Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка правёў сустрэчу з паслом Пакістана

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Саджад Хайдэр Хан завяршае сваю дыпламатычную місію ў нашай краіне. Па традыцыі, заканчэнне кадэнцыі — нагода зверыць пазіцыі, даць ацэнку двухбаковым адносінам, вызначыць далейшыя перспектывы.


Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, летась, у год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі прайшло шэраг знакавых сустрэч, паездак на найвышэйшым узроўні. Найперш размова — аб афіцыйным візіце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан у канцы лістапада 2024 года. «Прайшлі сустрэчы з прэм’ер-міністрам, падпісана дарожная карта на 2025 — 2027 гады, што адкрывае новыя перспектывы развіцця нашага супрацоўніцтва», — канкрэтызаваў спікер. 

Таксама Ігар Сергяенка нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года прэм’ер-міністр нашай краіны Раман Галоўчанка прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якая адбылася ў Пакістане. Карыстаючыся выпадкам, Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў удзячнасць кіраўніцтву гэтай краіны за тое, што яна адной з першых ратыфікавала Мемарандум аб абавязацельствах Беларусі з мэтай атрымання статусу дзяржавы — члена ШАС. 

Развіваецца і міжпарламенцкае ўзаемадзеянне паміж краінамі, аб чым сведчыць візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі Пакістана на чале спікерам Нацыянальнай асамблеі Сардарам Садзікам у жніўні мінулага года. «Адбыліся зацікаўлены абмен меркаваннямі, размова парламентарыяў з аднаго і другога боку па канкрэтных пытаннях: і сацыяльна-эканамічнага развіцця, і грамадска-палітычнага развіцця, і ў цэлым па выбудоўванні дыялогу паміж парламентамі нашых краін, — удакладніў Ігар Сергяенка. — І самае галоўнае, тое, аб чым мы тады дамаўляліся (аб’ём дамоўленасцяў сур’ёзны), у цэлым выконваецца». 

У прыватнасці, падчас наведвання пакістанскай бізнес-дэлегацыяй Мінскага трактарнага завода быў падпісаны кантракт на пастаўку ў гэтую краіну 150 адзінак трактарнай тэхнікі, які ўжо рэалізаваны. «Прыемна, што ўсё гэта было ажыццёўлена з дапамогай парламентарыяў, — заўважыў спікер. — Вядома ж, дарожная карта, падпісаная кіраўнікамі нашых дзяржаў, прадугледжвае і стварэнне сумеснай вытворчасці, і выпуск гэтай тэхнікі ў большых значна аб’ёмах». 

Ігар Сергяенка таксама адзначыў асабісты ўклад пасла ва ўмацаванне культурна-гуманітарных сувязяў паміж краінамі і выказаў перакананасць у тым, што высокі ўзровень беларуска-пакістанскіх адносін будзе і далей служыць надзейнай асновай для дынамічнага развіцця супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. 

У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Саджад Хайдэр ХАН падзякаваў за добрыя словы ў яго адрас, а таксама ў адрас сваёй каманды. 

У размове з журналістамі Саджад Хайдэр Хан анансаваў візіт пакістанскай дэлегацыі ў Беларусь, які адбудзецца ў бліжэйшы час, а таксама сумеснае пасяджэнне парламенцкай камісіі, запланаванае на люты 2025 года.

«За 30 гадоў супрацоўніцтва паміж двумя краінамі падпісана каля 100 пагадненняў і мемарундумаў аб узаемапаразуменні, — падкрэсліў кіраўнік дыпламатычнай місіі. — Толькі 16 з іх былі падпісаны падчас апошняга візіту паважанага Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан, і яны закранаюць усе сферы: гандлёвыя адносіны, эканоміку, культурнае супрацоўніцтва, адукацыю, сферу абароны, а таксама парламенцкае супрацоўніцтва». Пры гэтым, па словах пасла, рэзервы яшчэ ёсць: прыярытэтным, на яго думку, бачыцца ўзаемадзеянне ў сферы транспарту, гандлю і інвестыцый, фармацэўтыкі і турызму.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю