Люблю камандзіроўкі. Штораз паездка прыносіць нешта новае і дзіўнае. Нават снежная зіма мяне не спыніла, хоць родныя перажывалі, як гэта я ў такое надвор’е з Гродна ў Астравец паеду. Але я не хвалявалася, ведала, што дарогі будуць у парадку. Так яно і аказалася. Доўгі шлях таго каштаваў, бо пазнаёмілася з цудоўнай сям’ёй Алёкса, у якой выхоўваюць чацвярых дзяцей: падлетка і трайнят.
Дзверы адчыніла прыгожая гаспадыня Людміла. Высокі стыльны хвост, лёгкі макіяж у стылі old money. Адразу за ёй гасцей выйшлі сустракаць малышкі. Мілыя дзяўчынкі ў ружовых камбінезончыках сталі ў радок і з цікавасцю назіралі за тым, хто ж да іх прыйшоў. Яны выглядалі вельмі дзелавымі, так што павіталася я з імі сур’ёзна, працягнула руку для поціску. Вера, Ксюша і Лера працягнулі ручкі ў адказ. Старэйшая дачка Іванна, ужо амаль дарослая, уся ў маму — такая ж прыгажуня.
У Людмілы на момант знаёмства з будучым мужам ужо была маленькая дачка Іванна. Мая суразмоўніца ўспамінае, што з таго моманту прайшло ўжо 14 гадоў. З Паўлам Людміла пазнаёмілася ў інтэрнэце. Перапісваліся, вырашылі сустрэцца — і ўжо больш не расставіліся. Мая суразмоўніца, як і яе муж, з Астравецкага раёна. Сям’я жыла вельмі шчасліва, Павел прыняў Іванну як родную, але муж і жонка задумаліся аб тым, што хацелі б яшчэ дзяцей.
— Усё аказалася не так проста, як мы думалі. Доўгі час спрабавалі самастойна, але не атрымлівалася. І я, і муж здалі ўсе аналізы, абодва здаровыя.
Вырашылі звярнуцца да працэдуры ЭКА. Даведаліся, што дзяржава дае адну бясплатную спробу шлюбным парам. І мы вырашылі скарыстацца шанцам. Гэта сапраўды вельмі цудоўна, што ёсць такая магчымасць, бо працэдура не з танных. Першы час мы нікому не казалі. Не хацелі абнадзейваць сябе і іншых, таму што далёка не заўсёды ўсё атрымліваецца з першага разу, — успамінае Людміла.
«Ну, бацькі, вы і навярнулі»
Меж шчасцю не было, калі муж і жонка даведаліся, што працэдура прайшла паспяхова. Але ўсё роўна ўпэўненасць, што ўсё прайшло добра, можна атрымаць толькі бліжэй да 12-га тыдня. Першы час не было зразумела да канца: двое ці трое дзяцей пасяліліся пад сэрцам у Людмілы. Таму не казалі, колькі ў выніку.
— Асабліва Іванну не хацелася потым засмучаць, што малых будзе меньш, чым паказала першапачатковае УГД. Сказалі толькі тады, калі дакладна ведалі, што дзяцей трое і ўсе яны ў парадку. Так пацешна было, Іванна ў той дзень сказала: «Ну, бацькі, вы і навярнулі», — смеючыся, успамінае Людміла.
Вядома, спачатку навіна была шокам. Сям’я Алёкса хвалявалася, ці справіцца. Але бязмернае шчасце перамагло хваляванне, тым больш што ўсе вельмі дружныя. Размаўляючы з Людмілай, я раз-
пораз пазірала на малых і Іванну. Відавочна, што яны ўсе адна адну вельмі любяць, дзяўчынкі па чарзе ідуць на рукі да старэйшай сястры.
— Безумоўна, калі ўпершыню пачула, што стану старэйшай сястрой адразу для траіх малых, была ў шоку, — гаворыць Іванна. — За маму таксама хвалявалася, але ў той жа час была вельмі рада за бацькоў.
З малышкамі я добра ладжу і вельмі іх люблю. Дапамагаю маме, а яна заўсёды ўлічвае мае інтарэсы.
Да размовы далучылася Людміла, падкрэслівае важнасць дзяржаўнай дапамогі:
— У нас ад дзяржавы ёсць цудоўная няня, якая ва ўсім нам дапамагае. Калі была ў радзільні, мне не адразу аддалі ўсіх траіх, а калі малышкі ўжо былі побач, я патэлефанавала мужу. Сказала, што трэба нешта думаць, бо не спраўлюся.
А тут высветлілася, што нам з тройняй няня паложана абавязкова і бясплатна
Прыклад для дзяцей
З Паўлам паразмаўляць мне не ўдалося, ён быў на працы. Але Людміла адзначыла, што яны з мужам адно аднаго падтрымліваюць і лічаць, што абодва павінны прымаць удзел у выхаванні дзяцей.
— Вядома, я не буду казаць, што ўсё так лёгка. Часу ў нас на сябе амаль няма, толькі пасля таго, як малышкі лягуць спаць. Іншы раз вельмі хочацца цішыні, і гэта нармальна. Але мы ёсць адно ў аднаго, Іванна нас падтрымлівае, няня дапамагае.
Мы з мужам імкнёмся паказаць прыклад сваім дзецям, каб яны неслі гэту мадэль у свае сем’і. Не павінна быць дзялення на «твае» і «мае» абавязкі, я магу спадзявацца на яго, а ён — на мяне. Рознае бывае, дзеці хварэюць.
І калі даходзіць справа да бальніцы, то легчы можам як я, так і ён. Калі Паша застаецца з дзецьмі дома, то з усім спраўляецца.
Людміла кажа, што да ўсяго трэба старацца падыходзіць рацыянальна і не лунаць у аблоках. Важна, каб муж і жонка размаўлялі і не замоўчвалі праблемы, не баяліся прызнаваць памылкі. Увогуле, трэба быць адной камандай, не замыкацца ў сабе.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва гераіні