Top.Mail.Ru
236

«Гродзеншчыну з вышыні птушынага палёту» можна ўбачыць на выставе ў Санкт-Пецярбургу

Выстава работ гродзенскага фотамастака, кіраўніка народнай студыі фотамастацтва «Гродна» Аляксандра Ласмінскага прадстаўлена ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БелТА.



У горад на Няве прывезлі збор лепшых работ Аляксандра Ласмінскага з цыкла «Гродзеншчына з вышыні птушынага палёту», які ўвайшоў у яго аднайменны фотаальбом, што выйшаў у выдавецтве «Беларусь». Самыя першыя здымкі аўтар зрабіў больш за дзясятак гадоў таму з адкрытых дзвярэй самалёта Ан-2. Тады яшчэ не было дронаў, аўтар бачыў родную беларускую зямлю з неба на свае вочы, таму калекцыя застаецца ўнікальнай. Яе ўбачыў і запрасіў у Санкт-Пецярбург падчас свайго нядаўняга падарожжа па Беларусі і сустрэчы з калектывам народнай студыі фотамастацтва «Гродна» вядомы расійскі фатограф, старшыня Саюза фотамастакоў Санкт-Пецярбурга Аляксандр Дымнікаў. 

На здымках — старадаўнія цэрквы ў Сынкавічах і Мураванцы, Гродзенская Каложа, замак у Гродне, старажытная архітэктура і сучасны горад. Перад гледачом адкрываюцца шматкаляровая геаметрыя дагледжаных палёў, звілістыя змейкі невялікіх рэчак, камбайны каля краю нівы і золата пшаніцы напярэдадні жніва. Адметнасць выставы — брэндавы здымак «Сэрца зямлі беларускай» з выявай астраўка зялёнага лесу ў форме сэрца на фоне раллі. 

«Я ўлюбёны ў гэтую зямлю, — кажа Аляксандр Ласмінскі. — Таму папулярызую яе на выставах і ў фотаальбомах, каб як мага больш людзей з розных краін таксама палюбілі Беларусь і маю гродзенскую зямлю, сталі назаўжды яе сябрамі».


Выстава ў Санкт-Пецярбургу на Васільеўскім востраве будзе працаваць да 31 жніўня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю