Top.Mail.Ru

Гісторыя маладога ўрача, якая пасля адпрацоўкі засталася працаваць у сельскай мясцовасці

«Адчуваю сябе на сваім месцы»

Пытанне замацавання маладых спецыялістаў стаіць востра. Дзесьці сітуацыя некрытычная, дзесьці горшая. Гэтаму аспекту была прысвечана ўвага і на выязной сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, якая адбылася на мінулым тыдні. Прагучалі цікавыя факты. Як думаеце, што стаіць на першым месцы сярод прычын, па якіх моладзь сыходзіць з першага працоўнага месца? Не, не заробак, як можна падумаць, а адносіны і клімат у калектыве. Ганне ПЕТУХ у гэтым сэнсе пашанцавала. Маладога ўрача ў Малабераставіцкай амбулаторыі прынялі вельмі добра і шчыра палюбілі. Як вынік — 5 гадоў адпрацоўкі прайшлі, а дзяўчына на сваім рабочым месцы засталася.

Ганна родам з Вялікай Бераставіцы. Урачоў у сям'і няма, яна стала першапраходцам. Выбар будучай прафесіі быў абумоўлены жаданнем дапамагаць людзям. І дзяўчына вырашыла, што найлепшы шлях для рэалізацыі гэтага імкнення — медыцына. Яна разумела, што наперадзе не вельмі просты шлях, але для Ганны, калі пастаўлена мэта, ніякіх перашкод няма.

— Я вельмі хацела паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, загарэлася гэтым. Для ўпэўненасці ў сваёй будучыні ўзяла мэтавае накіраванне ад раёна. У той момант не думала пра адпрацоўку, галоўнае было — паступіць і пачаць шлях да мэты. Першапачаткова хацела стаць стаматолагам, але не склалася, пра што не шкадую. Можа, ужо бліжэй да канца вучобы стала крыху турбавацца аб першым працоўным месцы, але гэта ўсё такія дробязі ў параўнанні з дасягненнем мэты. Я ж у любым выпадку працавала б урачом, — расказвае дзяўчына.

Было страшна, але мяне падтрымлівалі

Калі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце надышоў час размеркавання, прапанавалі месца ў Малабераставіцкай амбулаторыі. Такі варыянт маю суразмоўніцу цалкам задаволіў. Вядома, было хвалююча, бо трэба было кіраваць амбулаторыяй, а пад яе кіраўніцтвам будуць людзі, якія ўжо шмат гадоў працуюць у медыцыне. Як усё складзецца? Ці атрымаецца знайсці агульную мову з калегамі? Гэтыя пытанні, вядома, хвалявалі Ганну. Але, як аказалася, усё не так страшна, як магло здацца.

— Калектыў прыняў мяне проста выдатна. Спачатку адчувала сябе маленькай дзяўчынкай сярод вопытных калег, і было страшна ўсведамляць, што ўся адказнасць цяпер на мне. Але з усім справілася, і без майго калектыву сёння я не была б той, хто ёсць. Яны ва ўсім падтрымлівалі і падтрымліваюць. Мы ўжо сталі як сям'я, і гэта не для прыгожага слоўца. Я вельмі рада, што трапіла на працу менавіта сюды. Нават і не думала, што можа быць так добра. З пацыентамі таксама знайшла агульную мову, у нас вельмі добрыя людзі. Вядома, калі скончылася пяць гадоў, задумалася аб новым працоўным месцы, але нічога лепшага, чым Малабераставіцкая амбулаторыя, не знайшла. Да добрага хутка прывыкаеш. Адчуваю сябе на сваім месцы, — дзеліцца Ганна.

Дзяўчыны адзначае, што яе работа — гэта не проста месца, дзе яна атрымлівае заробак. Гэта ўжо стыль жыцця, калі ўрач служыць людзям. «Калі пераступаеш парог амбулаторыі, не перастаеш быць доктарам», — кажа, усміхаючыся, мая суразмоўніца. 

Калі я папрасіла ўспомніць нейкі выпадак з практыкі, які найбольш запомніўся, яна не адразу знайшлася з адказам:

— Я проста кожны дзень раблю сваю працу, і многія рэчы сталі часткай паўсядзённасці. Вось вы пыталі пра чуццё і пастаноўку дыягназу. Гэта таксама частка практыкі, і такіх выпадкаў нямала. Але вось адзін успомніўся. Вельмі доўга жанчыне не маглі паставіць дыягназ, былі праблемы з дыханнем. Было шмат аналізаў, даследаванняў, але вось не ўдавалася высветліць, што з ёю. А потым я выказала здагадку, што гэта бранхіяльная астма, прызначылі лячэнне, і пацыентцы стала лепш.

Слухаць сябе

Канешне, не заўсёды ўсё складваецца бязвоблачна. Бываюць вельмі цяжкія выпадкі, асабліва няпроста з анкапацыентамі. Спачатку кожны выпадак успрымаўся вельмі востра, таму Ганна падкрэслівае важнасць балансу паміж спагадай і прафесійнай аддаленасцю.

— Мне толькі час дапамог справіцца з эмоцыямі. Але ўвогуле ўсё пачалося з таго, што я слухала сябе. Я заўсёды была ўпэўнена ў сваім выбары, таму змагла пераадолець усе цяжкасці, у тым ліку і падчас вучобы. Асабліва складана было першыя тры курсы. Мы нячаста працавалі з пацыентамі, больш сядзелі за падручнікамі. А вось калі ўжо пусцілі да хворых, стала куды цікавей, стала прасцей спраўляцца з вучобай. А яна была сапраўды няпростая, аднак усё гэта варта таго, што маю цяпер. Я на сваім вопыце змагла пераканацца, што фраза «што не робіцца, робіцца да лепшага» праўдзівая, — расказала Ганна.

Умовы жыцця і працы маю суразмоўніцу таксама задавальняюць. А калі чагосьці не знойдзеш ці проста захочацца ў горад, Гродна зусім побач, можна без праблем з'ездзіць. Таму яна з вялікім задавальненнем засталася пасля адпрацоўкі на сваім першым працоўным месцы.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва Ганны Петух

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю