Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з працоўным калектывам ААТ «Завод «Ветразь» у гарадскім пасёлку Бягомль Докшыцкага раёна. Тэма размовы — дасягненні Беларусі за апошнія 30 гадоў і бягучая выбарчая кампанія.
На сустрэчы з працоўным калектывам «Ветразя» Ігар Сергяенка абмеркаваў пытанні з розных сфер. Ён адзначыў, што калі развіваюцца рэгіёны, то развіваецца і краіна, а гэта асабліва актуальна ў Год добраўпарадкавання. Акрамя таго, кіраўнік дэпутацкага корпуса рэспублікі закрануў тэму фэйкаў і негатыўных укідаў у інтэрнэт-прасторы — як яны ўзнікаюць і як ім супрацьстаяць.
Усе прысутныя змаглі задаць Старшыні Палаты прадстаўнікоў пытанні. Адзін з працаўнікоў завода папрасіў спікера звярнуць увагу на стан раённай бальніцы і якасць медыцынскага абслугоўвання на Докшыччыне. Не адкладаючы справу надоўга, Ігар Пятровіч наведаў медустанову, пагутарыў з персаналам і пацыентамі. «Парадак бачу», — канстатаваў Ігар Сергяенка.
Наступным пунктам на маршруце Старшыні Палаты прадстаўнікоў стала ТАА «Докшыцкая швейная мануфактура», якое было створана ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» некалькі гадоў таму. Прадпрыемства займаецца вытворчасцю нацельнай бялізны, яго прадукцыя запатрабавана ў Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, Узбекістане і Казахстане. Сёлета мануфактура пераехала ў новы будынак. Цяпер тут працуюць 67 чалавек, а заработная плата дасягае 2800 рублёў.
«Добра, што ў невялікіх населеных пунктах у рамках праграмы „Адзін раён — адзін праект“ ствараюцца новыя працоўныя месцы. Дзякуючы такім прадпрыемствам рэгіёны дынамічна развіваюцца», — адзначыў Ігар Сергяенка.
У рамках рабочага візіту Старшыня Палаты прадстаўнікоў наведаў адзін з участкаў для галасавання ў Докшыцах з мэтай праверкі яго гатоўнасці да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама назірання за ходам датэрміновага галасавання. «На Віцебшчыне за два дні датэрміновага галасавання свой выбар зрабіла больш за 18 % грамадзян. Інфармацыя, якая паступае з участкаў, гаворыць аб тым, што людзі актыўна ідуць аддаць свой голас за таго кандыдата, які больш падыходзіць нашаму грамадству і які надалей будзе рухаць нашу краіну па шляху паступальнага развіцця. Упэўнены, што і ў наступныя дні яўка грамадзян будзе такой жа высокай», — заключыў Ігар Сергяенка.
Фота: БелТА