Гомель збірае гасцей
Абласны цэнтр ужо жыве рытмамі маштабнага свята, якое аб’яднае адразу некалькі значных для горада падзей. Галоўная з іх — XІІ Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод». А непасрэдна ў Дзень горада, 12 верасня, святочныя пляцоўкі разгорнуцца ва ўсіх раёнах Гомеля.

Больш за тысячу ўдзельнікаў
Конкурсная праграма «Сожскага карагода» стартавала 9 верасня на сцэне Гомельскага гарадскога цэнтра культуры. Сёлета ўдзельнікамі фестывалю сталі больш за тысячу артыстаў з Беларусі, Расіі, Індыі, Пакістана, Кітая, Азербайджана, Шры-Ланкі і Туркменістана. На працягу трох дзён калектывы прадстаўляюць свае нумары ў розных намінацыях. Члены журы, сярод якіх эксперты з Расіі і Беларусі, ацэньваюць не толькі тэхніку выканання, але і змест нумароў, артыстычнасць і харызму танцораў.
На маштабнае адкрыццё «Сожскага карагода» на стадыёне «Цэнтральны» ў пятніцу запрасілі больш за 2,5 тысячы ўдзельнікаў — артыстаў, школьнікаў і студэнтаў. Упершыню ў Гомель прыехаў з Расіі славуты калектыў — Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль «Бярозка» імя Н. С. Надзеждзінай.

Дарэчы, сёлета фестывальная праграма прысвечана Году беларускай жанчыны, арганізатары вырашылі прадставіць гістарычную палітру жаночых вобразаў — ад Еўфрасінні Полацкай да нашых сучасніц.
Вынікі падвядуць 12 верасня ў Гарадскім цэнтры культуры, дзе назавуць уладальніка Гран-пры фестывалю, узнагародзяць іншых пераможцаў і адбудзецца гала-канцэрт.
Свята са смакам
Адной з самых насычаных пляцовак у Дзень горада стане плошча Леніна. Тут разгорнуцца адразу тры гастранамічныя лакацыі.
«Сырны квартал» прадставіць амаль 50 найменняў сыру, у тым ліку навінкі айчынных вытворцаў. Усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе па прыгатаванні страў з сырнымі інгрэдыентамі. Для дзяцей падрыхтаваны ўрокі па варцы сыру, квэсты ў пошуках «сырных скарбаў» і настольныя гульні, а для дарослых — тэматычныя віктарыны.
Фестываль беларускай кухні пазнаёміць гасцей з традыцыйным вясковым побытам і нацыянальнымі стравамі. У меню — каша з прыпёкам, мяса на грылі, шашлыкі, рачная рыба, а таксама збіцень, медавуха і ўзвар.

Трэцяя пляцоўка аб’яднае аматараў вулічнай ежы. На фуд-корце працягласцю больш за 100 метраў можна будзе пакаштаваць піцу з грушай, стрыпсы, бургеры, дранікі і калдуны.
А яшчэ ў Дзень горада ў скверы імя А. А. Грамыкі пройдзе традыцыйны фестываль вінаграду.
Са спартыўным азартам
Ужо напярэдадні свята ў розных раёнах Гомеля гараджане і госці горада змогуць паўдзельнічаць у розных спартыўных мерапрыемствах. Самым масавым стане спартыўны гарадок у раёне Лядовага палаца, дзе прадставяць свае магчымасці спартыўныя школы і арганізацыі, якія працуюць у сферы фізічнай культуры і спорту.

Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах і паспрабаваць сябе ў розных актыўнасцях. Адной з незвычайных праграм стане фітнес-джампінг пад беларускія песні.
У Дзень горада пляцоўка ў раёне Лядовага палаца стане месцам правядзення «Аўтамотадрыфту». Тут будзе прадстаўлена каля тысячы адзінак мота- і аўтатэхнікі. Гледачы змогуць не толькі ўбачыць спаборніцкую праграму, але і пазнаёміцца з тэхнікай і яе пілотамі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомель. Афіцыйна» і з адкрытых крыніц