Top.Mail.Ru

Градус паступова зніжаецца, аднак адчувальнага пахаладання пакуль не прадбачыцца

«Залаты» настрой восені

Асаблівых нараканняў кастрычнік пакуль не выклікаў, хутчэй наадварот — яго пачатак выдаўся даволі камфортным і сонечным. Ды і сярэдзіна восені, па прагнозах сіноптыкаў, парадуе крыху больш цёплым надвор’ем, чым звычайна: на большай частцы тэрыторыі краіны тэмпература будзе на адзін-два градусы вышэй за кліматычную норму. Пры гэтым агульны фон адчувальна будзе ніжэйшы за вераснёўскі. У сярэднім чакаецца зніжэнне да 6 °C. А роскід па рэгіёнах — ад плюс 5 °C на паўночным усходзе да плюс 8 °C на паўднёвым захадзе, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Паступова надвор’е пачнуць дыктаваць атлантычныя цыклоны. А значыць, спакой і стабільнасць застануцца ў мінулым. Кастрычнік будзе пераменлівым, цяпло будзе змяняцца прахалодай, ясныя дні — непагодай. Атмасферныя працэсы стануць імклівымі і няўстойлівымі, прыносячы з сабой дажджы і пранізлівы вецер, папярэдзіў сіноптык Дзмітрый Рабаў у праграме «Метэагід» на тэлеканале АНТ: «Сонечных гадзін у кастрычніку будзе не так шмат — у сярэднім 80–100 за ўвесь месяц. Неба часцей будзе зацягнута аблокамі. Колькасць ападкаў прагназуецца блізкай да нормы. У сярэднім варта рыхтавацца да 11–16 дзён з дажджамі. А ў трэцяй дэкадзе характар ападкаў пачне мяняцца. Усё часцей будуць выпадаць змешаныя ападкі, дождж уперамешку з мокрым снегам, які, як правіла, хутка растае. У асобныя дні магчымы слабыя галалёдныя з’явы».

Як бы ні хацелася падоўжыць бабіна лета, але на гэтым тыдні восень заявіць пра сабе больш сур’ёзна — перыяд камфортнага надвор’я паступова пачне здаваць пазіцыі. Пры гэтым адчувальнага пахаладання пакуль чакаць не трэба.

У сераду чакаецца пераменная воблачнасць без істотных ападкаў. Толькі па Віцебскай вобласці пройдуць невялікія дажджы. Ноччу і раніцай месцамі туман. Вільготнасць паветра высокая — да 90 %. Вецер заходні, паўднёва-заходні, умераны. Ноччу — 5–10 °C цяпла, днём — ад плюс 15 °C па паўночным захадзе да 20 °C вышэй за нуль па поўдні.

У чацвер будзе воблачнае з праясненнямі надвор’е. 

У большасці раёнаў дажджы малаверагодны. Вецер паўднёвай чвэрці, умераны. Ноччу і раніцай месцамі туман. Вільготнасць паветра будзе высокай. Ноччу — 6–12 °C цяпла, днём — ад плюс 18 °C у паўночна-заходніх раёнах да 21 °C вышэй за нуль у паўднёвых.

У пятніцу па захадзе краіны надвор’е стане фарміраваць атмасферны фронт, які прынясе ў гэтыя раёны дажджы. На астатняй тэрыторыі ападкі малаверагодны. Вецер заходні, паўднёва-заходні, умераны. Ноччу і раніцай месцамі магчымы туман, бачнасць да паўкіламетра. Ноччу — 5–10 °C, днём — ад плюс 10 °C па захадзе да 20 °C вышэй за нуль па ўсходзе Беларусі.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю