Top.Mail.Ru
197

Горкі шакалад можа паляпшаць памяць — навукоўцы патлумачылі, як гэта працуе

Даследчыкі з Японіі высветлілі, што рэчывы, якія змяшчаюцца ў какаве і некаторых ягадах, здольныя ўзмацняць работу памяці, уздзейнічаючы на ўнутраныя сістэмы мозгу. Вынікі іх работы апублікаваныя ў навуковым часопісе Current Research in Food Science.


Эфект горкага смаку

Як паказалі эксперыменты на мышах, ключавую ролю адыгрываюць флаванолы — прыродныя злучэнні, якія надаюць шакаладу і ягадам характэрны даўкі смак. Гэтыя рэчывы актывавалі выпрацоўку норадрэналіну ў гіпакампе — вобласці мозгу, якая адказвае за памяць.

Мышы, якія атрымалі дозу флаванолаў за гадзіну да тэста, запаміналі новыя аб’екты прыкладна на 30 % лепш, чым кантрольная група. Павышаная актыўнасць захоўвалася каля гадзіны — менавіта ў той перыяд, калі кароткачасовыя ўспаміны пераходзяць у доўгачасовыя.

Навукоўцы таксама зафіксавалі павышэнне ўзроўню норадрэналіну ў зонах мозгу, звязаных з увагай і матывацыяй. У паддоследных узмацняліся бадзёрасць, рухомасць і цікавасць да навакольнага.

«Будзільнік» для мозгу

Па словах аўтараў, эфект выкліканы не столькі хімічным дзеяннем флаванолаў, колькі рэакцыяй арганізма на іх горкі смак. Сэнсарныя нервы рота і кішэчніка перадаюць сігналы ў ствол мозгу, актывуючы так званую «блакітную пляму» (locus coeruleus) — участак, які адказвае за выдзяленне норадрэналіну і фарміраванне ўспамінаў. Калі заблакіраваць гэтыя рэцэптары, эфект цалкам знікае.

«Мы назіралі натуральную актывацыю сістэмы, якая адказвае за ўвагу і памяць, без штучнага стымулятара. Гэта свайго роду ўнутраны будзільнік мозгу», — адзначаюць даследчыкі.

Карысць і абмежаванні

Навукоўцы падкрэсліваюць, што ў эксперыменце выкарыстоўваліся дозы флаванолаў, якія значна перавышаюць іх утрыманне ў звычайным шакаладзе. Пакуль незразумела, ці змогуць некалькі кавалачкаў горкага шакаладу выклікаць супастаўны эфект у чалавека. Акрамя таго, празмерная стымуляцыя стрэсавых сістэм можа прывесці да павышанай трывожнасці або бяссонніцы.

Тым не менш вынікі адпавядаюць даным папярэдніх работ: у пажылых людзей, якія прымалі дабаўкі з флаваноламі, назіралася паляпшэнне паказчыкаў памяці, звязаных з актыўнасцю гіпакампа.

На думку аўтараў, важным фактарам можа аказацца не толькі склад, але і час ужывання такіх прадуктаў. Найбольш спрыяльным для запамінання новай інфармацыі можа быць «гадзіннае акно» пасля прыёму ежы, багатай на флаванолы, — гэта можа быць падрыхтоўка да іспыту або важнае мерапрыемства.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю