Top.Mail.Ru

Гомельскія дэпутаты на практыцы пераканаліся, што ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» дае значны эфект у развіцці тэрыторый

Непасрэдна ў цэхах, на вытворчых участках пазнаёміцца з тым, як абнаўленне вытворчых ліній, укараненне сучасных тэхналогій, рэалізацыя ініцыятыў «Адзін раён — адзін праект» павышаюць эфектыўнасць прадпрыемстваў і забяспечваюць занятасць людзей у эканоміцы, змаглі старшыні Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельшчыны на выязным навучальным семінары, які прайшоў у Рагачове.



Прыклады росту

Дэпутаты змаглі ацаніць работу ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар». Дырэктар прадпрыемства дэпутат раённага Савета дэпутатаў Генадзь Філіпаў правёў экскурсію для ўдзельнікаў семінара па ключавых вытворчых участках. Па ініцыятыве «Адзін раён — адзін праект» на заводзе мадэрнізуецца цыкл вытворчасці высокадакладных оптыка-механічных прыбораў.


У механічным цэху можна было пабачыць у дзеянні новую сучасную лінію станкоў па высокадакладнай апрацоўцы дэталяў. На ўчастку лазернага рэзання ліцейна-штамповачнай вытворчасці прадэманстравалі работу абсталявання, якое дазваляе дасягаць стабільных параметраў нарыхтовак. Сёння на «Дыяпраектары» працуюць больш за 800 чалавек.



Другім пунктам маршруту семінара дэпутатаў стаў Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат. Важнай часткай знаёмства з новымі вытворчымі магчымасцямі вядомага ў краіне і за яе межамі прадпрыемства стаў інавацыйны праект, як таксама ўвайшоў у праграму «Адзін раён — адзін праект». Гаворка аб стварэнні ўчастка па вытворчасці хлебабулачных вырабаў і адкрыцці «Першай пякарні». Вытворчасць з’явілася на плошчах былога будынка Рагачоўскага хлебазавода, які не працаваў больш за два гады. Аднавіць выпуск хлеба ў буйным раённым цэнтры даў даручэнне кіраўнік дзяржавы.

Праведзены маштабныя работы па аднаўленні вытворчасці: поўная тэхнічная мадэрнізацыя будынка, устаноўка новага абсталявання для прыгатавання цеста, выпечкі і ўпакоўкі хлебабулачных вырабаў. Як распавёў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па тэхнічных пытаннях Дзмітрый Аляксееў, хоць задача была няпростай, аднак агульнымі намаганнямі ўдалося рэалізаваць праект на месяц раней тэрміну. Сёння пякарня здольная выпякаць больш за 1,5 тоны прадукцыі ў суткі. Пякарня і фірмовая крама, адкрытая побач з вытворчым участкам, — першыя этапы інавацыйнага праекта. Завяршаецца трэці этап — будаўніцтва ахаладжальных саставаў для захоўвання прадукцыі, прызначанай на экспарт.


Пытанні ад жыцця

Як звярнула ўвагу дэпутатаў па выніках работы семінара і знаёмства з ініцыятывамі «Адзін раён — адзін праект» член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, поспех Рагачоўшчыны ў развіцці прамысловага патэнцыялу — вынік мэтанакіраванай работы ў справе мадэрнізацыі і павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

— Асаблівая ўвага ў нашай вобласці — раёнам, дзе зноў створаныя вытворчасці становяцца пунктамі росту, адкрываюцца рабочыя месцы, — падкрэсліла сенатар. — У Гомельскай вобласці ў 2025 годзе прадугледжана рэалізацыя 96 інвестыцыйных праектаў, накіраваных на ўмацаванне і развіццё эканомікі тэрыторый, а ў 2024 годзе рэалізавана 25 праектаў па праграме «Адзін раён — адзін праект».

Член Савета Рэспублікі адзначыла, што наведванне прадпрыемстваў Рагачоўскага раёна пацвердзіла важную ролю ініцыятыў «Адзін раён — адзін праект» у развіцці мясцовай прамысловасці і эканомікі ў цэлым.

— Мы бачым уклад гэтых прадпрыемстваў у стварэнне рабочых месцаў, павышэнне прадукцыйнасці і развіццё тэхналогій. Аднак для дасягнення новага ўзроўню росту і ўмацавання пазіцый на рынку неабходна працягваць інвестыцыі ў мадэрнізацыю вытворчасці, укараненне сучасных тэхналогій і развіццё кадравага патэнцыялу, — зрабіла акцэнт кіраўнік дэпутацкага корпуса Гомельшчыны.

Кацярына Зенкевіч звярнула ўвагу старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню на ключавыя пытанні, абазначаныя на сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу, якое адбылося ў Палаце прадстаўнікоў па забеспячэнні ўстойлівай работы прамысловага комплексу:

— Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, ва ўмовах глабальнага супрацьстаяння развітая індустрыяльная база з’яўляецца не проста эканамічным актывам, а фундаментам нацыянальнай бяспекі і незалежнасці. Прамысловасць фарміруе каля трэці валавага ўнутранага прадукту і тры чвэрці экспарту, што ставіць яе функцыянаванне на асаблівы кантроль кіраўніка дзяржавы. Прамысловасць — гэта перш за ўсё людзі. Гэта сфера забяспечвае занятасць чвэрці эканамічна актыўнага насельніцтва, выступае горадаўтваральнай асновай. Такім чынам, усе пытанні галіны — ад аб’ёмаў вытворчасці да кадравай палітыкі — павінны вырашацца праз прызму сацыяльных аспектаў: узроўню заробкаў, кваліфікацыі, замацавання маладых спецыялістаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю