У Буда-Кашалёўскім раёне досвед работы з вясковымі актывістамі паказвае, што поспех у любых ініцыятывах развіцця тэрыторыі абавязкова прыходзіць, калі людзі і каманда дэпутатаў працуюць разам. Як перакананы ў раёне, грамадзянскія ініцыятывы сёння — гэта сумесны пошук рашэння любога хвалюючага пытання ці ажыццяўлення мары жыхароў населеных пунктаў.
Ідэя ў дзеянні
Як расказвае старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Халдай, значная частка ініцыятыў у іх раёне датычыцца так ці інакш пытанняў добраўпарадкавання, развіцця населеных пунктаў. Але не толькі. Важна, што жыхары Буда-Кашалёўшчыны не абмяжоўваюцца толькі прапановамі, а гатовы і на суботнікі выйсці, і дапамагчы матэрыяльна і фізічна.
— Людзі, калі прапаноўваюць ініцыятыву, заўсёды звяртаюцца і спадзяюцца на дапамогу мясцовай улады. У населеных пунктах часта лідарам ініцыятыўных груп выступаюць менавіта нашы дэпутаты. Ідэй у людзей вельмі шмат, і важна, каб іх было з кім увасабляць у жыццё, — перакананы кіраўнік Буда-Кашалёўскага райсавета дэпутатаў.
Адзін з прыкладаў — новая грамадская прастора, якая з’явіцца ў Буда-Кашалёве гэтым летам. Праект «УДАЧНЫ ПРЫПЫНАК», распрацаваны ініцыятыўнай групай райцэнтра, стаў адным з пераможцаў адкрытага конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. У рэалізацыі задзейнічаюць больш за 80 чалавек, а новая пляцоўка стане часткай веламаршрутаў раёна. Згодна з канцэпцыяй ініцыятывы, у райцэнтры з’явіцца прыгожая сучасная лакацыя, дзе можна будзе спыніцца, адпачыць, прывесці ў парадак свой веласіпед. На пляцоўцы прадугледзяць рамонтную стойку з магчымасцю напампаваць шыны, велапаркоўку, вулічную станцыю для зарадкі мабільных прылад, а таксама зручныя лаўкі. Тэрыторыю добраўпарадкуюць тратуарнай пліткай, аформяць бардзюрамі, упрыгожаць вечназялёнымі насаджэннямі. Будзе змешчана тут і інфармацыйная таблічка з QR-кодам, які адлюструе веламаршруты раёна з гістарычнымі і культурнымі кропкамі на карце.
Пляцоўка адзінства
Разам з праектамі-пераможцамі ў раёне ёсць прыклады ініцыятыў, якія людзі рэалізавалі без конкурснай падтрымкі. Менавіта так адбылося ў вёсцы Уза. Тое, што ў раёне называюць працаваць разам, у поўнай меры праявілася ў грамадзянскай ініцыятыве «ЗДАРАВЕЙ-ка» жыхароў Узоўскага сельсавета. Ідэя адкрыць ва Узе зону актыўнага адпачынку і заняткаў спортам узнікла восенню 2024 года. Раней ў вяскоўцаў ужо была шматфункцыянальная спартыўна-гульнявая пляцоўка, але яна патрабавала грунтоўнага абнаўлення.
Як распавяла старшыня Узоўскага сельвыканкама Алена Быліцкая, спачатку прынялі рашэнне стварыць ініцыятыўную групу, каб распрацаваць і прадставіць свой праект на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Але праект узоўцаў у лік пераможцаў не ўвайшоў. Мясцовыя жыхары не разгубіліся. Падтрымала і аб’яднала людзей як раз кіраўнік сельвыканкама. Вырашылі ідэю аб новай пляцоўцы ўвасобіць у жыццё сваімі сіламі.
— Правялі апытанне сярод нашых жыхароў. Вызначылі, ці гатовы яны дапамагчы грашыма. Пасля ўстаноўкі абсталявання ўсе выйшлі на суботнік, добраўпарадкавалі тэрыторыю пляцоўкі. І ўжо на наступны дзень дзеці змаглі апрабаваць новыя горкі, арэлі і трэнажоры. Вельмі ўдзячна людзям за актыўнасць, — адзначыла Алена Быліцкая.
Іх зона актыўнага адпачынку і заняткаў спортам — гэта дзіцячы гульнявы комплекс і зона для варкаўту. Але мясцовыя актывісты ўжо будуюць планы, як дапоўніць пляцоўку новымі элементамі. Мараць, каб у жыхароў вёскі розных узростаў тут была магчымасць падтрымліваць фізічную форму і актыўна адпачываць.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Буда-Кашалёўскага райсавета дэпутатаў