Цытадэлі мужнасці — менавіта так вобразна называюць беларускія паселішчы, уганараваныя вымпелам «За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Іх па краіне 36, сярод іх — і буйныя абласныя гарады, і зусім невялікія пасёлкі. Аб’ядноўвае іх адно — гісторыя супраціўлення фашыстам, якую пісалі самі мясцовыя жыхары. Мужнасцю, нянавісцю да акупантаў, нярэдка ўласным жыццём. Яны разам з Чырвонай Арміяй прыбліжалі Дзень Перамогі. Як маглі — змагаючыся ў партызанскіх атрадах, у падполлі. Поспех аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі, якую цяпер прыводзяць у прыклад ва ўсіх падручніках па ваеннай справе, не быў бы такім літаральна ашаламляльным, калі б не барацьба беларусаў у тыле ворага.
У праекце «Гэты дзень мы набліжалі, як маглі» «Звязда» раскажа пра асобныя населеныя пункты, узнагароджаныя за стойкасць і мужнасць, з усіх рэгіёнаў Беларусі. Кожная гісторыя — унікальная, кожная гісторыя — гісторыя подзвігу звычайных людзей, нашых з вамі зусім недалёкіх па часе продкаў.
Адкрывае праект Сураж, што пад Віцебскам. «Балада аб чатырох заложніках» — гэта менавіта там...
Пасёлак Сураж стаў другім пасля Лёзна раённым цэнтрам Віцебскай вобласці, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта гістарычная падзея адбылася 28 кастрычніка 1943 года. Два гады і тры месяцы, з 10 ліпеня 1941 года, пасёлак знаходзіўся пад фашысцкай акупацыяй.
Партызанскі бацька
Першыя партызанскія атрады на Віцебшчыне былі створаны ўжо ў ліпені 1941 года. Адзін з іх, які дзейнічаў на тэрыторыі Суражскага раёна, узначаліў дырэктар мясцовай кардоннай фабрыкі Мінай Шмыроў, імя якога ў будучым стане легендарным. У адзін з першых партызанскіх атрадаў на тэрыторыі БССР пад кіраўніцтвам Міная Піліпавіча ўвайшлі каля 20 рабочых фабрыкі. Ужо ў верасні 42-га, калі ў атрадзе налічвалася больш за сто чалавек, партызаны напалі на нямецкі гарнізон у Суражы, пасля чаго на пароме пераправіліся на правы бераг Заходняй Дзвіны і, знішчыўшы плаўсродак, схаваліся ў лясах.
У лістападзе 1941 года гітлераўцы праводзяць буйную аперацыю па ліквідацыі атрада Шмырова, падчас якой практычна ўсе партызаны гінуць. За галаву камандзіра немцы давалі 50 тысяч марак, дом, зямельны ўчастак і каня, аднак ніхто яго не выдаў. Самую найвышэйшую цану Бацька Мінай заплаціў сам: 14 лютага 1942 года яго чацвярых дзяцей расстралялі, малодшаму Мішу было ўсяго тры гады. Аркадзь Куляшоў напісаў аб гэтым адзін з самых кранальных сваіх твораў «Балада аб чатырох заложніках». Помнік дзецям Міная Шмырова размешчаны на тэрыторыі Суражскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, якая носіць імя легендарнага камбрыга.
У красавіку 1942-га прайшоў сход партызанскіх камандзіраў, пасля якога была сфарміравана 1-я Беларуская партызанская брыгада. Камандзірам яе стаў Мінай Шмыроў, камісарам прызначылі Рычарда Шкрэда.
«Дарогай жыцця»
У лютым 1942 года на стыку флангаў нямецкіх груп армій «Цэнтр» і «Поўнач» у выніку ўдараў Чырвонай Арміі пры падтрымцы партызан, у тым ліку атрада Міная Шмырова, утварыўся 40-кіламетровы прарыў у лініі нямецкага фронту. У ваеннай гісторыі гэты феномен атрымаў назву Суражскія, або Віцебскія, вароты. 1-я Беларуская партызанская брыгада ўсімі сіламі павінна была ўтрымліваць гэты ўчастак, які служыў «дарогай жыцця» тысячам мірных жыхароў.
Феномен Суражскіх варот заключаўся ў тым, што яны дзейнічалі восем месяцаў — унікальны выпадак для ваеннага часу, бо падобныя разрывы ў лініі фронту з’яўляліся і ў іншых месцах, але ўтрымліваць іх так доўга не ўдавалася. З лютага да верасня 1942 года праз гэты калідор у тыл ворага сістэматычна накіроўваліся новыя партызанскія атрады, разведвальныя і дыверсійныя групы, зброя і боепрыпасы, медыкаменты, таксама ішла эвакуацыя ў тыл параненых партызан і мірнага насельніцтва Віцебшчыны. За гэты перыяд праз вароты эвакуіраваліся каля 200 тысяч чалавек, былі таксама вызваленыя 15 сельсаветаў, яны цалкам знаходзіліся пад кантролем партызан.
У канцы верасня 1942 года «дарогу жыцця» ліквідавалі, але значнасць яе была настолькі вялікая, што камандаванне Чырвонай Арміі планавала правесці аперацыю па аднаўленні Суражскіх варот. На жаль, дабіцца гэтага не ўдалося: сувязь партызан з савецкім тылам падтрымлівалася толькі з дапамогай авіяцыі.
У 1977 годзе ў вёсцы Заполле Віцебскага раёна па праекце беларускага скульптара Віктара Ягадніцкага быў узведзены мемарыял «Віцебскія вароты», які з’яўляецца месцам памяці і смутку для жыхароў усяго паўночнага рэгіёна. Мемарыял даглядаюць педагогі і навучэнцы Запольскай базавай школы імя Р. У. Шкрэды, вароты з’яўляюцца цэнтральным месцам памятных мерапрыемстваў і патрыятычных аўтапрабегаў.
Вярнуліся на папялішча
Наступленне Чырвонай Арміі на Сураж пачалося 11 кастрычніка 1943 года з боку Веліжа, што на Смаленшчыне. У вызваленні пасёлка ўдзельнічаў 1189-ы стралковы полк пад кіраўніцтвам Пятра Курэні 358-й стралковай дывізіі. Узяць населены пункт адразу не ўдалося: вакол былі траншэі, кулямётныя гнёзды, драцяныя загароды, замініраваныя дарогі і палі. Высокія берагі Заходняй Дзвіны і Касплі таксама не спрыялі руху Чырвонай Арміі.
Больш за два тыдні за Сураж ішлі баі, толькі раніцай 28 кастрычніка ўдалося прарваць абарону праціўніка і выгнаць яго з пасёлка. Немцы адступілі і замацаваліся ў раёне вёсак Вымна—Котава. За вызваленне Суражскага раёна звання Героя Савецкага Саюза пасмяротна ўдастоены Анатоль Углоўскі, Аляксей Томскі, Генадзь Пацёмкін.
Пасля паведамленняў аб вызваленні Суража сюды сталі вяртацца жанчыны і дзеці. Карціна, якая адкрывалася месцічам, была страшнай: на месцах дамоў чарнелі абгарэлыя коміны, на ўвесь пасёлак засталося некалькі замініраваных будынкаў і зямлянкі. Аднак пачыналася новае жыццё на вызваленай зямлі, і гэта было галоўнае.
Указам Прэзідэнта Беларусі ад 19 красавіка 2010 года № 189 Сураж быў узнагароджаны вымпелам «За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» і ганаровай граматай.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з адкрытых крыніц
Дарэчы
На нядаўняй сесіі Мінскага гарсавета дэпутатаў было прынята рашэнне прысвоіць імя Бацькі Міная — у гонар Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова — новай вуліцы на скрыжаванні вуліц Рафіева і Ясеніна.