Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка наведаў Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар» у Жодзіне

Наведванне Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар» у Жодзіне было прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама да 26-й гадавіны заснавання цэнтра.


На заканадаўчым узроўні штуршок развіццю такіх цэнтраў, як «Вектар», быў дадзены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 мая 2022 года № 160 «Аб дзейнасці ваенна-патрыятычных клубаў».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з дзейнасцю цэнтра і нагадаў, што за чвэрць стагоддзя яго існавання больш за дзве тысячы дзяцей прайшлі тут падрыхтоўку. «Вектар», па словах спікера, служыць выхаванню і навучанню дзяцей. «Дзеці атрымалі тут пэўныя навыкі, загартоўку. Упершыню, пэўна, адчулі тут пачуццё таварыства. І тое, што больш за 150 дзяцей, якія некалі былі часткай гэтага цэнтра, звязалі сваё жыццё са службай ва Узброеных Сілах Беларусі, органах унутраных спраў, Дзяржаўным пагранічным камітэце і іншых сілавых ведамствах, — добры паказчык. Навыкі, якія былі набыты тут, сталі добрай школай», — сказаў Ігар Сергяенка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што сёння толькі ў Мінскай вобласці функцыянуе каля 150 ваенна-патрыятычных клубаў. 

«Яны аб’ядноўваюць больш як 3,5 тысячы дзяцей, якія прыходзяць не па загадзе, не па патрабаванні настаўнікаў або бацькоў, а таму, што ім гэта цікава: тут ёсць элементы гульні, ваенная форма, дзяўчаты і хлопцы, у якіх ёсць чаму навучыцца, вопытныя педагогі і ваенныя кіраўнікі», — звярнуў увагу ён.

Экскурсію па цэнтры патрыятычнага выхавання «Вектар» правёў яго заснавальнік і нязменны кіраўнік Ігар Лазараў. Госці наведалі музей цэнтра, зазірнулі ў пакой адпачынку курсантаў, зброевы пакой. Далей іх чакала салдацкая каша, спевы пад гітару і душэўныя размовы з выхаванцамі цэнтра. Па перакананні Ігара Сергяенкі, уся гэта атмасфера спрыяе фарміраванню асобы чалавека-патрыёта.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што клубы ваенна-патрыятычнага выхавання ажыццяўляюць не толькі ідэалагічную, але і прафарыентацыйную работу. «Складана ацаніць карысць. Гэта дае свой плён праз час: у канкрэтных людзях, іх светапоглядзе. Немалаважна таксама тое, што цяжкія падлеткі са складаных сем’яў тут становяцца іншымі, уцягваючыся ў калектыў і займаючыся цікавымі захапленнямі разам з іншымі дзецьмі», — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён звярнуў увагу, што ў Жодзіне назапашаны пэўны вопыт такой работы, ёсць чатыры патрыятычныя клубы, задзейнічана і праваслаўная царква. «Гэта сур’ёзна дапамагае выхоўваць нашу моладзь. Напэўна, кожнаму хлопцу сёння цікава надзець форму, выйсці строем, паўдзельнічаць у спаборніцтвах з выкарыстаннем вучэбнай зброі», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Напрыканцы мерапрыемства ён падзяліўся з журналістамі ўласнымі ўражаннямі ад наведвання цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі. 

«Скажу галоўнае, на што звяртаеш увагу адразу, — на тое, якая тут атмасфера. Адзін кіраўнік, педагог, энтузіяст, былы вайсковец, які цяпер знаходзіцца ў запасе, дваццаць шосты год кіруе гэтым клубам. Праз клуб прайшлі дзве тысячы дзяўчат і хлопцаў. Многія з іх стварылі сем’і і прыходзяць сюды ўжо са сваімі дзецьмі. Самае галоўнае — маладыя людзі пачынаюць тут фарміравацца як асобы. Яны вучацца любові да Радзімы, разумеюць, як сёння можна абараняць Радзіму са зброяй у руках, што для гэтага трэба рабіць, займаюцца фізічнай падрыхтоўкай. Сюды прыходзяць дзеці ад 9 да 16 гадоў. Старэйшыя навучаюць малодшых. На такіх энтузіястах трымаецца ў асноўным гэта сістэма ваенна-патрыятычнай падрыхтоўкі», — адзначыў спікер.

Пасля наведвання Цэнтра патрыятычнага выхавання дэпутаты Палаты прадстаўнікоў усклалі кветкі да манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай у Жодзіне.

Фота БелТА

Загаловак у газеце: «Гэта сур’ёзна дапамагае выхоўваць нашу моладзь»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю