфлікту.
Дыялог лідараў наймацнейшых дзяржаў усяляе надзею на больш хуткае завяршэнне зацяжнога канфлікту, аднаўленне кантактаў і далейшае плённае супрацоўніцтва. Вядома, што за некалькі гадзін да пачатку саміту Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з беларускім лідарам — Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта сведчыць аб завочным удзеле нашага Прэзідэнта і рэспублікі ў працэсе мірнага ўрэгулявання. Дасягнута дамоўленасць прадоўжыць кантакты. Не выключана, што ў далейшым магчымыя перагаворы і на тэрыторыі Рэспублікі паміж кіраўнікамі вядучых краін і лідарам аднаго з бакоў канфлікту.
Тое, што адбываецца паміж Расіяй і Украінай, брацкімі народамі, — вялікая трагедыя, боль якой будзе яшчэ доўга адгукацца ў сэрцах пацярпелых людзей і іх родных і блізкіх. У словах Уладзіміра Пуціна адчуваецца шчырасць і жаданне да ўстойлівага завяршэння варожых адносін. Як падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч, не трэба было даводзіць да баявых дзеянняў, гэта вялікая памылка. Каб выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны, трэба ліквідаваць усе першапрычыны, якія прывялі да крызісу. Прамова Дональда Трампа таксама ўсяляе надзею на станоўчы зыход дзелавой сустрэчы і нават на ўзаемавыгадныя і раўнапраўныя сувязі ў двухбаковым супрацоўніцтве.
Важна разумець, што Беларусь знаходзіцца на мяжы з бакамі канфлікту. Мы зацікаўлены і ў бяспецы нашых грамадзян, і ў захаванні жыццяў мірнага насельніцтва іншых краін. Спадзяемся на працяг дыялогу і абдуманае рашэнне аб міры.