Top.Mail.Ru

Гомельшчына зацікаўлена ў паглыбленні міжнародных адносін

Эканоміка даверу 


Больш за 400 прадстаўнікоў з 13 краін свету аб’яднаў XX Гомельскі эканамічны форум. У рамках знакавай міжнароднай падзеі ў жыцці Гомельшчыны V Рэгіянальны форум «Гомель—Бранск» у чарговы раз стаў пляцоўкай абмеркавання канкрэтных праектаў, здольных ўзмацніць інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Двухдзённая праграма форуму стартавала з пленарнага пасяджэння ў Гомельскім грамадска-культурным цэнтры. Традыцыйна галоўнай задачай маштабнай сустрэчы стала стварэнне ўмоў для адкрытага дыялогу паміж прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і інвестыцыйнай супольнасці.

Як падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, Бранская вобласць застаецца адным з ключавых эканамічных партнёраў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі. Так, за першы квартал бягучага года тэмп росту тавараабароту паміж рэгіёнамі склаў 120 %. Каля 150 прадпрыемстваў Гомельскай вобласці экспартуюць сваю прадукцыю на Браншчыну, сто прадпрыемстваў імпартуюць бранскія тавары. Пастаўкі ажыццяўляюцца па 800 таварных пазіцыях.


Паводле слоў кіраўніка беларускага рэгіёна, па выніках мінулага года Бранская вобласць заняла чацвёртае месца ў тавараабароце Гомельшчыны. Найбольш актыўна супрацоўніцтва развіваецца ў машынабудаванні, будаўніцтве, мясаперапрацоўцы і харчовай прамысловасці. Значная ўвага таксама надаецца сацыяльнай сферы.

— Упэўнены, што падрыхтаваныя ў рамках форуму пляцоўкі дадуць магчымасць рэалізаваць нам новыя праекты, знайсці новыя пункты росту для далейшага развіцця, — выказаў упэўненасць Іван Крупко.

Як звярнуў увагу старшыня Гомельскага аблвыканкама, за гады правядзення рэгіянальны форум стаў эфектыўным механізмам для пашырэння дзелавых сувязяў і запуску новых сумесных ініцыятыў.

— Мы супрацоўнічаем у прамысловай кааперацыі, жыллёвым і дарожным будаўніцтве, адукацыі, культуры, спорце, рэалізуем сумесныя праекты па патрыятычным выхаванні моладзі. Прамысловая інтэграцыя прадстаўлена флагманамі «Гомсельмашам» і «Брансксельмашам», новым праектам Гомельскага электратэхнічнага завода і Тэрматрон-Завода па выпуску прадукцыі для чыгунак, — зрабіў акцэнт на ўзаемадзеянні бізнес-супольнасцей дзвюх абласцей Іван Крупко. Паводле яго слоў, менавіта прамыя кантакты паміж прадпрыемствамі становяцца асновай устойлівага эканамічнага развіцця, фундаментам гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў.

Знакавы ўжо рэалізаваны праект — супрацоўніцтва ТАА «Тэрматрон-Завод» і Гомельскага электратэхнічнага завода па выпуску прадукцыі для бяспекі руху на чыгунцы. Цяпер вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці, укараняецца адзіная аўтаматызаваная сістэма ўліку і дакументаабароту, ствараецца база для ўдзелу ў перспектыўных праектах для беларускай і расійскай чыгуначных дарог.

Як асабліва падкрэсліў Іван Крупко, V Рэгіянальны форум «Гомель — Бранск» павінен стаць адпраўной кропкай для новых рашэнняў у сферы імпартазамяшчэння і развіцця вытворчасцей у свабодных эканамічных зонах Гомельскай і Бранскай абласцей. 

Новых кантрактаў і паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў удзельнікам форуму пажадаў выконваючы абавязкі губернатара Бранскай вобласці Ягор Кавальчук. Кіраўнік расійскага рэгіёна падкрэсліў асаблівую ролю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў развіцці эканомікі Гомельшчыны і Браншчыны і нагадаў, што паміж рэгіёнамі ўжо склаліся асабліва цесныя эканамічныя сувязі. 

— Вялікая эканоміка будуецца на ўзаемаадносінах канкрэтных прадпрыемстваў і канкрэтных людзей. Форум у Гомелі якраз і ёсць рэалізацыя народнай эканамічнай палітыкі, — зазначыў Ягор Кавальчук.

У якасці прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва кіраўнік расійскага рэгіёна назваў праекты ў сферы вытворчасці электратэхнічнай прадукцыі, сельскагаспадарчай і спецыяльнай пагрузачнай тэхнікі. Сярод перспектыўных напрамкаў — харчовая перапрацоўчая прамысловасць і будаўніцтва.

Асобна кіраўнік бранскага рэгіёна адзначыў уклад беларускіх будаўнікоў у развіццё сацыяльнай інфраструктуры Бранскай вобласці. Так, Гомельскі домабудаўнічы камбінат ужо ўвёў у эксплуатацыю два шматкватэрныя дамы, а сёлета плануецца асваенне яшчэ дзвюх будаўнічых пляцовак, у тым ліку з удзелам Мазырскага домабудаўнічага камбіната.

На палях форуму далейшае супрацоўніцтва Гомельшчыны і Браншчыны замацавалі падпісаннем Плана мерапрыемстваў на 2026–2029 гады па рэалізацыі Пагаднення паміж Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і ўрадам Бранскай вобласці, Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве паміж Гомельскім гарвыканкамам і Бранскім гарадскім Саветам народных дэпутатаў на 2026–2027 гады. Таксама падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў і Саюзам арганізацый прафсаюзаў «Федэрацыя прафсаюзаў Бранскай вобласці». 

Далейшая праграма Форума прадугледжвае знаёмства дэлегацый і удзельнікаў з асобнымі тэматычнымі секцыямі: АПК, навука і тэхналогіі, штучны інтэлект, турыстычная індустрыя, жаночае прадпрымальніцтва.

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю