У сталiчным кiнатэатры «Перамога», як i па ўсёй нашай краiне, адбылася вялiкая прэм’ера: нацыянальная кiнастудыя «Беларусьфiльм» прадставiла дылогiю аб генацыдзе беларускага народа. Яна здымалася на працягу двух гадоў у шчыльным кантакце з Генеральнай пракуратурай Рэспублiкi Беларусь, па iнiцыятыве якой i з’явiлiся гэтыя карцiны. Яны змяшчаюць унiкальныя архiўныя кадры, успамiны сведкаў, каментарыi спiкераў. Перад праглядам усiм жадаючым прапаноўвалi пакаштаваць «лагерны» хлеб з вадой, пазнаёмiцца з выстаўкай Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, прысвечанай тэме генацыду i гiсторыi стварэння фiльмаў «Лагеры смерцi» i «Спаленыя вёскi».
Паказ пакiнуў вялiкiя ўражаннi ў першых гледачоў, сярод якiх быў i вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Каранік.
— Глядзець было маральна цяжка, хоць мае нервы натрэнiраваныя хiрургiяй, — падзялiўся ён. — Адна справа, калi ты пра гэтыя жахi чытаеш, iншае — бачыць архiўныя матэрыялы, глядзець на целы замучаных жанчын, старых, на смерцi дзяцей... Старэйшае пакаленне мне перадало праўду аб Вялiкай Айчыннай вайне, штосьцi ведаю па родзе сваёй дзейнасцi. Але, калi я гляджу на вочы цяперашняй моладзi, разумею, што для яе гэта — шок. У мяне пасля прагляду першая думка: мы доўга маўчалi, i вельмi правiльна, што мы нарэшце загаварылi, бо важна даносiць праўду аб нашай перамозе i якой цаной яна дасталася беларускаму народу. Гэта — гарантыя таго, што тыя падзеi нiколi не паўтарацца.
Лiчу непрымальнай тую iдэалогiю, якая прымала такiя страшэнныя антычалавечыя формы. Яна не мае права на iснаванне. Таму ўсе спробы яе рэабiлiтаваць, неяк абялiць, натуральна, выклiкаюць абсалютнае непрыманне ў кожнага разумнага чалавека.
На думку вiцэ-прэм’ера, гэтыя фiльмы важна паглядзець кожнаму беларусу. А яшчэ зрабiць усё магчымае, каб данесцi праўду пра вайну i замежнаму гледачу таксама.
Прысутнiчалi на прэм’еры i блiзкiя вядомага беларускага рэжысёра Аляксандра Анiсiмава, якi i зняў гэту дылогiю (на фiнальным этапе карцiну дапрацоўваў Уладзiмiр Луцкi з-за раптоўнай смерцi свайго калегi). «Вядома, гэтыя фiльмы глядзець вельмi няпроста. Не толькi таму, што бацька iх не змог завяршыць, але i таму, што разумееш, наколькi ў людзей не было выбару, не было нармальнага жыцця. Нават цяжка ўявiць сябе на месцы тых людзей, бо гэта не ўкладваецца ў галаве наогул», — гаворыць сын Аляксандра Анiсiмава Глеб.
Кацярына Акрутная, вядучы бiблiёграф аддзела апрацоўкi дакументаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, ужо некалькi гадоў па родзе сваёй працы мае дачыненне да вывучэння тэмы генацыду беларускага народа, таму не магла абмiнуць такую прэм’еру. «Гэтыя фiльмы — вялiкi ўнёсак у захаванне нашай памяцi, i такога кiно павiнна быць яшчэ больш, — кажа яна. — Iнфармацыi пра вайну многа, але, каб не заблытацца ў ёй i атрымлiваць сапраўды праўдзiвую iнфармацыю, важна чуць яе ад сведак эпохi».