Top.Mail.Ru

Гісторыя сустрэчы ў крызісным цэнтры праз 20 гадоў расстання

«Гасподзь іх звёў»


У Беларусі чалавека, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі, ніколі не пакінуць без падтрымкі. Нават калі страчана жыллё, дакументы, праца, калі ў цэлым жыццё дало сур’ёзны збой. Галоўнае, каб сам чалавек быў гатовы мяняцца і прыняць дапамогу. Адна з такіх гісторый адбылася нядаўна ў Гомелі. У вельмі складаных абставінах свайго жыцця, праз дваццаць гадоў расстання ў крызісным цэнтры ўз’ядналася сям’я і атрымала шанц пачаць усё нанова.

Загадчыца крызіснага цэнтра для сацыялізацыі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Алена Цімашэнка дзеліцца гісторыяй адрасатаў дапамогі іх установы — брата і сястры Дзяніса і Алены. 

— Мы кажам, Гасподзь іх звёў. У студзені, адразу пасля навагодніх свят, да нас у цэнтр амаль адначасова паступілі мужчына і жанчына. Абое без жылля, без дакументаў, з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем, — тлумачыць загадчыца. — Афармляла дакументы на жанчыну. Яна паступіла да нас з бальніцы, і была толькі выпіска. Паглядзела на прозвішча і імя па бацьку і спытала: «Дзяніс, — назвала прозвішча, — не ваш сваяк?». Мне стала цікава, бо толькі напярэдадні да нас прыйшоў мужчына з такім жа прозвішчам, як і ў яе. Жанчына пацвердзіла, што так быў брат Дзяніс. Яна не магла паверыць у тое, што адбываецца. Правяла яе ў пакой да Дзяніса. І ён спачатку не пазнаў сястру. Высветлілася, што дваццаць гадоў яны нічога не ведалі адно пра аднаго, лічылі, што нікога з родных не засталося, — перадае момант уз’яднання сям’і Алена Цімашэнка.

За час работы крызіснага цэнтра яго супрацоўнікі былі сведкамі самых розных гісторый жыцця людзей. Як пасля расказалі самі брат і сястра, якія знайшліся ў цэнтры, дзяцінства іх было няпростым. Бацькі злоўжывалі алкаголем, выхаваннем дзяцей не займаліся. Вучыліся яны ў школе-інтэрнаце, на выхадныя ездзілі да бабулі, якая сама іх і гадавала. Пасля яе смерці брат і сястра засталіся без жылля. Жыццё закруціла. 


Дзяніс з’ехаў на заробкі ў Расію. У яго хоць і ёсць рабочая спецыяльнасць, але працаваў заўжды неафіцыйна, і пацверджанага працоўнага стажу ў яго няма. Вярнуўся ў Беларусь, жыў у доме сужыцельніцы. Як адносіны сапсаваліся, яго, як кажуць, папрасілі пакінуць жылплошчу. Так Дзяніс апынуўся на вуліцы. Сястра Алена таксама бяздомная. Жыла ў доме сужыцеля. Не так даўно ён трапіў у месца пазбаўленне волі, на кватэру заявіла правы яго былая жонка, патрабавала, каб Алена з’ехала. Ёй давялося начаваць у пад’ездзе. Суседзі выклікалі хуткую дапамогу. Шпіталізавалі, а пасля аказанага лячэння накіравалі ў крызісны цэнтр.

З-за таго, што ў брата і сястры няма ніякіх дакументаў, вядома, пашпартоў, ні рэгістрацыі, праваахоўнікі праводзяць працэдуру ўстанаўлення асоб. Пасля атрымання пашпартоў з’явіцца магчымасць вырашаць астатнія пытанні. У Алены сур’ёзныя праблемы са здароўем, вельмі дрэнна дзейнічаюць рукі і ногі. Пасля аднаўлення дакументаў яна зможа прайсці абследаванне і аформіць інваліднасць.

У Дзяніса таксама наступствы старых пераломаў абедзвюх ног. Па медыцынскую дапамогу ён не звяртаўся, пераломы неяк зрасліся, але цяпер ён кульгае, што ў далейшым можа ўскладніць пошук месца працы. Але мужчына хоча ўладкавацца на работу. Гатовы працаваць у сельскай гаспадарцы. Марыць пра свой дом на вёсцы, каб можна абавязкова забраць да сябе жыць і сястру. 

Як звяртаюць увагу спецыялісты цэнтра, радуе, што Дзяніс і Алена, заўважна, настроіліся пачаць жыццё нанова. Прытрымліваюцца ўстаноўленага рэжыму цэнтра, не ўжываюць алкаголь, выконваюць усе рэкамендацыі спецыялістаў і вядуць сябе дастойна. 


— Так мы верым, што, калі прыкладуць намаганні, будуць старацца, яны змогуць наладзіць сваё жыццё. Для нас тое, што людзі, якія страцілі ўсё, устаюць на шлях выпраўлення, пачынаюць працаваць, ім становіцца цікава і больш радасна жыць — гэта ўжо сапраўдная перамога, — падзялілася загадчыца крызіснага цэнтра.

Як звярнула ўвагу Алена Цімашэнка, за мінулы год іх цэнтр прыняў 38 чалавек. Сярод іх — пяцёра мігрантаў з Украіны, трое грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, астатнія — людзі без пэўнага месца жыхарства, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. 

— У перыяд моцных маразоў звярнуліся пяць чалавек. Некаторыя, на жаль, з абмаражэннямі канечнасцяў. У кагосьці дом у аварыйным стане, у кагосьці адсутнічала ацяпленне, хтосьці проста быў працяглы час на вуліцы. Тых, хто звярнуўся пасля ампутацыі і выпіскі з бальніцы, прынялі да сябе. Людзі забяспечаны харчаваннем, чыстым адзеннем, даём магчымасць прывесці сябе ў парадак, вымыцца. Той, хто сапраўды гатовы прыняць нашу дапамогу, крок за крокам прайсці гэты неабходны шлях сацыялізацыі — аднавіць дакументы, працаўладкавацца, вырашыць праблемы з жыллём, застаюцца ў нас на неабходны акрэслены перыяд і вельмі ўдзячныя пасля за падтрымку. 

Для Дзяніса і Алены гэты шлях толькі пачынаецца і праходзіць яго цяпер яны будуць разам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю