Top.Mail.Ru

Гісторыя кахання сямейнай пары са Свіслачы

«У нас класныя дзеці!»


Працягваем расказваць добрыя і цёплыя гісторыі ў нашай рубрыцы «Матуліна шчасце». На гэты раз мы адправіліся ў Свіслач, каб пазнаёміцца з сям’ёй Стэльмах, у якой выхоўваецца шасцёра дзяцей. Муж і жонка працуюць на Свіслацкім участку электрасувязі Гродзенскага занальнага вузла электрасувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам». Ён начальнік участка сувязі, яна працуе ў аддзеле продажаў.


Таццяна і Аляксандр пазнаёміліся падчас вучобы ў Мінску. Каб іх сустрэча адбылася, шмат фактараў мусіла скласціся. Першапачаткова Таццяна хацела быць настаўнікам, але ўжо перад самым заканчэннем школы перадумала і вырашыла пайсці ў сферу сувязі. Атрымліваецца, працягнула дынастыю, бо яе бацькі і бабуля працавалі там. Аляксандр таксама хацеў стаць ваенным, аднак не атрымалася. Аднойчы разам з сябрам ішлі па Мінску, каб кудысьці падаць дакументы. Прыселі перадыхнуць на прыступкі будынка, а потым агледзелеся і ўбачылі, што гэта каледж сувязі (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі). У выніку вырашылі падаць дакументы менавіта сюды...

— З Аляксандрам мы вучыліся ў розных групах, — успамінае Таццяна. — А пазнаёміліся з ім у інтэрнаце. І на трэцім годзе навучання пажаніліся. Мне было амаль 20, а Сашы — 22. Вышэйшую адукацыю пайшлі атрымліваць завочна, бо ўжо сям’я, хацелася быць самастойнымі. Я родам са Свіслачы, муж — з Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння вучобы думалі паехаць да яго на радзіму, але тады не знайшлося працоўнага месца, і мы прыехалі ў Свіслач. Так і жывём тут. Я заўсёды хацела вялікую сям’ю. Для мяне дзеці — гэта цэлы свет!

Цікаўлюся ў Аляксандра, ці падзяляў ён з самага пачатку жаданне жонкі.

— Так, вядома, я і сам са шматдзетнай сям’і — нас было трое. І мы з Таняй вырашылі, што колькі дзяцей Бог дасць, столькі і будзе.

Разам, нягледзячы ні на што

У самым пачатку сямейнага жыцця іх напаткала вялікае гора. Першае дзіця яны страцілі праз тры дні пасля нараджэння, па медыцынскіх прычынах. Але яны захавалі сям’ю і падарылі свету шасцярых цудоўных дзяцей. Часта здараецца, што пасля такой трагедыі сем’і распадаюцца. Таццяна кажа, што іх бацькі гэтага вельмі баяліся і ўсімі сіламі падтрымлівалі маладых, згуртаваліся вакол іх. Таццяна і Аляксандр таксама былі разам: любілі, падтрымлівалі, ставіліся з разуменнем. Гэта дапамагло усё пераадолець.

Іх старэйшай дачцэ Аляксандры 22 гады, жыве асобна ад бацькоў, працуе. Яна дзяўчына творчая, зараз знаходзіцца ў пошуках сябе, а бацькі яе падтрымліваюць. Таццяна кажа, што, нягледзячы на сваю гіперапеку, дае магчымасць дзецям рабіць памылкі і вучыцца, набірацца вопыту.

Усеваладу — 20, вучыцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на юрыдычным факультэце. Па словах гераіні, ён падобны на бацьку, вельмі разважлівы і сапраўдны джэнтльмен:

— Сустракаецца з дзяўчынай, пайшоў працаваць, каб можна было яе ў кіно звадзіць, зрабіць падарунак. І ў нас з мужам так было. Калі мы пачалі сустракацца, ён пайшоў працаваць. Сказаў, што зараз нясе адказнасць не толькі за сябе. Нездарма кажуць: калі хочаш годна выхаваць дзяцей, будзь для іх прыкладам!

Трэцім у сям’і з’явіўся Яраслаў, які цяпер вучыцца ў сёмым класе.

— Ён у нас вельмі спакойны, разважлівы і самастойны, веды ўбірае як губка. У 2023-м выйшаў у фінал інтэлектуальнага тэлешоу 

«Я ведаю», — працягвае знаёміць са сваімі дзецьмі Таццяна. — Затым нарадзілася Сафія, цяпер яна ў чацвёртым класе. Вогненная валявая дзяўчынка, вельмі моцная. Няпростая, але мудрая. Самая самастойная з усіх: можа вырашыць любое пытанне, сама ўзяць талончык да ўрача. Пятае дзіця — Акім, ходзіць у першы клас. Хлопчык з характарам, але таксама разважлівы і тактыльны, абдымацца любіць. У нас класныя дзеці! Любім іх моцна-моцна!

Таццяна кажа, што з гадамі ўсвядоміла, што далёка не кожны мужчына гатовы падтрымаць жаданне жанчыны нарадзіць пяцярых дзяцей. Яна вельмі ўдзячна мужу за тое, што ён падзяліў яе мару. Пяцёра дзяцей былі па плане, а шосты малы стаў сюрпрызам і праменьчыкам святла ў складанай сітуацыі. Пра сваю цяжарнасць суразмоўніца даведалася, калі маці Аляксандра хварэла на анкалогію, за два дні да яе смерці. Вядома, ніякіх іншых варыянтаў, акрамя нараджаць, не разглядалася. Серафім стаў вялікай радасцю!


Муж і жонка — розныя па тэмпераменце, і погляд на выхаванне ў іх трохі адрозніваецца. Але Таццяна і Аляксандр гавораць, што самае важнае — каб дзеці былі добрымі людзьмі. Дзеля гэтага бацькі робяць усё магчымае і падаюць ім прыклад.

— Мы знаходзім кампрамісы ў выхаванні дзяцей, слухаем адзін аднаго, — кажа Аляксандр. — Я лічу важным, каб дзеці вучыліся самастойнасці, уключаліся ў сямейныя справы. І яны ў нас у гэтым плане малайцы. Сафійка сама запісалася ў школу мастацтваў, прыйшла і сказала, што будзе хадзіць — і мы яе падтрымалі. Вельмі любім бавіць час усе разам, ладзім вячэры, а нядзеля ў нас — дзень без тэлефона. Таня вельмі засцерагае дзяцей. А я нагадваю, што мы павінны падрыхтаваць іх да дарослага жыцця, каб ў будучым маглі паклапаціцца пра сябе і свае сем’і.

У размову зноў уключаецца матуля:

— У нас тата спартыўны, гуляе ў баскетбол. Калі ён удзельнічае ў спаборніцтвах, заўсёды прыходзім падтрымаць яго. Гэта таксама традыцыя. Ды і ён у цэлым прывівае дзецям любоў да актыўнага і здаровага ладу жыцця.

Калі спытала ў Таццяны, як усё паспець, яна прызналася, што і не паспявала ўсё:

— Ну вось не памыла пліту, не паспела. І ў гэтым няма нічога страшнага, як я думала раней. Хочацца, каб усё было ідэальна, але наша жыццё неідэальнае. А яшчэ важна ўмець прымаць дапамогу. Мая мама заўсёды са мной побач. Не ведаю, што б я без яе рабіла. Асабліва цяпер, калі я выйшла на працу. Яна наша апора. Зразумела, Саша таксама ніколі не застаецца ўбаку.

У сям’і Стэльмах усе клапоцяцца адзін пра аднаго і добра ўжываюцца, нягледзячы на складаныя характары.

Гэта відаць нават у дробязях. Напрыклад, Сафія цікавіцца гатаваннем, аднойчы вырашыла спячы бліны. Маці яе жаданне падтрымала. І, здавалася б, дзяўчынка магла б дзеля задавальнення крыху пасмажыць — і ўсё. Але ж яна завіхалася на кухні амаль тры гадзіны — хацела, каб усе змаглі разам паесці бліноў, бо сям’я ж вялікая.

Калі я спытала ў мужа і жонкі, ці не складана ім разам працаваць, яны адначасова, не задумваючыся, адказалі — «не». Таццяна лічыць, што яе муж — мудры кіраўнік. Абодва сцвярджаюць, што не стамляюцца быць шмат часу побач — і дома, і на працы.

— У мяне ёсць магчымасць браць трэці выхадны, так званы «дзень маці». Але я раблю гэта рэдка, бо хочацца мужа на працы падтрымаць, каб усё было своечасова выканана. Адчуваю падвойную адказнасць, — гаворыць Таццяна.

Муж і жонка кажуць, што заўсёды хацелі жыць у невялікім горадзе. Глава сям’і палюбіў Свіслач і ні разу не пашкадаваў, што паехаў на радзіму жонкі. Складана было, вядома, што бацькі былі далёка, але ўсё атрымалася.

— Я думаю, такія маленькія гарады лепш за ўсё падыходзяць для вялікіх сем’яў. Тут ціха, спакойна, усё ў крокавай даступнасці. Мы пабудавалі дом, трымаем участак. Жыццё ў вялікім горадзе мяне ніколі не прыцягвала, Таня ў гэтым са мной згодна. Безумоўна, ёсць свае цяжкасці ў сямейным жыцці, але калі вы ёсць адзін у аднаго, з усім можна справіцца.

Калі спытала ў Стэльмахаў, у чым поспех іх адносін, яны адказалі, што ніякага сакрэту няма. Яны любяць і паважаюць адзін аднаго. Гэта трывалы падмурак, на якім будуюцца моцныя адносіны. Бо калі робіш з пазіцыі «кахаю», а не з пазіцыі «трэба», любыя цяжкасці можна пераадолець.

Заслужылі!

У Беларусі ўжо на працягу многіх гадоў узнагароджваюць ордэнам Маці жанчын, у сям’і якіх выхоўваюцца пяцёра і больш дзяцей. Таццяна атрымала яго ў 2020 годзе. Але гэта далёка не адзіная падтрымка з боку дзяржавы. Шматдзетныя сем’і карыстаюцца маштабнай сістэмай прэферэнцый, у тым ліку дапамогай у вырашэнні жыллёвага пытання. Сем’і з трыма і больш дзецьмі маюць права на льготнае крэдытаванне пад 1 % гадавых на тэрмін да 40 гадоў, а пры наяўнасці чацвярых дзяцей дзяржава поўнасцю бярэ на сябе пагашэнне запазычанасці па такім крэдыце.

Важнай фінансавай дапамогай з’яўляецца і сямейны капітал, які ў 2026 годзе складае 35 505 рублёў. Гэтыя сродкі можна накіраваць на набыццё жылля, атрыманне адукацыі або медыцынскія паслугі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва сям’і Стэльмах

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю