Гароднiна — гэта вiтамiны i мiкраэлементы, а таксама клятчатка для вывядзення з арганiзма таксiнаў i шлакаў. Гэта здароўе, бадзёрасць i свежы колер твару. I бледныя з прычыны вясновага авiтамiнозу гараджане iдуць на рынак па тое, што паспела ўжо вырасцi.
Выбар багаты, прычым не толькi ад паўднёвых суседзяў, але i з Беларусi — асаблiва ад фермераў i з парнiковых гаспадарак. Расказваем, што пачым.
Спрошчана экспертыза
Сярэдзiна красавiка адзначылася адразу двума дакументамi, якiя датычацца вытворчасцi i продажу гароднiны. Так, у адпаведнасцi з пастановай урада спрошчана працэдура экспертызы агароднiны на рынках краiны. Згодна з дакументам, нормы ветэрынарна-санiтарных проб шэрагу найменняў прадукцыi раслiннага паходжання, якая рэалiзуецца фiзiчнымi асобамi, зменшаны. Напрыклад, калi раней экспертыза патрабавала прадастаўлення не менш за 3 кг (або не менш за адну адзiнку) белакачаннай або чырвонай капусты, гарбузоў, кабачкоў, патысонаў, то цяпер — не менш за 1,5 кг (або не менш за адну адзiнку). Пастанова змяняе нормы адбору проб таксама i iншых прадуктаў раслiннага паходжання — квяцiстай i брусельскай капусты, кальрабi, дынь i кавуноў, а таксама спрашчае парадак перамяшчэння некаторых тавараў па Беларусi.
А 17 красавiка павялiчаны гранiчныя максiмальныя цэны на бульбу, цыбулю i белакачанную капусту: Савет Мiнiстраў унёс змяненнi ў сiстэму цэнавага рэгулявання. Пастанова № 713 накiравана на падтрымку айчынных вытворцаў. Максiмальны кошт нямытай бульбы ў беларускiх крамах цяпер устаноўлены на ўзроўнi 1,5 рубля за кiлаграм (раней — 1,11 рубля). Выраслi максiмальныя адпускныя i рознiчныя (аптовыя) цэны на капусту белакачанную i цыбулю рэпчатую. Цэн на раннюю капусту, чырвоную i белую (салатную) цыбулю, як i мытую бульбу, дакумент не закранае.
Агуркi-памiдоры
Ну а мы тым часам адпраўляемся на сталiчную Камароўку, каб паглядзець, пачым прадаюць гароднiну гэтай вясной, а таксама — што i ў якой колькасцi купляюць. Не памылюся, калi скажу, што з паняццем «свежая гароднiна» ў беларускага пакупнiка асацыiруюцца ў першую чаргу агуркi-памiдоры. Памiдораў у асартыменце мноства, геаграфiя паходжання шырокая — Дагестан, Азербайджан, Узбекiстан, Турцыя... Айчынныя раннiя таматы прайграюць паўднёвым насычанасцю афарбоўкi i памерамi, але цэны (цалкам чакана) досыць высокiя i на iмпартны, i на айчынны прадукт, бо на памiдоры яшчэ не сезон. Стартуе кошт ад 10-11 рублёў за кiло за цяплiчныя, беларускай вытворчасцi, i ад 14 за iмпартныя (пераважна азербайджанскiя). Зрэшты, буйныя, з глянцавымi блiскучымi бакамi азербайджанскiя таматы ёсць у асартыменце i па 24 рублi за кiло. За турэцкiя памiдоры просяць у сярэднiм 19 рублёў, а цана на малiнавыя «волаты» з Узбекiстана — аж 29 рублёў.
У сярэднiм адзiн азербайджанскi памiдор з тых, што па 19-20, «зацягвае» на 3,50. Заўважым, што, нягледзячы на «бледнасць», айчынныя раннiя памiдоры карыстаюцца попытам. Па iх нават выстраiлася невялiкая чарга. Што датычыцца прадуктаў харчавання, беларускi спажывец сёння аддае перавагу роднай вытворчасцi, i, як бачым, гэта не заўсёды пытанне цаны. Тым больш што, калi казаць пра афарбоўку i памеры нашых «паўночных» памiдораў, ёсць i прыемныя выключэннi.
— Нашы, дакладна нашы, беларускiя! — пераконвае прадавец. — Не сумнявайцеся. З Альшан, фермер вырошчвае.
Проста не верыцца, што такiя велiзарныя, яркiя таматы паспелi ўжо вырасцi ў нашых шыротах, калi i цяпла яшчэ амаль не было. Цэннiк на iх, праўда, таксама не маленькi — на ўзроўнi азербайджанскiх, 16 рублёў за кiлаграм. Адзiн такi памiдор важыць у сярэднiм 350–380 г, i выдаткаваць на яго давядзецца рублёў 5-6. Але, закупiўшы па адным «экзэмпляры» азербайджанскiх, узбекскiх i беларускiх таматаў (фермерскiх, з Альшан), я зрабiла выснову: i першыя, i другiя, i трэцiя маюць падобны, досыць «вадзянiсты» i крыху «штучны» смак. I, галоўнае, няма ў iх таго самага непаўторнага паху, якi i робiць памiдор смачным. Што рабiць, таматы ж гэтыя раннiя, а значыць, сонейка iм, вiдавочна, не хапiла. Так што марнаваць грошы на iх цяпер асаблiвага сэнсу няма, лепш пачакаць «сезона».
А вось агуркi ў асартыменце Камароўкi пераважна беларускiя, i яны, хоць i раннiя, досыць салодкiя, хрусткiя i маюць свежы агурочны водар. Караткаплодныя калючыя прадаюць па 7,56, доўгiя — па 6,49.
Для «баршчавога набору»
Яшчэ ў мiжсезонне беларускiя пакупнiкi актыўна наракалi на якасць бульбы ў крамах. На праблему звярнуў увагу i кiраўнiк дзяржавы. МАРГ правёў праверку наяўнасцi i якасцi бульбы ў 20 агароднiнасховiшчах краiны. Высветлiлася, што ў стабфондах «наш галоўны караняплод» ёсць у дастатковай колькасцi, а якасць бульбы прымальная. Акрамя таго, прадстаўнiкi Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю правялi праверкi асартыменту гароднiны «баршчавога набору» ў гандлёвых аб’ектах. Вынiкам усяго гэтага стала вышэйзгаданая пастанова № 713 Савета Мiнiстраў аб павелiчэннi максiмальнай адпускной цаны на бульбу i шэраг iншай гароднiны, а таксама вызначэнне максiмальнай цаны ў крамах на нямытую бульбу. Такiм чынам вырашаецца пытанне дыспарытэту цэн, з прычыны якога вытворцам было больш выгадна адпраўляць бульбу на экспарт, чым пастаўляць на ўнутраны рынак.
На Камароўцы бульбы дастаткова, розных сартоў i цалкам таварнага выгляду. Каштуе яна, праўда, не паўтара рубля, а ад 3 да 4,50 за кiло. Але гэта, зноў жа, агульнавядома з даўнiх часоў: па бульбу лепш iсцi на рынак. Там заўсёды даражэй, чым у крамах, затое бульба гарантавана смачная, з цвёрдай мякаццю i тонкай лупiнай, без «вочак» i зялёных плям.
Вяртаючыся да iншай гароднiны «баршчавога набору», заўважым, што цэны на кiлаграм морквы i буракоў стартуюць ад 2,50, хоць часцей просяць 3 рублi. У прыватнiкаў — даражэй — па 4.
— Затое паглядзiце, якая прыгожая! У нас, у Старых Дарогах, самая смачная морква ў Беларусi, — робiць рэкламу свайму тавару гаваркая бабуля за прылаўкам.
Прывезла яна на продаж i ўласны часнок («Наш часнок смачнейшы i больш духмяны, чым кiтайскi»), 2 рублi за буйную галоўку, а таксама корань хрэну.
— Бярыце цяпер, ён апошнi. У маi хрэн ужо не капаюць, таму што ён губляе сiлу, калi iдзе ў рост. У мяне тоўстыя каранi. У тоўстых каранёў мацнейшы смак. Тонкiя — слабаватыя...
Ужо ёсць на прылаўках ранняя капуста, яе прапануюць па 6,90 за кiлаграм. Беларуская цыбуля-«рэпка» каштуе 2,25 за кiло. Ярка-фiялетавай цыбуляй з Крыма можна парадаваць сябе аж па 20 рублёў за кiлаграм, у такую ж цану цыбуля салатная белая. Кабачкi ў продажы пакуль турэцкiя, каштуюць 10,99 за кiло. Цана на квяцiстую капусту (ёсць з Расii i з Францыi) — ад 4 да 8 рублёў, прычым расiйская — даражэйшая. Брокалi прадаюць па 8-12 рублёў за кiлаграм. Сцёблы сельдэрэю з Iрана прапануюць па 6,90, а беларускую фермерскую радыску — па 5.
Пачым... пак-чой?
З навiн, якiя з’явiлiся ў агароднiнным асартыменце гэтай вясной, — капуста пак-чой. Кiтайская навiнка прыйшлася даспадобы беларусам, распавялi прадаўцы. На смак гэта капуста адначасова падобная на нашу звыклую капусту, рукалу i лiставую салату. А калi казаць пра карысць кiтайскай агароднiны, то прадукт валодае цэлым спектрам каштоўных уласцiвасцяў, гэта скарбнiца вiтамiнаў i мiнералаў. Зрэшты, агароднiна не зусiм кiтайская — яе вырошчваюць у Давыд-Гарадку, i расце яна ў Беларусi выдатна, кажа прадавец, ён жа фермер. Непатрабавальная i б’е рэкорды па хуткасцi росту. Каштуе свежая капуста пак-чой крыху даражэй за кроп — 2 рублi за 100 грамаў (кроп, для параўнання, паўтара рубля за той жа аб’ём). Што з ёй рабiць? Тое ж, што i са звычайнай капустай. Есцi сырой у салатах, запякаць, варыць (але варыць — усяго некалькi хвiлiн, бо яе лiсцiкi вельмi далiкатныя).
Яшчэ адзiн трэнд гэтай вясны — свежая спаржа. Прыехала з Узбекiстана, прадаюць яе на Камароўцы па 20 рублёў за кiло. Паколькi беларускi пакупнiк пакуль да прадукту не прывык, на адным «агароднiнным» пункце спаржы звычайна на продаж — 2-3 пучкi.
Пытаюся, навошта яму. Суразмоўца тлумачыць, што для спартсменаў i, у прыватнасцi, бодыбiлдараў гэта каштоўны iнгрэдыент: дзякуючы высокаму ўтрыманню харчовых валокнаў — выдатны прэбiётык, акрамя таго, валодае нiзкiм глiкемiчным iндэксам, падтрымлiвае сэрца i дапамагае нармалiзаваць водны баланс. А яшчэ свежая спаржа каштоўная для будучых мам — у ёй шмат фолiевай кiслаты.— Спаржу свежую прадаяце? Забяру ўсё, што ёсць, — кажа высокi малады чалавек
Трэцяе новаўвядзенне агароднiннага асартыменту Камароўкi — брусельская капуста. Не замарожаная ў пачках, як усе мы прывыклi, а свежая. З таго ж Узбекiстана, за тыя ж 20 рублёў за кiло (хоць можна адшукаць i за 15). Гэты прадукт ужо таксама знайшоў сваiх прыхiльнiкаў, адзначыла прадавец. Тыя ж цяжарныя — iм гэтыя «лялечныя» качанчыкi дадаваць у рацыён рэкамендуецца для правiльнага развiцця нервовай сiстэмы плода. А таксама «сардэчнiкi», бо брусельская капуста багатая на магнiй i калiй, i дыябетыкi — агароднiна iм дапамагае нармалiзаваць узровень халестэрыну.
Фота аўтара