Анамальная засуха ў Францыі можа прывесці да змены смаку і колеру некаторых папулярных відаў сыру.
Засуха прывяла да высыхання пашы ў горным масіве Юра, таму фермеры вымушаны раней часу карміць кароў сенам, якое было нарыхтавана на зіму. «Цяпер каровы ядуць толькі сена, хоць павінны знаходзіцца на лугах і есці траву. Трава на лугах зараз на ўзроўні 2 см. Карова можа з’ядаць да 20 кг травы ў дзень. Мы кормім іх сенам, але яго можа не хапіць на зіму», — сказаў адзін з фермераў.
Па словах супрацоўніцы адной з сыраварняў, кармленне кароў сенам ужо адбілася на малацэ. Яно стала белым, хоць звычайна яно жаўтлявага колеру. «У выніку папулярны сыр контэ будзе з больш белай мякаццю, як гэта адбываецца зімой. Смак таксама адрозніваецца», — сказала яна.
З-за зніжэння ўраджаю кармавых культур уладам таксама прыйшлося часова змякчыць патрабаванні да вытворчасці шэрагу французскіх сыроў, такіх як бафор, рэблашон, канталь, абанданс і фурм-д’Амбер.
Па даных метэаралагічнай службы Mеtеo-France, тэмпература паветра ў Францыі 6 верасня дасягнула 40,3 градуса, устанавіўшы новы нацыянальны рэкорд для першага месяца восені.