Top.Mail.Ru

Гран-пры «Золата «Лістапада» за найлепшы ігравы фільм прысуджаны паўночна-асецінскай карціне «Паляўнічы»

Менавіта гэты фільм убачылі гледачы пасля закрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — такая традыцыя. Але яна не адзіная, якой трымаецца аргкамітэт, таму што сёлета вельмі ўразіла вялікая колькасць гасцей з розных частак свету. Усяго падчас фестывалю дэманстраваліся фільмы з 40 краін. Тое, што Беларусь не абыходзяць увагай прадстаўнікі розных дзяржаў, падкрэслілі прызы і дыпломы, якія атрымалі кінамайстры з Германіі і В’етнама, ЗША і Індыі, Ірана, Японіі, Францыі і Іспаніі, Венесуэлы, Расіі, Кітая...



Кітайскія карціны, дарэчы, былі прадстаўлены ў розных праграмах, у тым ліку і па-за конкурсам, як, напрыклад, фільм «Гісторыя баваўняных палёў». Яе аўтар ужо знаёмы беларускім гледачам: рэжысёр Чжан Чжун летась быў пераможцам ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», а сёлета працаваў у журы асноўнага конкурсу. А гэтым разам спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно» ён атрымаў за новую стужку «Гісторыя баваўняных палёў», якая толькі ў пачатку лістапада выйшла ў пракат. Беларусь — адна з першых краін, дзе яе прадставілі. Узнагароду аўтару ўручыла намеснік Прэм’ер-міністра нашай краіны Наталля Пяткевіч. Чжан Чжун са сцэны падкрэсліў, што кіно — гэта мова без межаў, таму што праз асабістыя гісторыі людзей можна перадаваць пачуцці. І кіно дазваляе весці своеасаблівы дыялог цывілізацый.

— Я вельмі рады і для мяне вялікі гонар атрымаць такую важную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі, — адзначыў рэжысёр пасля цырымоніі закрыцця. — Гэта не толькі мая заслуга, гэта вынік супрацоўніцтва — усёабдымнага, усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем.

Але галоўнае, што ён хацеў данесці гледачам сваім фільмам: «Любоў... Вы гэта ўбачыце».

Гэта актуальна асабліва ў кантэксце разважанняў пра тое, за што адзначаюць фільмы на «Лістападзе». За любоў да кіно, да чалавека, да бацькоў... Шматзначнае паняцце. Але ў цяперашні час асабліва хочацца разважаць пра любоў не толькі паміж асобнымі людзьмі, але і паміж народамі. З гэтай пазіцыі варта разглядаць і падбор стужак, і вынікі, таму што цырымонія закрыцця XXХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» была поўная нечаканасцяў, калі меркаваць з пункту гледжання звычайнага гледача, але сведчыла пра беларускую рысу павагі да іншых, у тым ліку да гасцей, якія да нас прыязджаюць.

Славутую беларускую гасціннасць адчуў і рэжысёр з Паўночнай Асеціі Заур Цагоеў, яго фільм «Паляўнічы» прадстаўляў Расію. І менавіта гэтай карціне прафесійнае журы прысудзіла Гран-пры — «Золата «Лістапада». Малады рэжысёр быў ашаломлены перамогай. У Мінску ён упершыню, і горад пакінуў самыя найлепшыя ўражанні: прыём, нашы людзі, архітэктура. Заур Цагоеў адзначыў, што на яго радзіме, у Асеціі, таксама моцныя традыцыі гасціннасці. А фільм ён зняў пра адну са старажытных традыцый свайго народа.

— «Паляўнічы» — гісторыя, нат-хнёная апавяданнем «Паляванне на тураў», напісаным у ХІХ стагоддзі нашым класікам літаратуры Костам Хетагуравым, але мы пастараліся яе асучасніць. Паляванне — містычная з’ява, у паляўнічых безліч прыкмет, — патлумачыў рэжысёр. — Каўказ прасякнуты гэтым і цяпер. Сёння чалавек забывае, што ў прыроды нельга браць больш, чым трэба, бо яна пакарае і кожны атрымае тое, што заслужыў. Мы стараліся гэта асэнсаваць: фільм не толькі пра захаванне прыроды, таму што ў жывёльным свеце драпежнікі не забіваюць больш, чым ім трэба, у адрозненні ад чалавека, а мы сёння дзелім землі, на якіх заўтра не будзем працаваць.

Перамога ў асноўным конкурсе — вялікая падтрымка для культуры Асеціі і добрая матывацыя для маладых аўтараў і рэгіянальнага кіно, лічыць Заур, таму што яго Гран-пры сведчыць: «Для таго каб ствараць кіно, не заўсёды патрэбны вялікія бюджэты, крутыя камеры, а неабходны жаданне, вера і гісторыя, якой ты хочаш падзяліцца з гледачом». І яна можа быць знятая ў вельмі маляўнічых мясцінах усяго з адным акцёрам і без слоў...

Айчынныя гледачы на трыццаць першы год існавання фестывалю ўжо павінны былі адчуць, што такое фестывальнае кіно. Але беларускі «Лістапад» адметны тым, што голас і меркаванні гледачоў увасобіліся ў адметны «Прыз глядацкіх сімпатый» — яго атрымаў расійскі фільм «Мой дзед» (рэжысёр Святаслаў Уласаў). Зразумела, што наша публіка не магла пакінуць без увагі стужку, у якой іграў народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін. Прафесійнае журы асноўнага конкурсу адзначыла яго прызам «За найлепшую мужчынскую ролю ў ігравым фільме». Атрымліваючы яго, артыст прызнаўся: работа ішла цяжка, невядома, ці адважыцца ён яшчэ на такую вялікую ролю, магчыма, гэта яго развітанне з шырокай публікай... Прысутныя ў зале, расчуленыя такім зваротам, узняліся з месцаў, каб вітаць Артыста.

Яшчэ адзін шчымлівы момант — уручэнне прыза «За найлепшую жаночую ролю» легендарнай расійскай актрысе Святлане Кручковай за работу ў фільме «Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі». Актрыса звярнулася да публікі праз галасавы запіс і нагадала пра тое, што значыць для чалавека сям’я і сувязь з блізкімі. 

Неяк па-сямейнаму ў нас вызначаны некаторыя прызы. Нібыта мы ў сваю — беларускую сям’ю — імкнёмся запрасіць іншых. Ёсць некалькі прафесійных прызоў на кінафестывалі, якія падкрэсліваюць унёсак айчынных кінадзеячаў у развіццё гэтага мастацтва. Напрыклад, за найлепшую аператарскую работу прызам імя Юрыя Марухіна адзначылі іранскую карціну «Над безданню ў жыце». За найлепшую рэжысёрскую работу прыз імя Міхаіла Пташука прысуджаны аўтару карціны «Адлюстраванне № 3» Крысціяну Петцольду (ФРГ). Яшчэ адзін значны прыз — імя Віктара Турава — прысвойваюць у конкурсе «Кіно маладых». Ён паедзе ў Іран да стваральнікаў фільма «Бананавы сад». За найлепшую аператарскую работу журы гэтага конкурсу прысудзіла прыз імя Дзмітрыя Зайцава карціне «Ліры ніколі не плачуць», створаную ў кааперацыі кінамайстрамі В’етнама, Філіпін, Францыі, Сінгапура, Нарвегіі. Нашы спадзяванні на «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі... апраўдаліся! У конкурсе з высокай канкурэнцыяй яго адзначылі спецдыпломам журы, але яшчэ адметная ўзнагарода — «Кіно без меж» ад Выканаўчага камітэта СНД. За найлепшую рэжысуру імя Валерыя Рубінчыка — «Шчаслівы канец» 

(ЗША, Японія).

Акрамя Дзмітрыя Сарокі на сцэну ўздымаліся іншыя айчынныя творцы, якія былі адзначаны дыпломамі або спецпрызамі ў розных конкурсах. А найлепшым дакументальным фільмам нацыянальнага конкурсу стаў «Жыццё маё — „Харошкі“. Валянціна Гаявая». І цэлых пяць дыпломаў, чатыры з якіх за дакументальныя карціны: «Душа абаронцы», «Цана прыгажосці», «ДУЛАГ 121. Асуджаныя» і «Прарочы сон. Шлях да свабоды». З ігравых адзначана карціна «Гучыць як каханне» самага маладога рэжысёра на сёлетнім фестывалі. Вельмі радуе тое, што ён — наш. І ён не адзіны з пакалення маладых, якія любяць здымаць і жывуць гэтым. Значыць, кіно будзе?!

Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА

Чытайце таксама: «Лістапад»: спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі прысуджаны кітайскаму рэжысёру Чжан Чжуну

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю