Top.Mail.Ru

Густ інавацый і стратэгія росту: як прайшоў V Міжнародны сімпозіум кандытараў у Мінску

16 і 17 красавіка ўзбярэжжа Заслаўскага вадасховішча стала эпіцэнтрам міжнароднага гастранамічнага дыялогу. Пяты, юбілейны сімпозіум Food Prom Confectionery-2026 сабраў у «Robinson Club» каля 300 дэлегатаў з дзевяці краін свету: Беларусі, Расіі, Кітая, Швейцарыі, Італіі, Польшчы, Чэхіі, Францыі і Германіі. Пакуль эксперты абмяркоўвалі глабальныя выклікі, айчынныя фабрыкі прэзентавалі навінкі, здольныя перавярнуць уяўленне аб традыцыйных дэсертах.


Эканоміка смаку: стратэгія на 300 мільёнаў

Мінулы форум стаў не толькі пляцоўкай для абмену вопытам, але і трыбунай для агучвання амбіцыйных планаў развіцця галіны да 2030 года. На дадзены момант ёмістасць унутранага кандытарскага рынку Беларусі складае 200 тысяч тон, пры гэтым доля айчынных прысмакаў упэўнена трымаецца на адзнацы 64%. Аднак спыняцца на дасягнутым вытворцы не плануюць.


Кіраўнік канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў, аналізуючы поспехі апошніх гадоў, адзначыў, што прысутнасць беларускіх тавараў у розніцы вырасла з 60% да 63,5%. 

«Да 2030-га мы ставім нашым вытворцам задачу давесці паказчык да 70 працэнтаў», — падкрэсліў кіраўнік галіны. 

Асноўны ўпор будзе зроблены на цукрыстыя вырабы, дзе патэнцыял росту яшчэ вялікі, у той час як у мучным сегменце айчынныя брэнды ўжо дамінуюць (звыш 70%).


Расце і міжнародны аўтарытэт: па выніках 2025 года экспарт кандытарскай прадукцыі перавысіў 300 млн долараў. Беларускія вырабы сёння пастаўляюцца ў 45 краін, уключаючы Расію, Кітай, краіны Сярэдняй Азіі і Афрыкі. Як адзначыў першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Аляксандр Бурак, поспеху на знешніх рынках спрыяе тое, што 50% беларускіх стандартаў у гэтай сферы цалкам гарманізаваныя з міжнароднымі нормамі.

Цэнавае зацішша і гандлёвая экспансія

Для звычайнага пакупніка найважнейшым вынікам сімпозіума стаў прагноз кошту любімых ласункаў. Дзякуючы таму, што ў першым квартале 2026 года закупачныя цэны на какава-бабы знізіліся ў 3–3,5 раза адносна пікавых значэнняў мінулага года, кіраўніцтва «Белдзяржхарчпрама» запэўніла: росту рознічных цэн на шакалад і цукеркі сёлета не прадбачыцца.

Паралельна пашыраецца інфраструктура продажаў. Сёння ў рэспубліцы функцыянуюць 292 фірменныя крамы, 198 з якіх развіваюцца па мадэлі франчайзінгу. Толькі за мінулы год сетка папоўнілася 17 аб’ектамі, а ў планах на 2026-ы — запуск яшчэ дзесяці сучасных гандлёвых пунктаў па ўсёй краіне.


Інавацыі: ад шкварак да кактуса

Тэхналагічная выстава ў межах форуму паразіла ўяўленне самых патрабавальных гурманаў. За 2025 год і пачатак 2026-га беларускія майстры паставілі на вытворчасць 95 новых найменняў вырабаў, 60 з якіх прызнаны інавацыйнымі. 

Бабруйскі «Чырвоны харчавік», дзе толькі за год укаранілі больш за 50 рэцэптур, прадставіў экстравагантную халву са смакам шкварак і карамелізаванай цыбулі, а таксама зефір «Бела-Кола». «Камунарка» здзівіла цукеркамі са смакам маліны і кактуса, зрабіўшы акцэнт на пашырэнні легендарнай серыі «Любімая Аленка». «Спартак» прэзентаваў батончыкі «Za SPARTAK» з фісташкай і прэміяльны квадратны шакалад «Impresso». У гэты ж час «Чырвоны Мазыранін» прадэманстраваў вытанчанасць для эстэтаў — зефір з лавандай на агары і ірыс з марской соллю, а «Слодыч» прадставіў «супер-кіслыя» навінкі для моладзі.


Завершыўся сімпозіум урачыстым узнагароджаннем пераможцаў конкурсу «Кандытарскі Алімп-2026». Найлепшыя прадукты атрымалі права на эксклюзіўную маркіроўку, якая чарговы раз пацвярджае: беларуская кандытарская школа паспяхова канкурыруе з сусветнымі гігантамі, захоўваючы вернасць якасці і смеласць у эксперыментах.

Марыя АСМАЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю