Гурбы плавяцца, або Куды знікае сталічны снег?
З ёю працэс прыборкі снегу не толькі зручны, але і экалагічны. Асабліва актуальная работа станцыі гэтай зімой, багатай на халодныя ападкі. Карэспандэнты «Звязды» вырашылі паглядзець, як усё адбываецца, і даведацца, у чым унікальнасць дадзенага метаду.
Ахвотных шмат
Вялікая чарга грузавікоў з Ленінскага, Партызанскага і Заводскага раёнаў выстраілася доўгай змейкай па шашы, што вядзе да снегаплавільнай станцыі на Машынабудаўнікоў, 43. У асноўным гэта велікагрузы «Рамаўтадара».
«І колькі прыходзіцца стаяць у чарзе?» — пытаемся ў аднаго з кіроўцаў, які заходзіць у цёплае памяшканне кантрольна-прапускнога пункта для афармлення дакументаў. «Мы возім са сваёй тэрыторыі — „Мінскія кабельныя сеткі“. Кожны дзень разы два-тры. Чарга вялікая, бывае, стаім гадзіну-паўтары», — падзяліўся кіроўца.
Як патлумачылі на станцыі, колькасць прывезенага снегу залежыць ад умоў надвор’я. Гэта сезонны аб’ект з пачатку снежня да сакавіка ўключна і незалежна ад таго, якія ўмовы надвор’я. Працуюць тут у кругласутачным рэжыме. Станцыю абслугоўвае 16 чалавек.
На кантрольна-прапускным пункце нас вітае пазітыўная, але строгая працаўніца станцыі. «Кожную машыну рэгіструю, афармляю нумары транспартных сродкаў, пуцявыя лісты, кубатуру. Потым усё гэта падсумоўваецца ў адным рапарце, запісваецца па прадпрыемстве. Я кантралёр кантрольна-прапускнога пункта. Правяраю наяўнасць вялікіх буйных ільдзяных камакоў». — «Працы шмат?» — цікавімся. «Ну, каля 500 машын у суткі. Таму, вядома, шмат. Працуем па дванаццаць гадзін», — дзеліцца яна. Просім паглядзець для кадра ў фотааб’ектыў, адказвае, што нават няма калі: у маленькае цёплае памяшканне адзін за адным заходзяць кіроўцы. «Вось, аказваецца, дзе ўсе хлопцы горада — вывозяць снег», — уносім крыху гумару ў сур’ёзную справу. «Абажаю я гэтых хлопцаў!» — смяецца ў адказ кантралёр.
Растае на вачах
Выходзім на кампактную пляцоўку, на якой усё і адбываецца. Суправаджальнік падводзіць нас бліжэй, але папярэджвае, што знаходзіцца тут вельмі небяспечна. «Насупраць кожнага пад’езду да драбілак ёсць святлафор. Падаецца зялёнае святло, і грузавік пад’язджае — высыпае снегавую масу на драбілкі, каля якіх пасля маленькі пагрузчык падбірае рассыпаны снег», — тлумачаць нам. Бачым, што ў кузаве частка снегу засталася. Кіроўцу трэба час, каб усё вытрасці. Па лесвіцы падымаемся ў аператарскую будку. Тут знаходзіцца апарат для кіравання драбілкамі. Аператар сочыць за напаўняльнасцю драбілак і запускае іх. «Бачыце, снег прыліп і ніяк не хоча вытрасацца з кузава. Калі не атрымаецца вытрасці прыліплую масу, паедзе адбіваць на ямы без шнэкаў. А калі ж снег высыпаецца хутка, на абслугоўванне невялікага грузавіка ў сярэднім патрабуецца дзве з паловай хвіліны, для вялікай машыны — тры з паловай», — адказвае аператар. Пытаемся ў мужчыны: няўжо вялізныя кавалкі ад бардзюра, жоўтыя бетонныя паўсферы, бартавыя камяні, што ляжаць абапал металічнай агароджы на тэрыторыі, прывезлі са снегам? «Так, гэта ўсё было ў кузаве сярод снегу. Такое недапушчальна. З-за бетоннага „грузу“ ламаюцца драбілкі. За парушэнне правіл складаецца акт, — тлумачыць ён. — Уявіце, колькі з усіх раёнаў збіраецца ўсяго: і сметніцы, і бардзюры, і дровы, і паддоны трапляюцца. Усё, што правальваецца ў драбілку, трапляе на глыбіню шэсць метраў у спецыяльныя чатыры кошыкі. Іх падымаем, чысцім, выстаўляем назад», — падзяліўся аператар драбілкі.
Эрганамічна і экалагічна
У чым жа ўнікальнасць метаду ачысткі з дапамогай снегаплавільных станцый? — спыталі намесніка начальніка вытворчасці «Мінскачыствод» УП «Мінскводаканал» Наталлі Паляковай: «Бясспрэчна, у ім ёсць свае плюсы. Метад больш экалагічны. Да таго, як у нас з’явіўся снегаплавільны пункт, увесь снег горада складзіраваўся на пляцоўках, і цяпер часткова, бо наш аб’ект не пакрывае ўсю патрэбу горада ў прыёмцы снегу па магутнасці. Але мы значна паменшылі негатыўнае ўздзеянне на экалогію ад бруднай масы. Сабраны снег не заўсёды чысты: з вулічнага дарожнага пакрыцця, з прымесямі аўтамабільнага масла і розных забруджванняў. Талы снег асядае ў зямлю з дробным смеццем, вулічным дваровым сумётам, буйнымі механічнымі ўключэннямі, тратуарнай пліткай альбо каменем. Усё гэта застаецца пры раставанні снегу на гэтых пляцоўках і пасля патрабуе вывазу смецця ці вызначэння месца ўтылізацыі. Глеба павінна падвяргацца мерапрыемствам па аднаўленні.
Калі параўноўваць затраты арганізацый пры вывазцы снегу на палігоны і на снегаплавільную станцыю, вядома, прывезці да нас будзе выгадней. Станцыя знаходзіцца ў горадзе, і траекторыя руху транспартных сродкаў нашмат меншая. З пункту гледжання арганізацыі і дастаўкі снегу, вядома, эканомія будзе — фінансавая і часавая», — патлумачыла спецыяліст.
Тэхнічны бок працэсу
Наталля Палякова расказала, куды трапляе снег пасля драбілкі: «Пункт знаходзіцца на тэрыторыі насоснай станцыі — адной з самых буйных у краіне. Прынцып работы такі: машына выгружае снег на драбілкі. Шнэкі круцяцца і здрабняюць снежную масу, якая падае разам са сцёкавай вадой у каналізацыю, за кошт тэмпературы вады ў 17-18 С° снег плавіцца, і атрымліваецца сумесь талай вады і сцёкавай. Яна праходзіць у прамавугольныя калідоры-рэзервуары, у працэсе чаго снег датопліваецца да аднароднай кансістэнцыі. Ва ўнутраных пескалоўках асядае пясок і буйныя часцінкі. На выхадзе з камеры стаяць смеццеўтрымлівальныя кошыкі. Трапляюцца пластыкавыя бутэлькі альбо галінкі, якія не патанаюць. І далей вада ідзе ў гарадскую каналізацыю праз насосныя станцыі і перапампоўваецца ў Шабаны на Мінскую станцыю. Прынцып работы даволі просты. Знешне вы гэтага не ўбачыце. Уся каналізацыя з горада, у тым ліку з гэтага аб’екта, адпраўляецца на Мінскую ачышчальную станцыю. Вада з аб’екта праходзіць усе стадыі ачысткі, як і гарадская. У выніку выйдзе ў раку Свіслач ужо чыстай, — патлумачыла суразмоўніца.
Працуем на максімалках
Мінулы год аказаўся самы маласнежны. За ўвесь леташні сезон снегаплавільны пункт уключаўся аднойчы. «Прывезлі літаральна пару машын снегу. Нягледзячы на гэта, персанал усё роўна знаходзіўся на пункце», — падзялілася Наталля Палякова.
Па яе словах, самым загружаным быў сезон 2020–2021 — вывезена 94,700 тыс. м3 снегу. Сезон 2023–2024 вельмі падобны да 2020-2021: снегу вывезена 94 тыс. м3. Ёсць вялікая верагоднасць, што 2026-ы рэкорд паб’е. «На бягучы момант з пачатку сезона прынялі 79 тыс. м3 снежнай масы. Максімальны рэкорд — 94,700 тыс. м3 за ўвесь сезон, а на раніцу 23 студзеня маем 90,3 тыс. м3. Яшчэ не перасягнулі гэту мяжу, але, улічваючы, што зіма не скончылася і паўтара месяца наперадзе, адназначна павялічым дасягнуты паказчык», — паведаміла яна.
Мы спыталі ў Наталлі Паляковай, як працавала станцыя падчас цыклону «Улі-Фрэнсіс».
«Снегапад пачаўся 9 студзеня, а максімальныя патокі машын пачалі прыходзіць 10-га. Зразумела, на прыборку, пагрузку і выгрузку патрэбны час. Пункт працаваў на максімальных сваіх хуткасцях і ў прынцыпе прадаўжае так працаваць. Бо снегапад прайшоў, гурбы снегу засталіся. Пяць тысяч кубаметраў снегу — гэта праектная магутнасць. Працуем крыху з перавышэннем», — патлумачыла спецыяліст.
У тэму
Сталічныя службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі працягваюць планавыя работы па прыборцы навіслага снегу, наледзі і ледзякоў на дахах шматпавярховак. Аднак мінчане скардзяцца, што ледзякі раз-пораз бачныя на дахах дамоў, а навіслыя снежныя масы ніхто не ачышчае. Мы звярнуліся па каментарый у ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», каб даведацца, якая вядзецца работа па гэтым пытанні ў зімні сезон.
«Штодня ЖЭУ раёнаў праводзіцца работа па аглядзе жылых дамоў для выяўлення небяспечнага нагрувашчвання снегу і наледзі, а таксама ўтварэння ледзякоў на дахах. У першую чаргу абследуюцца скатныя дахі. Усяго на тэхнічным абслугоўванні КУП ЖКГ раёнаў г. Мінска знаходзіцца 1771 жылы дом са скатным дахам. Дадзеныя работы выконваюцца спецыяльна навучанымі работнікамі ЖЭУ. Да цяперашняга сезона для выканання дадзеных работ навучана 160 чалавек, створана 113 звёнаў. Месца працы заўсёды агароджваецца сігнальнай стужкай, пешаходаў папярэджваюць пра магчымую небяспеку. Усе эксплуатацыйныя арганізацыі ўкамплектаваны патрэбнай прыладай і сродкамі індывідуальнай абароны для выканання дадзеных работ. Па стане на 23 студзеня 2026 года ачышчана 90 % дахаў, — паведамілі ў ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».
Гэты студзень здзівіў моцнымі маразамі і вялікімі снегападамі. Цыклон «Улі» падкінуў «гарачыні» ў працу камунальнікаў. Людзі пытаюцца, ці ўвойдзе гэта ў аплату «жыроўкі», бо на ліквідацыю наступстваў непагадзі, напэўна, выдзяляюцца немалыя сродкі з бюджэту.
Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Вольга ДРАПЕЙ патлумачыла, што падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прысядзібнай тэрыторыі шматкватэрнага жылога дома ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту горада Мінска. Але ёсць выключэнне. Падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прысядзібнай тэрыторыі, перададзенай у арэнду ці для абслугоўвання жылых дамоў арганізацыям уласнікаў, арганізацыям, што маюць ва ўласнасці, валоданні або карыстанні аб’екты жыллёвага фонду, ажыццяўляюцца імі за кошт уласных сродкаў.
Яна таксама дадала, што плата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі (вываз смецця) разлічваецца па субсідзіруемых тарыфах для насельніцтва зыходзячы з нарматываў утварэння цвёрдых камунальных адходаў і колькасці грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства ці знаходжання, гэта значыць, аплата залежыць ад зацверджанага тарыфу і колькасці зарэгістраваных у кватэры, — расказала спецыяліст.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД