Асаблівасць заказу — спалучэнне вялікага танажу і новай для «Цэнтраліта» маркі чыгуну. «Самая цяжкая адліўка — трымалка — важыць 17 т. Яе і астатнія дэталі фармовачнага абсталявання вырабяць з нізкалегіраванага чыгуну, які змяшчае нікель і валодае высокай гарачатрываласцю і зносаўстойлівасцю, здольны вытрымліваць экстрэмальныя тэмпературы і ціск», — назваў галоўныя характарыстыкі гэтага сплаву дырэктар Гомельскага ліцейнага завода «Цэнтраліт» Сяргей Арцёменка.
Тэхналагічна найбольш складанай у заказе МАЗа гамяльчане назвалі матрыцу. У ёй шмат заглыбленняў, выступаў, адтулін і разьбы, таму аснастку для яе вырашылі вырабіць не з дрэва, а з пенаполістырола. Гэты матэрыял лягчэй рэжацца і свідруецца, што станоўча паўплывае на якасць будучых адлівак.
Як расказаў дырэктар, гэта не масавы серыйны заказ, яго спецыфіка ў тым, што шмат у чым гэта ручная, індывідуальная работа. На прадпрыемстве ўпэўнены: вырабленыя на «Цэнтраліце» дэталі праслужаць не менш за імпартныя аналагі.
Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» — буйнейшае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вытворчасці літых вырабаў з шэрага і высокатрывалага чыгуну. Ён вырабляе больш як 3 тыс. найменняў літай прадукцыі для машынабудавання, нафтагазавай і металургічнай галін, будаўніцтва шахт і метрапалітэнаў. Ліццё завода можна сустрэць у буйных гарадах Беларусі, ды і ў Расіі многія гістарычныя збудаванні і інфраструктурныя аб’екты маюць гомельскі след.