Людзі ваявалі на самых розных этапах свайго развіцця. Узброеныя канфлікты і кровапраліцце былі і шмат тысячагоддзяў таму, і ў мінулым стагоддзі, ёсць і цяпер. Пакуль аб поўным трыумфе міру ў свеце казаць не выпадае. Чаму людзі не могуць навучыцца вырашаць усе канфлікты выключна мірным шляхам? Як гэта звязана з нашай біялогіяй? Хто і колькі зарабляе на войнах і пры чым тут зрошчванне буйнога капіталу і ўлады? Пра гэта размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза Журналістаў Гуменам Гарбанніджадам.
— Гумен, ёсць тэорыя, што войны звязаны з біялогіяй: па прыродзе сваёй людзі агрэсіўныя, бязлітасныя і хочуць ваяваць…
— Часткова гэта сапраўды так. Згодна з сучаснымі данымі палеанталогіі і генетыкі, чалавек паходзіць ад старажытных малпаў. Генетычна мы бліжэй за ўсё да шымпанзэ, а гэта высокаагрэсіўныя жывёлы. У шымпанзэ дзве рукі і нагі, але іх канечнасці выконваюць аднолькавую функцыю. Калі рукі дарослага чалавека сціскаюць у сярэднім каля 30 кг, рукі шымпанзэ — да 330 кг. Не меншай сілай валодаюць і ногі. У іх моцныя сківіцы, маюцца пярэднія і заднія іклы. Шымпанзэ эмацыянальныя, сацыяльныя, яны маюць сяброў, цэняць сям’ю і ахоўваюць сваю тэрыторыю.
У барацьбе за ежу, рэсурсы і тэрыторыю яны могуць учыняць жорсткія войны. У адрозненне ад гарыл і іншых відаў малпаў, шымпанзэ ўласцівы канібалізм. Калі ў гарыл самец, які прайграў, проста сыходзіць, шымпанзэ здольныя нават забіваць, каб пазбавіцца ад канкурэнтаў. Прычым робяць гэта з садысцкімі схільнасцямі — адрываюць вушы, нос, пальцы, палавыя органы і могуць есці сваю ахвяру. Шымпанзэ выкрадаюць дзяцей чалавека і з’ядаюць іх. Ва Угандзе, напрыклад, падобнае ператварылася ў масавую з’яву, і без зброі людзі супрацьстаяць гэтаму не здольныя з-за перавагі шымпанзэ ў сіле.
Многія якасці гэтых прыматаў уласцівыя людзям, у тым ліку ваяваць, наносіць шкоду — маральную ці фізічную — да сабе падобных. Калі паглядзець гісторыю за апошнія 3400 гадоў, толькі 268 гадоў з іх не было войнаў. Увесь астатні час у розных пунктах планеты людзі ваявалі.
— Ёсць і іншая версія, якая сцвярджае, што вайна — гэта не адносіны чалавека да чалавека, а дзяржавы да дзяржавы…
— І гэта таксама апраўдана. Амаль усе краіны маюць армію, якая забяспечвае іх суверэнітэт. Вялікая частка бюджэту ў кожнай дзяржаве ідзе на ўзброеныя сілы. Пры гэтым падчас войнаў гінуць людзі, застаюцца інваліды, руіны і адначасова з’яўляюцца мільянеры. Напрыклад, пасля Першай сусветнай вайны ў ЗША з’явілася 21 тысяча мільянераў. У Еўропе гінулі людзі, а на іншым канцы свету вялікія карпарацыі і ваенная прамысловасць прадавалі ваенную тэхніку і ўсё неабходнае для вайны і стваралі на гэтым вялікія капіталы.
Падчас вайны вытворцы ваеннай тэхнікі і зброі атрымліваюць рэальныя грошы. Калі ў ваюючай краіны праблемы з фінансамі, яна ўсё роўна іх знойдзе: возьме крэдыты, але аплаціць, паколькі ў адваротным выпадку прайграе. І падчас вайны заўсёды кошт тавараў, ваенных і не толькі, у разы павялічваецца — іх купляюць па любой цане, бо ваенная машына павінна працаваць.
Напрыклад, падчас амерыкана-іракскай кампаніі Coca-Cola кожныя дзесяць бляшак напою прадавала па 45 долараў — у дзесяць разоў даражэй. І НАТА іх набывала, бо, згодна з амерыканскім заканадаўствам, дзяржава не рэгулюе цэны.
— Хто і колькі зарабляе на войнах?
— Звычайная кампанія, якая прадае бытавыя тавары, у год зарабляе ў сярэднім 10 % ад укладзенага, а падчас вайны гэтыя даходы павялічваюцца ад 60 да 1000 %. Напрыклад, кампанія DuPont падчас Першай сусветнай вайны павялічыла свой прыбытак (а яна прадавала зброю ўсім ваюючым бакам) да 950 %. Нават дробныя кампаніі, якія прадавалі цукар, павялічылі прыбытак да 200 %.
Падчас Другой сусветнай вайны вялікія карпарацыі і банкі таксама думалі не пра патрыятызм і перамогу сваіх краін, а толькі пра тое, як зарабіць. Напрыклад, аўтавытворцы Ford і General Motors прадавалі свае аўтамабілі і ў Германіі, і ў Англіі, і ў Францыі. У 1998 годзе газета Washіngton Post пісала, што Германія не змагла б пачаць аперацыю «Барбароса» без крэдытаў швейцарскіх банкаў. Ужо ў наш час амерыканскія вытворцы прадавалі зброю нават ІГІЛ.
Бюджэт в’етнамскай вайны склаў адзін трыльён долараў, якія трапілі ў кішэні амерыканскіх карпарацый, што вырабляюць зброю і ваенную тэхніку. Падчас ваеннай аперацыі ЗША ў Афганістане, якая пачалася ў 2001-м і працягвалася 20 гадоў, два трыльёны долараў адправіліся ў кішэні банкаў і карпарацый. Нядаўна ў ЗША заявілі, што Украіне спатрэбіцца каля 120 гадоў, каб аддаць ім усе даўгі.
Аднак тут праблема не толькі ў тым, што зарабляюць банкі і карпарацыі. Акрамя таго, падчас вайны банкі і карпарацыі назапашваюць столькі капіталу, што могуць дыктаваць свае ўмовы дзяржаве. Гэта не ЗША ваюе з іншымі краінамі, гэта банкі і карпарацыі навязваюць ёй праводзіць такую палітыку. Яны маюць топ-менеджараў, якія знаходзяцца літаральна па ўсім свеце, дзе ёсць лакальныя канфлікты і непаразуменні паміж краінамі. І шукаюць шляхі, як распаліць іх у вялікія войны. Часам такая работа можа працягвацца дзесяцігоддзямі.
Калі генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ кажа, што трэба абрэзаць фінансаванне аховы здароўя і адукацыі, каб за кошт гэтага павялічыць ваенныя расходы, ёсць усе падставы меркаваць, што ён таксама з’яўляецца топ-менеджарам гэтай вялікай машыны і лабіруе інтарэсы банкаў і карпарацый.
Калі ў 1961 годзе 34-ы прэзідэнт ЗША Эйзенхаўэр сыходзіў з Белага дома, у развітальнай прамове ён сказаў, што трэба спыніць укараненне карпарацый і банкаў у дзяржаўную палітыку, бо яны становяцца ўсё мацнейшымі і дзяржава не зможа ісці ўласным курсам. Аднак яго не пачулі, і гэтыя арганізацыі ператварыліся ў гігантаў, якіх дагэтуль спыніць немагчыма.
Дзякуючы ўзважанай унутранай і знешняй дзяржаўнай палітыцы ў Беларусі такое зрошчванне бізнесу і ўлады немагчымае. Гэта правільна, бо гісторыя вучыць, што бяспеку нельга купіць, яе трэба ствараць уласнымі намаганнямі.