Top.Mail.Ru

Гісторыя жанчыны, якая даказала, што пры жаданні і падтрымцы дзяржавы можна ператварыць любімую справу ў прыбытковы бізнес

Каб было прыгожа

У аграгарадку Заямнае, што на Стаўбцоўшчыне, ёсць адна цікавая сядзіба. Замест звычайнага агарода — дэкаратыўныя міксбордары, замест дзікарослага кустоўя — акуратныя тапіярныя формы. Аўтар гэтай прыгажосці — мясцовая жыхарка Анастасія Агарык. Яна — ландшафтны дызайнер, якая здолела зрабіць сваё хобі афіцыйным бізнесам, і ў гэтым ёй дапамагла дзяржава.

Шлях ад клумбы да прафесіі

Ландшафтным дызайнам Анастасія займаецца ўжо больш за дзесяць гадоў. Па адукацыі яна менеджар спорту і турызму, доўгі час працавала на турыстычным комплексе «Высокі бераг». Але сапраўдную асалоду ёй заўсёды давала праца на зямлі. Увесь гэты час яна ўзбройвалася ведамі самастойна: чытала, вучылася на памылках, перарабляла дызайн на ўласных 30 сотках. Яе муж, сыны і нават мама сталі галоўнымі памочнікамі, калі ідэі, якія, па словах Анастасіі, часта наведваюць ноччу, патрабуюць тэрміновага ўвасаблення.

— Падымаюся а 4-й раніцы, азіраюся, буджу сям’ю і кажу: тут будзе клумба, а тут — вось гэта дрэва. Разам выкопваем дзёран, носім камяні, засыпаем, саджаем. Да абеду мая ідэя ўвасабляецца ў жыццё, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства наша гераіня.

З часам да яе пачалі звяртацца суседзі і сябры з просьбамі дапамагчы і ім стварыць прыгажосць на ўчастках. Тады Анастасія зразумела: яна павінна выходзіць на новы ўзровень.

Каб займацца ландшафтным дызайнам на прафесійнай аснове, патрэбны не толькі талент, але і сур’ёзныя ўкладанні. Садовая тэхніка, інструменты, матэрыялы — усё гэта каштуе грошай.

У лістападзе 2025 года Анастасія звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама. Там ёй прапанавалі скарыстацца дзяржаўнай праграмай па садзейнічанні занятасці — атрымаць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. Працэдура аказалася простай і зразумелай:

— Я зарэгістравалася ў службе занятасці як беспрацоўная. Бясплатна прайшла анлайн-курсы па складанні бізнес-плана, які арганізаваў сацыяльны цэнтр. Самастойна склала бізнес-план па ландшафтным дызайне. Падала заяўку на атрыманне субсідыі.

Цэнтр занятасці бізнес-план праверыў. Заяўку адобрылі, і Анастасія атрымала субсідыю ў памеры 5300 рублёў на набыццё інвентару. Усе грошы пайшлі на прафесійны інструмент і тэхніку: магутную газонакасілку, высакарэз, электрычны трымер і іншае.

— Вядома, інструмент прыходзіцца набываць пастаянна: штосьці выходзіць са строю, з’яўляюцца новыя мадэлі. Але гэта стартавая дапамога дала вельмі добры штуршок, — адзначае прадпрымальніца. У яе планах — набыццё спецыяльнай машыны для збору лісця.

Ад самазанятасці да паспяховага бізнесу

Пасля атрымання субсідыі Анастасія аформіла самазанятасць і пачала афіцыйна працаваць. Яна аказвае паслугі па тапіярным мастацтве (мастацкая стрыжка дрэў і кустоўя) і ландшафтным праектаванні садоў, паркаў і двароў.

Кожны месяц плаціць падатак. Сума залежыць ад сезона і колькасці заказаў.

Асноўнае правіла Анастасіі Агарык: рабі для кліента так, як для сябе. Яна не навязвае сваё меркаванне, але заўсёды параіць, як будзе больш эстэтычна і функцыянальна. Найбольш любіць працаваць з дрэвамі і хвойнымі раслінамі.

Сямейная падтрымка

Анастасія замужам. Яе муж Алег працуе таксама ў сферы паслуг — займаецца чысткай салонаў аўтамабіляў. У сям’і растуць два сыны: старэйшаму Радзівону вось-вось споўніцца 18, хлопец вучыцца ў педагагічным універсітэце і прыязджае дадому толькі на выхадныя, малодшы Марк — вучань 6 класа сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы.

— Муж мяне падтрымлівае. Ён бачыць, што гэта падабаецца, што мной цікавяцца людзі. Не злуецца, не забараняе, наадварот — дапамагае, — расказвае Анастасія. — Асабліва гэта адчуваецца ў дробязях: учора прыехала дадому, а там памытая падлога, посуд. Пытаюся ў Алега: «Хто ўсё зрабіў?» А ён кажа: «Я». Вось такая ў мяне падтрымка.

Да таго ж Анастасія вельмі любіць жывёл: у яе чатыры каты і столькі ж сабак, усе з пашпартамі, прышчэпленыя. Калі наша гераіня занята на працы, муж і дзеці кормяць, гуляюць і даглядаюць гадаванцаў. 

Заказаў так шмат, што даводзіцца працаваць начамі

Анастасія прызнаецца: заказаў столькі, што часам не паспявае. І гэта нягледзячы на тое, што жыве ўсяго за два кіламетры ад Стоўбцаў, у маладым аграгарадку з добра развітой інфраструктурай.

— Учора мне патэлефанавала жанчына, вельмі прасіла, каб прыехала. Кажу: у мяне няма часу. А яна адказала, што згодная, каб парадак на яе тэрыторыі наводзілі нават ноччу з ліхтарамі. І летась у мяне сапраўды быў такі вопыт — працавала пад пражэктарамі ўначы, бо трэба было зрабіць вельмі хутка. І гэта было не прадпрыемства, а звычайны двор, — успамінае дызайнер.

Да Анастасіі звяртаюцца не толькі жыхары Стоўбцаў і Заямнага, але і заказчыкі, якія жывуць за 20 кіламетраў. 

І тут узнікае праблема:

— Людзі кажуць: «Прыедзьце, дайце кансультацыю». Яны часта думаюць, што кансультацыя павінна быць бясплатнай. Але гэта мая праца, я плачу з яе падатак, таму кансультацыі таксама платныя. Людзі яшчэ не да канца гэта разумеюць, — тлумачыць Анастасія. — Таму пакуль стараюся ездзіць недалёка, тым больш заказаў хапае і побач.

Анастасія адкрыта пералічвае ўсе віды падтрымкі, якія атрымала ад дзяржавы: анлайн-курсы па складанні бізнес-плана, субсідыя, афармленне самазанятасці і падаткі па камфортным тарыфе.

Варта адзначыць, што ў 2025 годзе субсідыі на адкрыццё бізнесу ў раёне атрымалі чацвёра беспрацоўных, і Агарык стала адной з іх.

Гісторыя Анастасіі — яркі прыклад таго, як у Беларусі можна пачаць сваю справу. Калі вы адчуваеце сілы і жаданне працаваць на сябе, але не маеце стартавага капіталу, звярніцеся ў мясцовую службу занятасці. Там дапамогуць не толькі грашыма, але і навучаннем. Галоўнае — не баяцца рабіць першы крок.

Надзея ЗУЕВА

Фота прадастаўлена гераіняй

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю