Беларускі саюз мастакоў — адна з найстарэйшых творчых арганізацый, скіраваная на стварэнне і захаванне мастацкіх каштоўнасцей краіны. Але не менш важны досвед існавання ў розныя часы: саюз вядзе сваю гісторыю з далёкага 1938 года, а некаторыя яго сябры маюць нават больш гадоў за плячыма і маглі б распавесці пра тое, як час уплывае на творцаў і мастацтва. Таму што вядомы моманты ў гісторыі, калі асобныя мастакі былі ўдзельнікамі і сведкамі драматычных падзей. Вядомы і моманты, калі выбар мастацкі і маральны ішлі поруч, а голас творцаў быў важкім у грамадстве. У апошнія гады ў беларускай мастацкай прасторы таксама адбываецца трансфармацыя, якую адчуваюць і самі творцы, і людзі, якія сочаць за выстаўкамі. Хочацца зразумець: якія арыенціры для сябе бачыць адзін з найбуйнейшых творчых саюзаў краіны?
Чым жыве цяпер арганізацыя? Пра гэта распавёў яе старшыня Глеб Отчык.
— Падзеі, якія адбыліся за апошнія пяць гадоў, пачынаючы з пандэміі, а пазней і ў грамадстве ды ў геапалітыцы, не маглі не адбіцца на нашай працы. Калі мяняецца геапалітычная сітуацыя ў свеце, то гэта так ці інакш закранае кожнага чалавека, і на мастаках, натуральна, адбіваецца. Нездарма яркія творы часта нараджаліся ў моманты сацыяльных зрухаў, у цяжкія часы яны падштурхоўваюць да асэнсавання падзей, заклікаюць азірнуцца ў мінулае, збіраць камяні і ісці наперад. Вось і мы яшчэ раз звярнуліся да гісторыі, да беларускага коду, да самасвядомасці: хто мы сёння ў вялікая геапалітычнай сітуацыі? У нас зараз з’яўляюцца новыя праекты і напрацоўкі, мы шмат што добрае згадваем з той мадэлі працы, што была ў савецкім мінулым. Разам з Міністэрствам культуры аднаўляем сістэму, пры якой існаваў сацыяльны заказ: мастакі малююць на патрэбную актуальную тэму, і з’яўляюцца выстаўкі з канкрэтнай тэматыкай.
Магу сказаць, што за апошнія пяць гадоў мы кансалідавалі наш саюз. Мы надалі асаблівую ўвагу абласцям, не шкадуючы ні сродкаў, ні тэхнікі, ствараючы адмысловыя праекты. Гэта дало павелічэнне ў восем разоў колькасці праектаў з нашай прысутнасцю ў абласных цэнтрах, у раёнах. Любы раённы конкурс ці творчыя пленэры мабілізуюць мастацкую супольнасць не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў, дзе адбываюцца выстаўкі і творчыя сутрэчы, асабліва каштоўна, калі да размоў падключаюцца дзеці. Напрыклад, падча пленэру ў Свіслачы я меў майстр-клас у мастацкай школе ў, дзе распавядаў пра сваю творчасць, а пасля яшчэ больш за гадзіну дзеткі задавалі пытанні. Гэты дыялог, які ідзе па ўсёй краіне, вельмі важны: гэта наша будучыня, якую трэба выхоўваць. Менавіта дзеля гэтага па краіне ствараецца шэраг манументальных прац, толькі Гомельскі мастацкі камбінат рэалізаваў у вобласці тры праекты за апошнія два гады: музей у Азарычах, музей у Але, музей, прысвечыны дзецям вайны. А яшчэ і пленэр быў, арганізаваны разам з Міністэрствам культуры. Калі я зайшоў паглядзець музей у Азарычах, то на экскурсіі якраз была група сувораўцаў, некалькі хлопцаў плакалі...Разумею, чаму пасля і ў нашых мастакоў на вачах бачыў слёзы. Думаю, пасля наведвання такіх музеяў яны будуць па-іншаму мысліць, нават у сваім мастацтве. Будуць лепш адчуваць і разумець каштоўнасць таго, што мы маем. Таму што цяпер у свеце ідзе інфармацыйная вайна, яна даволі гарачая, адбіваецца і на псіхалогіі чалавека, і на мастацтве. Але мы важныя пункты ўжо прайшлі і маем разуменне, з чым рухацца далей. Адказы ёць у беларускім мастацтве.
Нашы калегі з іншых краін адзначаюць адметнасць беларускага мастацтва. Мы шмат праектаў робім з творцамі Узбекістану, Кітаю, Расіі — з Ніжняга Ноўгарада, Варонежу. Разумеем: у нас ёсць самабытная школа, не падобная ні на адну іншую школу. Напрыклад, у скульптуры. Беларускія скульптары ўнікальныя: увабралі і класічную школу, і, паколькі мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, то і гэтыя ўплывы ў мастацтве адчувальныя. Але мы выпрацавалі сваю мову, непадобную да іншых. Гэта цэніцца ва ўсім свеце, нас з задавальненнем запрашаюць да супрацоўніцтва. Куды б нашы скульптары і жывапісцы ні паехалі, яны атрымліваюць добрыя водгукі, напрыклад, так было ў Турцыі ды Азербаджане. Ніколі не чуў, каб хтосьці раскрытыкаваў творцаў-беларусаў — у нас наогул ўнікальны народ са сваёй школай, са сваім характарам. Таленавіты народ.
— Акрамя грамадскіх праектаў ёсць асабістая творчасць у кожнага мастака. Якім чынам саюз дапамагае, вызначае, альбо падтрымлівае іх праз выстаўкі?
— Наша арганізацыя фактычна сама зарабляе грошы і сама аплочвае выстаўкі (а гэта вялікая частка выдаткаў). Мы прадастаўляем транспарт мастакам да выстаўкі, выдаткоўваем матэрыяльную дапамогу. Пры дасягненні 80-гадовага ўзросту вызваляем ад унёскаў, а была ідэя нават пенсіі плаціць, але пакуль не атрымліваецца: гады пандэміі крыху падкасілі нашу эканоміку. Тым не менш, мы вытрымалі. І да Дня работнікаў культуры мы можам заахвочваць заслужаных і народных мастакоў, як і ветэранаў вайны. Бачым, каму цяжка, хто ва ўзросце — больш за 80 гадоў — і аказваем матэрыяльную дапамогу, нават не адзін раз на год. У нас шмат праграм, скіраваных на дапамогу сябрам саюза. Імкнёмся працаваць гнутка. І матэрыяльную базу арганізацыі паляпшаем, напрыклад, ідзе замена вокнаў у нашым будынку. Нядаўна прарвало трубу цеплатрасы (напэўна, ніколі ніхто не рамантаваў з моманту ўкладкі), значная сума грошай (56 тысяч) пайшла на рамонт. Вялікія выдаткі ідуць на ўтрыманне нашай гаспадаркі, таму што будынкі не маладзеюць, а ўсё патрабуе дагляду — нерухомасць, майстэрні. У Беларускага саюза мастакоў вялікая гаспадарка, мы ўсім займаемся самі. У нас ёсць майстэрні ў розных гарадах, як і ўнітарныя прадпрыемсты, мастацкія камбінаты — усе працуюць.
Нядаўна разам з Міністэрствам культуры мы ладзілі праект у Нацыянальным музеі Казахстана. Мяне папрасілі выступіць, і я распавядаў пра наш саюз мастакоў і яго праекты. Вось сухія лічбы: за тры гады мы правялі больш за 500 праектаў — сярод іх рэспубліканскія, абласныя, міжнародныя. Гэта толькі тыя, што арган ізаваныя за наш кошт, без падтрымкі. Наша Унітарнае прадпрыемства ўжо чатыры гады запар выйграе тэндар у Маскве, гэта адзін з самых буйных праектаў на вайсковых могілках, дзе задзейнічаны скульптары і студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў. Мастацкі камбінат мы мала таго, што захавалі, дык яшчэ адкрылі швейны цэх, дзе працуюць тры машыны, і керамічны цэх. З’явіліся свае архітэктары, дызайнеры у штаце, каб рабіць адметныя музейныя праекты. Набіраем абароты. Так было калісьці і ў Казахстане, і яны пашкажавалі, што не захавалі, слухалі з добрай зайздрасцю.
І яшчэ: мы глядзім у будучыню. Я выкладаю ў акадэміі мастацтваў і ведаю, што яшчэ пяць гадоў таму студэнты, якія хацелі ўспупіць у саюз, мыслілі такім чынам: гэта арганізацыя, дзе, магчыма, калісьці дадуць майстэрню. А сёння мы набіраем шмат моладзі. Калі раней 4-6 чалавек за год, то зараз 36 чалавек у год папаўняюць шэрагі арганізацыі. Моладзь да нас пацягнулася, таму што ёсць разуменне, што саюз не толькі для сталых асоб, а гэта менавіта стартавая пляцоўка, дзе можна не проста атрымаць камунікацыю, але яна дапамагае выстаўляцца, зарабіць грошы. Таму што мы прыцягваем моладзь да працы на важных музейных аб’ектах. Пасля такіх работ рабяты па-іншаму мысляць. Нават студэнты акадэміі, якія лепяць барэльефы загінулых вайскоўцаў, кантуктуюць са сваякамі, каб дасягнуць партрэтнага падабенства. І ў іх трымціць сэрца, яны пачынаюць па-іншаму ацэньваць сусветную сітуацыю. Магу сказаць пра сябе: шмат глядзеў на абразы ў музеях, але калі сам паспрабаваў распісаць храм, ці стварыць ікону, то з’явіўся іншы светагляд.
— На з’ездзе саюза была скасавана маладзёжная секцыя. За кошт чаго моладзі стала больш?
— Мы прынялі рашэнне аб ліквідацыі гэтай секцыі, але гэта робіцца не адразу. Маладыя людзі, што ўступаюць у маладзёжную секцыю, будуць замацоўвацца да дарослых сяброў саюза. Напрыклад, калі манументаліст быў у маладзёжнай секцыі, то цяпер ён будзе ў секцыі манументальнага мастацтва. Мы хочам зрабіць сустэму кандыдатаў: калі за два гады чалавек даказаў сваімі выстаўкамі і працай, што ён варты сяброўства ў арганізацыі, то не трэба паўторна збіраць дакументы, ён аўтаматычна прыходзіць у дарослую секцыю. Палажэнне аб гэтым зараз распрацоўваем, мяркую, што на бліжэйшай радзе зацвердзім.
— У саюзе мастакоў шмат людзей сталых, заслужаных. Ці ёсць кантакт унутры арганізацыі паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў?
— У нас шмат праектаў, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных пакаленняў. Найперш, гэта рэспубліканскія выстаўкі, удзельнікамі якіх становяца мастакі ад 18 гадоў да 90 і нават болей. Акрамя таго мы праводзім чатыры пленэры на год. Адзін з іх — «Свята зямлі беларускай», разам з праваслаўнай царквой, падчас якога дапамагаем дзеткам-інвалідам у Івянцы. У гэтым пленэры, як правіла, удзельнічаюць і студэнты акадэміі мастацтваў, і заслужаныяя ды народныя мастакі, людзі сталага веку. . Ідзе дыялог, перадача досведу, ды і дарослыя мастакі глядзяць на моладзь, нешта чарпаюць у яе. Людзі разумеюць, што ў мастацтва няма межаў, а саюз — гэта быццам бы вялікая сям’я, у якой ёсць дзядулі з бабулямі, матуля, бацька, браты ці сёстры — ідзе міжузроставая камунікацыя. Праз яе замацоўваюцца элементарныя каштоўнасці, як павага да дарослых, што ў цяперашні час часта губляецца. А мы стараемся ўнесці ў працу выхаваўчы момант. Так мы ў выхадны дзень віншавалі з юбілеем Чарнышова Уладзіміра Фёдаравіча: вялікае жыццё за плячыма, вялікі ўнёсак зроблены.
— Ваш бацька — адзін са старэйшых сяброў саюза. У творчых сем’ях бывае так, што нехта стаіць на пазіцыях рэалістачнага мастацтва, нехта на наватарсксіх пазіцыях. У вашай сям’і як вырашалася гэтая праблема?
— Тата пераадолеў сямідзесяціпяцігадовую мяжу, была яго юбілейная выстаўка ў галерэі Савіцкага. У бацькі былі розныя перыяды, ёні прафесійна займаўся плакатам, яго працы ёсць у Японіі ў вядучых музеях. Ён займаўся абстрактным мастацтвам, а цяпер вярнуўся да класічнага. Думаю, што самы галоўны сакрэт у мастацтве — каб яно было шчырым. Калі яно ідзе ад душы, то не важна, як ты што малююеш: гэта будзе гіпнатызаваць, захопліваць, чапляць гледача. Напэўна, гэта найгалоўны прынцып. У нас з бацькам няма на гэты конт гарачых спрэчак.
— А ў саюзе?
— Раней былі: гэта — мастацтва, а тое — не мастацтва... Зараз такі час, што мы не павінны падзяляць, трэба наадварот кансалідаваць. Мы павінны даць магчымасць кожнаму выказацца. Для нас мае каштоўнасць кожны сябра. Нехта, можа, пакуль не здзіўляе, але калі даць яму магчымасць выстаўляцца, забяспечыць максімальную падтрымку, то ён можа «стрэліць», і яго творы будуць яе перліны. У нас няма падзелу на добрых і дрэнных мастакоў. У нас няма перадузятага стаўлення да кагосьці. Для мяне ўсе дарагія, у роўных умовах. Таму найбольш складаны момант, калі адбываюцца вылучэнні на дзяржаўныя ўзнагароды, на медалі, таму што для мяне кожны мастак мае індывідуальнасць, якую хочацца адзначыць граматай ці нейкай узнагародай... У нашай сітуацыі акрамя таго што ты кіраўнік, менеджэр, гаспадарнік, трэба быць яшчэ і псіхолагам. Таму што нашы мастакі — людзі тонкай душэўнай арганізацыі, вельмі ранімыя, іх паводзіны і творчасць часам мяняюцца ў залежнасці ад сезону. Але мы стараемся не сыходзіць у эмоцыі, а максімальна ў роўных умовах даваць ўсім магчымасць гаварыць на мове мастацтва.
— Вы кажаце, што ваша задача зрабіць саюз для кожнага. Але гэта вялікая колькасць людзей... Канкурэнтнае асяроддзе на карысць творчасці ці перашкаджае?
— На сённяшні дзень у нас каля 1200 сяброў саюза мастакоў, 10 унітарных прадпрыемстваў. Канешне, у сілу вялікай загрузкі ахапіць усіх фізічна мы не зможам, нават калі вельмі захочам. Але ёсць знакавыя праекты, куды запрашаем усіх. Канкурэнцыя насамрэч на карысць. Напрыклад, другі год мы рабілі сумесны праект з Мінскім веласіпедным клубам, «Viva kola art». Адчуваем канкурэнцыю і азарт мастакоў з абласцей (ёсць пераможцы з Гомельскай вобласці, з Магілёўскай, з Гродна). Мне падабаецца, што людзі пачалі атрымліваць грашовыя прызы, узнагароды — і гэта спрыяе канкурэнцыі. Першы раз было менш за 200 заявак, а цяпер больш за 500 — гэта сведчыць пра тое, што мы ўзрушылі грамадства. А ідэя нарадзілася, калі мы былі з міністрам культуры ў Казахстане, то сустракаліся з іх міністрам спорта і культуры. Там аб’яднанае міністэрства. Я падумаў: а чаму б і не паспрабаваць?.. Спачатку была веласіпедная тэма, а цяпер дадалі яшчэ шэсць федэрацый. Там мы паспрабавалі канкурэнтнае асяроддзе — і атрымалася. У нас, на жаль, ужо даўно не было трыенале сучаснага мастацтва. Але ў наступным годзе, спадзяюся, вернемся да яго. Таму што канкурэнцыя дае добрыя плады.
— Заўважны момант: цяпер стала больш выставак беларускай класікі, калі звяртаюцца да вядомых імёнаў. Чаму гэта адбываецца?
— Калі я прыйшоў у саюз мастакоў, для мяне было вельмі балюча бачыць тое, у якім стане знаходзяцца нашы фонды. Калі быў першым намеснікам старшыні, то асабіста іх вывучаў і нават пацярпеў з-за таго, што дыхаў пылам — кашаль дагэтуль ёсць. Два гады з калегам Леанідам Хобатавым прыводзілі ўсё да ладу. Цяпер гэтую працу працягнулі прафесійныя спецыялісты, якіх мы ўзялі ў штат. У нас ёсць музейная праграма, усе працы пачышчаны, алічбаваныя, упакаваныя ў скрыні. І магу сказаць, што за год мы правялі амаль 50 выставак з нашай калекцыі. Нават у маім кабінеце вісіць класіка — творы Віталя Цвіркі. І калі лядзіш, то разумееш, што ў гэтых працах ёсць праўда. Праўда пра жыццё, пра родную зямлю. Ёсць праўда светаадчування. Калі мне цяжка прыняць рашэнне, я гляжу на гэтыя працы, і яны мне падказваюць.
Узгадваю сустрэчу з Леанідам Дзьмітрыевічам Шчамялёвым, калі нам яшчэ ўдалося павіншаваць з 9 мая. Калі арыентуешся на такіх асоб, як Шчамялёў ці Васіль Шаранговіч, думаеш: а як бы яны зрабілі? Тады лёгка прымаць рашэнне. Класіка — гэта своеасаблівы касмічны беларускі код, які забяспечвае повязь пакаленняў. Калі глядзіш на працы Міхаіла Савіцкага, разумееш, які боль перажыў наш народ, то ты не можаш здраджваць яму. Гэта важна, каб не здрадзіць самім сабе. А здрада можа адбывацца і ў мастацтве, у тым ліку, калі людзі пачынаюць падманваць. Чаму я кажу пра шчырасць у мастацтве — яно можа быць абстрактнае ці класічнае, любое, але яно павінна быць шчырым.
— У віншаванні работнікам культуры прагучала, што мастацтва павінна працаваць на дзяржаўнасць. Якім чынам, на вашу думку?
— Мова мастацтва заўсёды было магутным ідэалагічным інструментам. Калі гаварыць пра дзяржаўнасць і патрыятызм, то ў студзені ў Палацы мастацтва запланаваны адметны праект: пра тое, што мы за 30 гадоў стварылі, пачынаючы з 1994 года. А гэта шмат знакавых аб’ектаў, ярод іх помнікі вайны і гісторыі: Трасцянец, Боркі, Ала, Музейны комплекс «Хатынь», Азарычы, Гродзенскі замак, Нясвіжскі, Мірскі... А таксама Палац Незалежнасці, Вярхоўны суд, Нацыянальная бібліятэка. Манументальныя творы мастацтва, якія былі створаны, сведчыць пра тое, што мы разам з дзяржавай. Так атрымалася, што нам стварылі камфортныя ўмовы, але не навучылі казаць «дзякуй». Шмат якія мастакі былі ў вольным плаванні, самі па сабе. Адзінкі з’ехалі за мяжу — ды ці здабылі там шчасце? Але людзі, якія засталіся на радзіме, шмат што пераасэнсавалі ў апошні час, яны хочуць працаваць і даказваць сваю прыналежнасць да Беларусі.
— У нашай краіне заснавана Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва, гэта падзея ўнутры творчага асяроддя. Ці можна яе развіваць, каб лаўрэаты набывалі рэальную вядомасць на нацыянальным узроўні?
— Мяркую, што слова «нацыянальная» павінна грымець. Гэта годная і важная прэмія. Але трэба зрабіць віток, каб надаць ёй больш высокі статус і ўздымаць рэйтынг гэтай прэміі. На мой погляд, уручэнне можна было б рабіць не проста ў кулуарах Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, а ў межах знакавай пляцоўкі, напрыклад, у Палацы Рэспублікі ці Палацы Незалежнасці, дзе лепш дэманстраваць творы, каб іх бачыла больш людзей і быў сапраўдны рэзананс. Гэта пойдзе на карысць усім, бо мы — творцы і патэнцыйныя гледачы — належым да адной супольнасці, мы павінны адчуваць адзін аднаго.