«Якіх-небудзь злачынстваў, злосных правапарушэнняў не зафіксавана, — удакладніў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. — Таксама не зафіксавана скаргаў у адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі: ні ад кандыдатаў, ні ад грамадзян. Былі адзіныя выпадкі фатаграфавання запоўненых бюлетэняў, спроба іх вынасу з участка».
Раней Ігар Карпенка казаў аб тым, што ў дзень выбараў 297 чалавек адзначае сваё 18-годдзе. «З іх 161 чалавек прыняў удзел у галасаванні», — канкрэтызаваў кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
З 00.00 да 20.00 гадзін 26 студзеня ў краіне нарадзілася 79 дзяцей: 46 хлопчыкаў і 33 дзяўчынкі.
Каменціруючы яўку выбаршчыкаў, Ігар Карпенка падкрэсліў, што прэзідэнцкія выбары заўсёды адрозніваюцца самай высокай яўкай. «І гэта абумоўлена ў першую чаргу тым, што пасада Прэзідэнта з яго паўнамоцтвамі — ключавая пасада ў палітычнай сістэме Рэспублікі Беларусь», — патлумачыў ён.
Пры гэтым кіраўнік ЦВК заўважыў, што Мінск традыцыйна галасуе крыху слабей. «Калі паглядзець статыстыку папярэдніх кампаній, яна прыкладна такая ж», — удакладніў ён.
Каменціруючы заявы шэрагу еўрапейскіх дыпламатаў аб непрызнанні выбараў у Беларусі, Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што на працягу 30 гадоў суверэннага развіцця наша краіна ні разу не дапускала падобнага. «Мы хоць раз умешваліся ў чыесьці выбары? — задаў ён рытарычнае пытанне. — Мы хоць раз рабілі нейкія заявы, што нам не падабаецца, як галасавала Польшча або куды гэту Калас (кіраўніка еўрадыпламатыі. — „Зв“.) накіравалі? Мы ж ніколі ў гэта не ўмешваліся! Можа, нам нешта і не падабалася, але мы заўсёды маўчалі. Па меншай меры, Цэнтральная выбарчая камісія ніякіх не давала каментарыяў».
Фота Лізаветы ГОЛАД