Ігар Саратокін у свае 56 гадоў вучыцца на другім курсе ў магістратуры. Але ён не адзіны такі. Толькі ў ГрДУ імя Янкі Купалы ёсць магістранты, якім за 50, 60 і нават 70 гадоў. Ігар — той з іх, хто пагадзіўся расказаць пра сябе.
У пошуку адказаў
Мужчына працуе выкладчыкам у Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы імя Івана Шчаснага, але яго другая вышэйшая адукацыя ніяк не звязана з першай і, увогуле, з кар’ерай. Большую частку свайго прафесійнага шляху Ігар Саратокін прайшоў на «Гродна Азоце» — 28 гадоў аддадзена прадпрыемству. А перш чым паступіць у магістратуру, герой атрымаў другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі». Цікаўлюся, чаму вырашыў гэтак кардынальна змяніць жыццё.
— Пачаць хачу з таго, што вельмі ўдзячны прадпрыемству, з цяплом стаўлюся да работы там, сышоў на пазітыўнай ноце. Проста бліжэй да 50 гадоў усё часцей пачаў задумвацца пра сэнс жыцця, пра тое, ці ўсё правільна рабіў. Ці сваім шляхам іду, — расказвае Ігар. — У мяне тэхнічная адукацыя, шмат гадоў адпрацаваў у цэху. У нейкі момант мне захацелася цалкам змяніць сферу дзейнасці, даведацца пра нешта новае, а таксама адказаць на пытанні, якія мяне хвалююць. Вырашыў, што з усім гэтым мне дапаможа псіхалогія — навука аб душы.
Прага новых ведаў
Ужо даўно даказана, што наш мозг любіць пратаптаныя сцяжынкі, звыклы ўклад жыцця і не вельмі вітае перамены, нават калі яны ідуць на карысць. А тут чалавек вырашае змяніць зразумелую, знаёмую работу, праз дзесяцігоддзі зноў стаць студэнтам. Спытала, ці не страшна было. Мой суразмоўнік лаканічна адказаў: «Не». Для журналіста аднаскладовы адказ — гэта невыкананая работа, таму прашу распавесці падрабязней.
— За 28 гадоў работы ў адным калектыве выпрацоўваюцца пэўныя алгарытмы дзеянняў, ты ведаеш, як вырашыць тое ці іншае пытанне. Назапашаны досвед і павага, вядома, прыемныя, але сітуацыі становяцца шаблоннымі, дзесьці замыльваецца погляд і ты робіш усё як бы на аўтамаце. І вось гэты сумнеў у правільнасці абранай звыклай дарогі, а таксама прага новых ведаў дазваляюць без страху ісці наперад. Да таго ж я вернік, у рэлігіі знаходжу апору. І я цудоўна адчуваю сябе ў ролі студэнта. Спачатку перажываў толькі за здольнасць запамінаць інфармацыю, хваляваўся, што будзе складана. Але мае выкладчыкі сказалі, што памяць можна развіваць і з часам я асвоюся. Так і сталася.
А яшчэ я зараз нібы другую маладосць пражываю! Вельмі цікавыя адчуванні.
Глыбокае пагружэнне
Ігар Саратокін адзначыў, што і на першай, і на другой акадэмічнай ступені вучоба для яго — задавальненне. Аднагрупнікі цікавыя, многія з іх таксама шукаюць адказы на экзістэнцыяльныя пытанні, у кожнага свой погляд на свет.
— У магістратуру вырашыў паступіць, таму што зразумеў: трэба атрымаць больш глыбокія веды. Адчуў неабходнасць яшчэ лепш разабрацца ў прадмеце. Мне спадабалася займацца навукай, рыхтаваць дыпломную работу, вырашыў прадоўжыць. Мой навуковы кіраўнік Марына Карняловіч вельмі дапамагала мне, падтрымлівала, зрэшты, як і ўсе выкладчыкі кафедры. Тэма маёй дысертацыі «Альтруізм і саўладальныя [А. У.1]паводзіны ў прадстаўнікоў розных сацыяльных груп». Праблема аказалася вельмі аб’ёмнай, і я ўзяў акадэмічны водпуск, каб падрабязна вывучыць літаратуру, пагрузіцца ў тэму. Да таго ж у мяне кантракт на прадпрыемстве падыходзіў да канца, і я вырашыў, што не буду яго працягваць. З пачатку года займаўся навуковымі пошукамі, і вось зараз аднавіўся, і буду прадаўжаць навучанне. Трэба даследаванне прывесці ў парадак, бо спіс літаратуры ў мяне зараз 160 крыніц.
Калі адно другому дапамагае
Праца ў цэху і выкладанне — зусім розныя сферы. Цікаўлюся ў Ігара Саратокіна, ці не страшна быць выкладчыкам.
— Не страшна. Я працаваў намеснікам начальніка цэха, па рабоце ўзаемадзейнічаў з вялікай колькасцю людзей. Тым больш што ў каледжы ўжо дастаткова дарослыя навучэнцы. З малымі мне складана. На вучэбнай практыцы працаваў з маленькімі дзецьмі. Да іх патрэбен вельмі далікатны падыход. Выкладаць падабаецца, а вось да таго, што трэба шмат ад рукі пісаць, прызвычаіцца не магу, — усміхаецца Ігар Саратокін.
Выкладчык зазначае, што сучасныя ўмовы сістэмы адукацыі дазваляюць рабіць якасныя лекцыі, якія будуць цікавыя моладзі. Ён перакананы, што добра пададзены матэрыял можа захапіць нават таго, хто зусім не хоча вучыцца.
— Спецыяльнасць у мяне тэхнічная, выкладаю ўладкаванне аўтамабіляў, а псіхалагічная адукацыя дапамагае ў працы.
У найбліжэйшых планах у Ігара Саратокіна, вядома, абараніць магістарскую дысертацыю, а пасля паступіць у аспірантуру. Дарэчы, сябры, родныя і блізкія падтрымліваюць яго. Значыць, бачаць па чалавеку — гэта яго. Гісторыя Ігара не пра тое, што ў сярэдзіне жыцця варта ўсё памяняць. Сваім прыкладам герой сцвярджае, што ніколі не позна шукаць сябе, а калі шукаеш, то ёсць шанц, што знойдзеш!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Ігара САРАТОКІНА