... Першыя спектаклі ў Гродне праходзілі ў будынку тэатра гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, пабудаваным у 1780-я гады. У 1859-м ён быў павялічаны за кошт прыбудоў, у 1940-м надбудаваны 3-ці паверх, у 1975 праведзена рэканструкцыя. Сам жа гродзенскі абласны драмтэатр быў створаны ў верасні 1947 года на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. Першым мастацкім кіраўніком тэатра стаў Мікалай Аляксандравіч Кавязін. Адкрыўся тэатр 20 кастрычніка 1947 года спектаклем «Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага.
Паводле ўспамінаў былога дырэктара «Гроднаграмадзянпраекта» Аляксандра Собалева, сярод варыянтаў для будаўніцтва драмтэатра былі розныя месцы ў Гродне: месца, дзе стаяла фара Вітаўта, і гасцініца «Беларусь», і левы бераг Нёмана.
Аляксандр Васільевіч Собалеў — ураджэнец Мінска. Скончыў Беларускую, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, а праз два гады аказаўся ў Гродне.
— У мяне тады на руках былі жонка і дзіця. У Мінску прапісацца я не мог — ездзіў па камандзіроўках. Пачалі адпраўляць на работу ў вобласці. У 1962 годзе прыехаў у Гродзенскую вобласць і... пашкадаваў. Сам са сталіцы, а тут такое дно: працавалі шэсць чалавек, пісалі алоўкамі, лічылі ўручную, — успамінае Аляксандр Собалеў. — Мая задача была вызначыць перспектыўныя вёскі, якія павінны былі застацца і забудоўвацца. Аб’ездзіў шмат калгасаў вобласці. Падрыхтаваў матэрыял аб перабудове гродзенскай вёскі, за які першы сакратар абкама партыі Леанід Герасімавіч Кляцкоў узнагародзіў медалём «За доблесную працу».
— Потым прапанавалі працаваць у Гродзенскім абкаме КПБ. Не хацеў. Адбіваўся, як мог: у абкаме мне плацілі 130 рублёў, а ў інстытуце атрымліваў 260, 350 рублёў за месяц. Але быў камуністам і пайшоў. Займаўся скаргамі жыхароў горада Гродна: туалеты на вуліцы, домікі старыя, у падвалах — пацукі і мышы, ацяпленне пячное, вады няма, вуліцы разбітыя, — расказвае Аляксандр Собалеў.
Пры гэтым ён лічыў, што яго галоўная задача была захаваць усё найлепшае, што было створана папярэдниками, у тым лику старую частку горада.
Пад кіраўніцтвам Аляксандра Собалева былі спраектаваны дзесяткі аб’ектаў, уключаючы некаторыя будынкі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, аэрапорт у Абухава, будынак аблвыканкама, чыгуначны вакзал і прывакзальная плошча, абласны псіханеўралагічны дыспансер, храм на вуліцы Курчатава, корпус абласной бальніцы і многія іншыя.
— Памятаю, як нам даручылі зрабіць праект плошчы Леніна. Там тады стаялі дзве бярозы, каля моста будыніна і нейкая канава была, а па генплану цэнтр горада быў побач з Каложай, — успамінае Аляксандр Васільевіч. — Доўга думалі, дзе «пасадзіць» бальніцу хуткай дапамогі: Ленінскі раён — сабе, Кастрычніцкі — сабе, горад — сабе. Праект прывезлі з Мінска. А храм на Курчатава з’явіўся дзякуючы айцу Уладзіміру. Ён прыйшоў у інстытут і сказаў, што вырашыў будаваць храм, а грошай няма. Я прапанаваў яму сабраць паперы і ўзаконіць гэтае месца. Праект яшчэ не быў цалкам гатовы, але пад храм ужо быў выкапаны катлаван і закладзены падмурак.
Дарэчы, у 1966 годзе гродзенская газета надрукавала артыкул пра тое, якім будзе драматычны тэатр у Гродне і дзе менавіта ён будзе пабудаваны. Як паведамлялася, месца абрана па вуліцы Ажэшкі, на беразе ракі Гараднічанкі каля помніка Элізе Ажэшка. Раку пры гэтым планавалі зрабіць «схаванай», а тэатр быў разлічаны на 800 месцаў. Але гэты праект драматычнага тэатра не быў рэалізаваны.
На тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца Гродзенскі драматычны тэатр, раней стаяў мураваны касцёл Нараджэння Панны Марыі і кляштар бернардзінцаў. Ён быў пабудаваны ў 1621-1651 гадах і быў адной з дамінант правабярэжжа Нёмана.
Падчас вайны касцёл быў пашкоджаны, але некаторыя гісторыкі лічаць, што стан яго сцен быў здавальняючым і яго можна было аднавіць. Аднак пасля вайны касцёл было вырашана разабраць пад тэатр. Як мяркуецца, касцёл быў разабрана ў 1961 годзе, а на яго месцы ўтварылася пустая пляцоўка.
— Ездзіў у Маскву да архітэктара, думалі, які драмтэатр праектаваць. Мы два месяцы ламалі галовы і перабралі столькі варыянтаў. І якраз тады ў Савецкім Саюзе быў запушчаны месяцаход. Так і нарадзілася ідэя будынка тэатра. Паколькі пад будучым будынкам быў падземны ход глыбінёй з два такія драмтэатры, то ў праект закладзена столькі металу, што пры любым землятрусе ўсё развалілася б, але драмтэатр стаяў бы, — сказаў у інтэрв’ю былы дырэктар «Гроднагражданпраекта» Аляксандр Собалеў.
Аўтар праекта новага будынка Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра — архітэктар Генадзь Мачульскі. Сам праект распрацаваны ў дзяржаўным інстытуце праектавання сістэмы тэатральна-відовішчных прадпрыемстваў «Гіпратэатр».
Узводзіць яго вырашана было з цэглы і зборнага жалезабетону: глядзельная зала з амфітэатрам і балконам на 700 месцаў, вестыбюль і фае, а таксама адміністрацыйны корпус з малой глядзельнай залай на 216 месцаў на першым паверсе. У падвале — рэпетыцыйная зала, акцёрскія, дыспетчарская, склад для дэкарацый. Ініцыятарам будаўніцтва новага будынка тэатра быў Сяргей Цярэнцьевіч Кабяк, які ў той час займаў пасаду старшыні аблвыканкама.
31 сакавіка 1984 года ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё будынка новага драматычнага тэатра.
На думку гісторыка архітэктуры Яўгена Аснарэўскага: «Гродзенскі драмтэатр з’яўляецца адным з самых значных помнікаў усяго савецкага мадэрнізму і адным з найлепшых узораў архітэктуры мадэрнізму ва Усходняй Еўропе».