Ад стваральнікаў беларускай «Матрыцы»...
У чалавека пенсія на гарызонце, а ён усё імкнецца ў супергероі... Бэтмен, Тэрмінатар, Неа з «Матрыцы» нервова стаяць у баку, бо ў нашым выпадку ўсе гэтыя вобразы спалучыліся ў адным... добрасумленным следчым. У яго ёсць звышмэта — спыніць дзейнасць сіндыкату ЗЛО. Так убачыў беларускага супергероя Дэвід Разумаў, аўтар і пастаноўшчык спектакля «Асабліва небяспечныя пенсіянеры» ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Трыумфатары Нацыянальнай тэатральнай прэміі на гэты раз здзівілі, падрыхтаваўшы «агнястрэльную камедыю».

Немалады супрацоўнік праваахоўных органаў Коля Пісталетаў не баіцца ісці ў самае логава злачынцаў, каб выратаваць іншага былога следчага, глыбокага пенсіянера — яго выкраў злачынца, які адбываў пакаранне 20 гадоў. І той ужо немалады, але ж які няўрымслівы, хоча паквітацца за страчаныя гады. Напэўна, у калоніі ён меў час не толькі на «падумаць», але і сачыць за сучаснымі трэндамі. Бо Гена Змей, апынуўшыся на волі, адразу ж разумее выгоды штучнага інтэлекту і карыстаецца створанымі фэйкамі, каб заблытаць следства. Ён ведае, як выцягнуць грошы з даверлівых пенсіянераў з дапамогай толькі аднаго тэлефоннага званка, бо калі бабуля любіць унучку, то ніякіх грошай не пашкадуе, пачуўшы засмучаны голас. Злачынны сіндыкат месціцца ў абсталяванай найсучаснейшай тэхнікай вежы, дзе і ўтрымліваецца вязень Жалязноў, які аднойчы сам, без дадатковай дапамогі здолеў арыштаваць Змея. Праўда, цяпер колішні герой у інвалідным вазку (маскіроўка? разумеў жа, што злачынца будзе яго шукаць, таму схаваўся ў пансіянаце для пенсіянераў). Пісталетаў можа паўтарыць яго подзвіг. Толькі ж ён ужо не хлопчык, здароўе не тое. Ці здолее?
Калі на сцэне ў вобразе Пісталетава з’яўляецца заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс, то няма ніякіх сумненняў: менавіта ён і ўратуе свет! У аператыўнай групе следчага ёсць маладыя супрацоўнікі. Адзін — у акулярах і з планшэтам, вельмі прасунуты, можа хутка пралічыць працэнты поспеху любой аперацыі. Другі — «хлюпік», які сам усяго баіцца. Трэці — бясстрашны «качок», гатовы змагацца са злачыннасцю найбольш рашуча з дапамогай гранатамётаў і танкаў. Вядома, Коля Пісталетаў можа спадзявацца толькі на сябе.
І кулі яго не бяруць, пры тым, што сам страляць не спяшаецца: калі чуе, што ў аднаго з бандытаў маленькія дзеці, хоча сысці, але аказваецца, што «клапатлівы тата» з маленства іх рыхтуе да працягу сваёй справы... Узроўні выпрабаванняў Пісталетаў праходзіць адзін за адным дзякуючы кемлівасці і бясстрашшу. Ён нават Медузу-Гаргону здолеў абясшкодзіць! А трэба было хіба што выслухаць жанчыну, зразумець, пашкадаваць і... паабяцаць новую сустрэчу ў больш спрыяльных абставінах.
Самае захапляльнае — гэта бойкі, такія ж эфектныя, як у «Матрыцы». Толькі ў кіно ўсё зроблена з дапамогай тэхнікі і візуальных эфектаў, а ў нас на тэатральнай сцэне цуды эквілібрыстыкі дэманструюць рэальныя артысты. І яны гэта будуць паўтараць кожны раз пры паказе спектакля.
Слова «пенсіянеры» ў назве — у нейкім сэнсе «маскіроўка» ад аўтараў, якія ўсё ж разлічваюць на шырокую аўдыторыю, людзей розных узростаў, праўда, ад 16 гадоў. Таму што тут мае значэнне пэўная нагледжанасць, веданне кіно — дэтэктываў, кшталту савецкага «Следства вядуць знатакі» і сучасных «стралялак» ды папулярных сусветных блокбастараў, што абыграна і праз сцэнічнае афармленне (мастак-пастаноўшчык Таццяна Стысіна).

Дэвід Разумаў усё гэта ўважліва глядзеў, рабіў высновы, каб аб’яднаць пад адным дахам у сучаснай тэатральнай гісторыі — перш за ўсё як аўтар п’есы. Усе героі — чытаюцца як мясцовыя персанажы. Усе злачынцы — карыкатурныя, з нейкага іншага, нетутэйшага свету. Перамагчы такіх — справа гонару. Дарэчы, у маналогах галоўных герояў Пісталетава і Жалязнова (яго ўвасобіў народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак) гучаць словы пра гонар, годнасць і сістэму каардынат, у якой існуе чалавек. Іншая справа, што калі хто шукае вострых адчуванняў, як Змей (артыст Аляксандр Палазкоў), то цяперашні свет кожнаму прапануе выбраць бок, на якім гуляць, толькі ў камп’ютарных «стралялках» — гэта бяспечна для іншых. І «хэпі-энд» па-нашаму.
Спектакль атрымаўся паўнавартасны на дзве дзеі, якія зацягваюць: а што ж там стваральнікі прыдумаюць далей, куды ж занясе фантазія? Глядзіцца лёгка, таму што зроблены з гумарам, як пародыя на папулярныя вобразы, клішэ і мемы (часам нагадвае нумары КВЗ), прымушае ўсміхацца, прынамсі, са зла. А калі з яго смяюцца, то перамагаюць, трэба думаць, бо, як вядома з беларускай класікі, смяецца той, хто смяецца апошні".
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота SB.by.