Пракуроры Брэсцкай вобласці запатрабавалі ліквідаваць парушэнні пры забеспячэнні зімовага баўлення вольнага часу дзяцей і дарослых. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці.
У сувязі з нізкай тэмпературай і сфарміраваным снежным покрывам пракуроры Брэстчыны праводзяць маніторынг выканання патрабаванняў заканадаўства аб забеспячэнні бяспекі ў грамадскіх месцах баўлення вольнага часу дзяцей і дарослых.
У Брэсцкай вобласці за першы тыдзень 2026 года галалёдныя траўмы атрымалі ўжо 11 непаўналетніх, у тым ліку шэсць з іх звязаны з катаннем на цюбінгах. У большасці выпадкаў умовамі, якія спрыялі траўміраванню дзяцей, сталі невыкананне імі правіл бяспечных паводзін, асабістая неасцярожнасць і бестурботнасць, адсутнасць належнага бацькоўскага кантролю.
Разам з тым, як паказаў аналіз дзейнасці адказных суб’ектаў у гэтай сферы, работа па стварэнні ўмоў для бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей была арганізавана не заўсёды эфектыўна. Напрыклад, Баранавіцкая міжраённая пракуратура падчас маніторынгу на тэрыторыі горада і раёна выявіла самастойна створаныя грамадзянамі спускі са снежных насыпаў паблізу праезнай часткі дарог і водных аб’ектаў. Як адзначылі ў пракуратуры, няроўная паверхня стыхійных спускаў нясе патэнцыяльную пагрозу для жыцця і здароўя грамадзян, асабліва дзяцей.
Аналагічныя парушэнні былі выяўлены ў Пінскім раёне, Брэсце і шэрагу іншых рэгіёнаў вобласці. Па ўсіх фактах прыняты меры пракурорскага рэагавання, выкананне патрабаванняў якіх узята на кантроль.
Пракуратура Брэста падчас маніторынгу інфармацыі, якая размяшчаецца ў сацыяльных сетках, выявіла факт публікацыі відэа, у якім кіроўца легкавога аўтамабіля перавозіў пасажыраў па-за салонам на цюбінгу, прымацаваным да транспартнага сродку. Па даручэнні пракуратуры органамі ДАІ распачатая праверка, вызначаны кіроўца, які за парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў прыцягнуты да адказнасці па ч. 6 арт. 18.13 КаАП.
У мэтах прафілактыкі траўматызму пракуроры сістэматычна выбываюць у месцы адпачынку дзяцей і дарослых, дзе праводзяць гутаркі з дзецьмі і іх бацькамі, тлумачаць правілы бяспечных паводзін пры катанні на санках і цюбінгах. Праверкі забеспячэння бяспекі баўлення вольнага часу ў зімовы перыяд працягнуцца, падкрэслілі ў пракуратуры.