«Наша сіла — у адзінстве!»
У сераду маштабны праект, прысвечаны 110-годдзю беларускай міліцыі, прайшоў у Гродне. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе міліцэйскага ведамства.

Інтэрактыўныя пляцоўкі і выступленні кінолагаў
У рамках марафону ў горадзе разгарнуліся лакацыі традыцыйнай рэспубліканскай акцыі МУС «За бяспеку — разам!». Яе правядзенне супала з 82-годдзем з дня ўтварэння міліцыі рэгіёна.
У Гродзенскай абласной філармоніі з самага пачатку работы інтэрактыўных пляцовак падраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС не змаўкаў рух. Жыхары і госці горада знаёміліся з работай вартавых парадку, аглядалі сучасную і рэтратэхніку, узоры ўзбраення спецпадраздзяленняў, прымяралі элементы экіпіроўкі і рабілі памятныя фатаграфіі.

Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікалі паказальныя выступленні кінолагаў. Чатырохногія напарнікі міліцыянераў дэманстравалі свае навыкі і традыцыйна збіралі мноства гледачоў.
Не пусцелі і кансультацыйныя пляцоўкі. На іх супрацоўнікі міліцыі расказвалі пра службу, адказвалі на пытанні наведвальнікаў, знаёмілі моладзь з магчымасцямі паступлення ў ведамасныя ўстановы адукацыі. А для самых актыўных гасцей былі падрыхтаваны конкурсы, тэматычныя фотазоны, прызы і сувеніры. Кожны мог знайсці занятак па душы.
Марафон «110 гадоў у адзіным страі!» у Гродне працягнуўся рытуалам памяці. Каля будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама адбылася цырымонія ўскладання да мемарыяла ў гонар супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк, начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў, прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі арганізацый, супрацоўнікі міліцыі, ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС, ветэраны, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.
Да мемарыяла ляглі кветкі ў знак падзякі за мужнасць і вернасць прысязе. Памяць аб загінулых праваахоўніках стала часткай агульнай гісторыі міліцэйскіх пакаленняў. Завяршылася памятная частка ўрачыстым узнагароджаннем супрацоўнікаў, прымеркаваным да 82-й гадавіны з дня ўтварэння абласнога УУС.

«Не проста серыя мерапрыемстваў»
Кульмінацыяй святочнага дня ў Гродне стаў грандыёзны канцэрт. На адной сцэне сустрэліся ведамасныя творчыя калектывы і зоркі беларускай эстрады. Для гледачоў падрыхтавалі насычаную музычную праграму: песні аб мужнасці, любові да Радзімы, вернасці службоваму абавязку і міліцэйскіх традыцыях нікога не пакінулі абыякавым.
Ад імя кіраўніка МУС Івана Кубракова прысутных вітаў намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк.
— Перш за ўсё хачу павіншаваць калектыў УУС Гродзенскага аблвыканкама з 82-й гадавінай з дня ўтварэння. Жадаю ўсім супрацоўнікам і ветэранам моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у службе! — звярнуўся да прысутных ён.

Дзмітрый Карзюк выказаў падзяку жыхарам Гродна за ветлівасць і гасціннасць, за цікавасць да марафону і магчымасць разам дакрануцца да гісторыі беларускай міліцыі.
— Такія сустрэчы асабліва каштоўныя тым, што аб’ядноўваюць розныя пакаленні і дазваляюць захаваць лепшыя традыцыі службы, — акцэнтаваў увагу намеснік міністра.
Мерапрыемства аб’яднала супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ветэранаў службы, членаў іх сем’яў і жыхароў Гродна. Яркія выступленні, знаёмыя песні і цёплая атмасфера зрабілі гэты вечар яшчэ адной важнай часткай вялікага свята.

У размове з журналістамі Дзмітрый Карзюк адзначыў, што старт ідэалагічнаму марафону даў міністр унутраных спраў 4 сакавіка 2026 года ў Палацы Рэспублікі.
— За гэты час марафон ужо аб’яднаў тысячы людзей і працягвае набіраць абароты, ахопліваючы ўсё новыя гарады і рэгіёны нашай краіны. Гэта не проста серыя мерапрыемстваў — гэта магчымасць расказаць пра гісторыю органаў унутраных спраў, успомніць тых, хто стаяў каля вытокаў службы, і паказаць, чым жыве міліцыя сёння. Упэўнены, наперадзе нас чакае яшчэ нямала цікавых сустрэч. Бо наша сіла — у адзінстве! — заявіў Дзмітрый Карзюк.

Працягваючы тэму захавання гісторыі беларускай міліцыі, намеснік міністра расказаў пра серыял «Слова афіцэра», які здымаецца сумесна з «Беларусьфільмам».
— Гэта праект, які ахоплівае 80-гадовую гісторыю беларускай міліцыі. Важна падкрэсліць, што ў здымках прымаюць удзел самі супрацоўнікі органаў унутраных спраў — як дзеючыя, так і ветэраны службы. Праз іх лёсы, успаміны і асабістыя гісторыі мінулае сустракаецца з сучаснасцю, дазваляючы паказаць, якой была міліцэйская служба і якой яна застаецца сёння. Упэўнены, серыял стане яшчэ адной магчымасцю захаваць памяць пра людзей і падзеі для будучых пакаленняў, — рэзюмаваў Дзмітрый Карзюк.


Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота МУС