Сардэчна запрашаем, Амерыка, Еўропа
У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года прапісана ўзмацняць нацыянальны працоўны патэнцыял за кошт іміграцыі. Штогод плануецца запрашаць да нас на працу да 50 тысяч замежнікаў. Звычайна па інерцыі мы глядзім у бок Усходу. Перш за ўсё — дзяржаў Сярэдняй Азіі, якія ментальна блізкія нам з-за сумеснага жыцця ў Савецкім Саюзе. Але сёння ўтварыўся і значны патэнцыял па заходнім кірунку. Амерыканская мара памерла, знакаміты заходнееўрапейскі дабрабыт рассыпаецца, таму расце колькасць грамадзян краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), якія жадаюць змяніць месца жыхарства.
Аб пераездзе ў іншую краіну задумваецца амаль кожны пяты дарослы амерыканец — адзін з рэкордных паказчыкаў за час фіксавання. Апошнія гады прынеслі не толькі колькасныя змены, але і структурныя. Па-першае, пачынаюць мяняцца геаграфічныя напрамкі перамяшчэння амерыканцаў. Пакуль вектар застаецца ранейшым: найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Канада, Японія, еўрапейскія дзяржавы, якія часам называюць «вялікай чацвёркай», — Францыя, Іспанія, Італія і Партугалія. Але намеціўся трэнд на павышэнне цікавасці да дзяржаў Усходняй Еўропы: Румыніі, Балгарыі, Польшчы, нават Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Па-другое, назіраецца змена матываў міграцыі амерыканцаў. Яны шукаюць перспектыўнае месца жыхарства не толькі з пункту гледжання кар’еры і бізнесу, але і з пункту гледжання кошту жыцця, а таксама даступнасці сацыяльнай інфраструктуры — перш за ўсё адукацыі і аховы здароўя.

У ЗША ў апошняе дзесяцігоддзе інфляцыя арэнды і кошту жылля, паслуг адукацыі і аховы здароўя шматразова апярэджвае сярэднія паказчыкі. Жыццё становіцца занадта дарагім, а магчымасці для эканамічнага росту скарачаюцца. Знакамітая амерыканская мара, калі любы жыхар Брукліна мог пры ўпартай працы і пэўным поспеху перамясціцца ў Манхэтэн, патускнела.
Несумненна, шчасліўчыкаў аказвалася вельмі няшмат, але шанц існаваў. Таму, як ні парадаксальна, мігранты з небагатых кварталаў у нядаўнім мінулым вельмі дружна галасавалі супраць павышэння падаткаў на багацце. Хоць, зыходзячы з логікі іх сацыяльнага становішча, іх меркаванне павінна быць зусім процілеглым, але кожны мігрант, які зарабляе на жыццё мыйкай посуду або прыборкай смецця, спадзяваўся, што яго дзеці і ўнукі будуць мець поспех і трапяць у катэгорыю заможных грамадзян. Таму, выступаючы супраць падаткаў для багатых, бедныя галасавалі супраць фіскальнай нагрузкі для сваіх нашчадкаў.
У сучаснай Амерыцы шмат што змянілася. Асабліва нялёгка даводзіцца моладзі, якая апынулася ў падпарадкаваным становішчы ў старэйшага пакалення. Павышэнне працягласці жыцця і адсутнасць выразнай маладзёжнай палітыкі робяць кар’ерны рост зумераў вельмі сумнеўным. Не вельмі шмат дамагліся і міленіялы.
Разрыў пакаленняў па даходах і актывах стаў каласальным, і амерыканская мара ўжо стала міфам, што застаўся ў далёкім мінулым. Таму грамадзяне, старэйшыя за 44 гады, думаюць аб змене месца жыхарства ў некалькі разоў радзей, чым моладзь і людзі сярэдняга ўзросту.

Мяркуючы па апытаннях міжнароднага даследчага цэнтра Gallup, асабліва няўтульна ў ЗША адчуваюць сябе маладыя жанчыны, 40 % якіх ва ўзросце 15–44 гадоў думаюць пра эміграцыю (па выніках апытання мінулага года). Сярод мужчын глядзяць з надзеяй на знешні перыметр толькі 19 % у гэтай жа ўзроставай катэгорыі. Прычым у 2014 годзе незадаволеных амерыканскім ладам жыцця было нашмат менш. Пакінуць краіну тады хацелі толькі 10 % жанчын і 6 % мужчын.
Значная колькасць грамадзян АЭСР таксама імкнецца пераехаць: каля 27 % жанчын і 26 % — мужчын ва ўзросце 15–44 гадоў. У гэтым разрэзе ў міжнароднай сістэме каардынат у Беларусі ёсць значныя шанцы паўдзельнічаць у канкурэнцыі за маладых і перспектыўных работнікаў па заходнім вектары. Праўда, для гэтага неабходна разумна і аб’ектыўна прааналізаваць моцныя і слабыя бакі нашай краіны для імігрантаў з ЗША і Заходняй Еўропы.
Пэўныя перавагі ў нас, несумненна, ёсць. Па-першае, высокі ўзровень бяспекі — адзін з сур’ёзных фактараў, які турбуе жыхароў заходняга свету. Па-другое, вельмі прымальны кошт жыцця і наяўнасць сацыяльнай інфраструктуры. Узровень заработнай платы ў Беларусі не такі высокі, як у Заходняй Еўропе і ЗША. Але, калі пералічыць па парытэту пакупніцкай здольнасці, разрыў не настолькі вялікі.
Неабходна сфармуляваць прапанову, разлічаную на пэўны сегмент схільных да пераезду грамадзян. І гэта стратэгія можа стаць крыніцай умацавання нашага рынку працы кваліфікаванымі кадрамі і павышэння інтэлектуальнага патэнцыялу. Толькі не трэба саромецца, а ўшчыльную заняцца гэтым пытаннем. Як зрабілі, напрыклад, у Фінляндыі, у якой ужо сфармавалі спецыяльную праграму для амерыканцаў. І тут не грэх пазычыць чужы вопыт.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ