Top.Mail.Ru
179

Грамадзянская адказнасць, сацыяльная актыўнасць. Спецыяліст расказала, чаму вучыць валанцёрства

Сучаснае грамадства прад’яўляе высокія патрабаванні да моладзі, чакаючы яе актыўнай жыццёвай пазіцыі, адказнага стаўлення да праблем навакольнага асяроддзя і здольнасці дзейнічаць канструктыўна ў інтарэсах грамадства і на карысць сваіх грамадзян.



Адным з эфектыўных спосабаў фарміравання такіх якасцяў з’яўляецца валанцёрскі рух сярод падлеткаў і школьнікаў — эфектыўны рэсурс для выхавання грамадзянскай адказнасці і сацыяльнай актыўнасці.

Валанцёрскі рух развівае эмпатыю, спрыяе сацыялізацыі і вучыць працаваць у камандзе праз удзел у грамадска-карыснай дзейнасці. Яно дапамагае школьнікам зразумець важнасць узаемадапамогі, развівае камунікатыўныя навыкі і далучае да актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Як праінфармавала начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Вікторыя ЗАХАРЭЎСКАЯ, валанцёрства ў фарміраванні грамадзянскіх каштоўнасцяў адыгрывае немалаважную ролю. «Яно дазваляе дзецям адчуць сябе часткай чагосьці большага, нейкіх мерапрыемстваў, якія дапамагаюць не толькі асобным людзям, але ўсяму раёну, гораду, — сказала спікер. — Асноўным кірункам развіцця валанцёрскага руху сярод школьнікаў з’яўляецца сацыяльная дапамога — падтрымка пажылых людзей, інвалідаў, сірот і сем’яў, якія маюць у гэтым патрэбу. Валанцёры аказваюць дапамогу не толькі ў рамках акцый і памятных дат. Гэтая работа праходзіць на пастаяннай аснове».

Паводле слоў спецыяліста, школа адыгрывае ключавую ролю ў арганізацыі валанцёрскага руху. «Яна аб’ядноўвае не толькі вучняў, але таксама педагогаў і бацькоў. Важна стварыць умовы для ўдзелу ўсіх ахвотных незалежна ад узросту, здольнасцяў, фізічных магчымасцяў, — дадала эксперт. — А Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр рэалізуе шэраг праектаў, якія накіраваны на навучанне моладзі. Хлопцы і дзяўчаты могуць пазнаёміцца з рознымі кірункамі валанцёрскай дзейнасці, пашырыць свой кругагляд. Сёлета навучанне прайшлі каля 400 прадстаўнікоў моладзі з усёй краіны».

Генеральная Асамблея ААН у 1985 годзе абвясціла 5 снежня Днём валанцёра. Начальнік упраўлення каардынацыі метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Захожая расказала: «Вось ужо 40 гадоў мы гаворым пра дзейнасць валанцёраў, пра тое, што гэта за рух і як можна да яго далучыцца. Асноўная ідэя Дня валанцёраў — гэта публічная падзяка тым, хто бязвыплатна дапамагае людзям».

«Гэта работа каардынуецца і падтрымліваецца камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, які задае агульную стратэгію і кірунак дзейнасці валанцёраў у рамках гарадскіх мерапрыемстваў. Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі праводзіць навучальныя семінары для куратараў валанцёрскіх груп, для педагагічнай супольнасці сталіцы. І, безумоўна, мы аказваем метадычную падтрымку. Таксама мы каардынуем ініцыятывы, якія маладыя людзі прасоўваюць», — дадала спікер.

Сярод асноўных кірункаў Ніна Захожая адзначыла сацыяльнае, экалагічнае, падзейнае валанцёрства. «Асаблівае месца займае патрыятычнае валанцёрства. Гэта цэлыя класы патрыятычнай накіраванасці, — дадала яна. — У нас з’явіўся вельмі цікавы кірунак валанцёрства ў сферы здароўя — гэта арганізацыя і захаванне здаровага ладу жыцця, калі валанцёры дапамагаюць усім паглядзець на здароўе з трох пазіцый: фізічнай, псіхічнай і сацыяльнай».

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: У Горках адзначылі найлепшых валанцёраў Чырвонага Крыжа

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю