Да барацьбы са снегам актыўна далучаюцца жыхары рэгіёна. Прадпрыемствы, арганізацыі, установы, прадстаўнікі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання выходзяць на расчыстку тэрыторый, дапамагаюць камунальным службам у складаных умовах бесперапыннага снегападу.
У абласным цэнтры арганізавана 27 пунктаў выдачы інвентара, які можна ўзяць часова для прыборкі снегу.
— Мы арганізавалі прадстаўнікоў нашага камітэта і ўсіх ахвотных, каб аказаць дапамогу ў расчыстцы дваровай тэрыторыі, — тым, як гамяльчане аб’ядноўваюцца, каб аказаць падтрымку камунальным і дарожным службам у барацьбе са снегам, — падзялілася член камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Сонечны» г. Гомеля Яўгенія Барабанава. — Гэта цяпер вельмі важна. Снегу вельмі шмат, машынам цяжка выехаць з двара, людзям таксама цяжка рухацца. Таму мы рады, што агульнымі намаганнямі дапамагаем.
У Гомельскім раёне пасільны ўдзел у ачыстцы ад снегу дваровых тэрыторый і месцаў агульнага карыстання імкнуцца ўнесці неабыякавыя жыхары населеных пунктаў. Так, на заклік Бабовіцкага сельвыканкама аказаць садзейнічанне ў расчыстцы снегу ў аграгарадку Бабовічы адгукнуліся мясцовыя жыхары. Памочнік старшыні Бабовіцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Старадубцаў на асабістым трактары расчысціў тэрыторыі фельчарска-акушэрскага пункта, стаянкі каля аддзялення банка, будынкаў сельвыканкама і крамы, а таксама тратуарную частку адной з вуліц і пад’езд да дзіцячага сада. Да агульнай справы ў гэтым населеным пункце далучыліся і актыўныя пенсіянеры, якія пражываюць у шматпавярховых дамах. Яны дапамаглі ў расчыстцы тратуараў.
На Гомельшчыне спецтэхніку, што спраўляецца з наступствамі непагадзі, суправаджаюць экіпажы ДАІ. Павінен быць адпрацаваны кожны маршрут для жыццезабеспячэння грамадзян, і памочнікамі ў гэтым пытанні павінны стаць майстры дарожных службаў і кіраўнікі сельвыканкамаў. Менавіта на гэтыя першачарговыя задачы, каб не дапусціць затрымкі рэйсавых аўтобусаў, машын экстраннай дапамогі, скіраваў увагу старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Абстаноўка, выкліканая экстрэмальнымі ўмовамі надвор’я, знаходзіцца на пастаянным кантролі абласнога штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі, які правёў кіраўнік Гомельскага рэгіёна.
Як было адзначана, за апошнія суткі на тэрыторыі вобласці назіраліся моцныя ападкі, снег і ледзяны дождж. Найбольшая вышыня снежнага покрыва — ад 36 да 38 сантыметраў — зафіксавана ў Жыткавіцкім і Жлобінскім раёнах. Менавіта там нагрузка на службы застаецца асабліва высокай. Камунальныя, аператыўныя і дарожныя службы працуюць кругласутачна і знаходзяцца ў рэжыме павышанай гатоўнасці.
Сёння ў рэгіёне асноўныя намаганні скіраваны на ачыстку трас, мясцовых дарог, пад’ездных шляхоў да населеных пунктаў, прыборку снегу ў дварах. Асобная ўвага надаецца бесперабойнаму жыццезабеспячэнню насельніцтва.
Як адзначылі на пасяджэнні абласнога штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі, у мінулыя суткі збояў у дастаўцы прадуктаў харчавання і карэспандэнцыі не зафіксавана. Маршруты аўтакрам і перасовачных пунктаў сувязі былі своечасова расчышчаны. Пошта не была дастаўлена толькі ў некалькі населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна, аднак гэтае пытанне вырашалася аператыўна.
За мінулыя суткі з кароткачасовымі адключэннямі электраэнергіі сутыкнуліся жыхары 38 населеных пунктах. Электразабеспячэнне было аператыўна адноўлена. Установы адукацыі працуюць у штатным рэжыме, аднак падвоз дзяцей з малых населеных пунктаў часова адменены.
Па стане на раніцу 9 студзеня прадпрыемствамі ЖКГ задзейнічана каля 434 адзінак спецыялізаванай тэхнікі і звыш 1400 чалавек. Дадаткова дарожнымі арганізацыямі на лінію выпушчана больш як 430 адзінак тэхнікі і звыш 500 работнікаў, у тым ліку 162 адзінкі спецтэхнікі задзейнічаны на дарогах рэспубліканскага значэння.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота «Голас Веткаўшчыны»