Тэматычная фотавыстава «Гераічная В’етнамская народная армія» адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БелТА.
Як расказала старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнага аддзела і куратар залы «Нашчадкі Вялікай Перамогі» Наталля Абухова, тэматычная фотавыстава была падрыхтавана сумесна з ваенна-гістарычным музеем В’етнама. Паводле яе слоў, яшчэ ў мінулым годзе ў В’етнаме адзначалі 80-годдзе В’етнамскай народнай арміі і да гэтай памятнай даты пасольства Беларусі ў В’етнаме сумесна з музеем вайны В’етнама прыслала ў беларускі музей фатаграфіі. «Гэта больш за 600 фатаграфій, якія расказваюць пра гістарычны шлях в’етнамскай арміі», — дадала Наталля Абухова.
У надрукаваным выглядзе ў экспазіцыю фотавыставы ўвайшлі 17 фатаграфій. Большая колькасць прадстаўлена на экране ў зале. Пераведзеныя ў лічбавы фармат і апрацаваныя фота можна будзе добра разгледзець. Гэта ўнікальныя фотадакументы в’етнамскіх ваенных карэспандэнтаў 1930-2000-х гадоў, якія адлюстроўваюць працэс будаўніцтва і станаўлення В’етнамскай народнай арміі, а таксама кадры сучасных фатографаў В’етнама і Беларусі.
Дырэктар музея Уладзімір Варапаеў адзначыў, што такія абмены і выставы вельмі важны для двухбаковага супрацоўніцтва. Ён таксама дадаў, што адкрыццё фотавыставы сімвалічна супала з Днём Незалежнасці ў В’етнаме.
Дапоўнілі экспазіцыю матэрыялы маёра Міхаіла Сіманава. У вітрыне размясціліся яго партрэт, ордэн «Чырвонай Зоркі», ордэн «Знак Пашаны», памятны медаль і пасведчанне да яго, дзённікі тых часоў, калі ён быў у В’етнаме, і інш. З другога боку размясціліся матэрыялы капітана Уладзіміра Крупнова: яго партрэт, фота 1967 года, альбом «В’етнам-барацьбіт» і тэкст «Экзамен у першым баі вытрымалі».
У пастаяннай экспазіцыі залы «Нашчадкі Вялікай Перамогі» сярод іншага прадстаўлены савецкія ваенныя — беларусы, якія ўдзельнічалі ў падзеях у В’етнаме, а таксама іх узнагароды і асабістыя прадметы. Так, у выставачным стэндзе размешчаны партрэт Дзмітрыя Салашэнкі, а побач знаходзяцца атрыманыя ім медалі «За баявыя заслугі», «За баявую садружнасць», «За мір і дружбу паміж народамі», а таксама знак «Воіну-інтэрнацыяналісту». У адкрыцці тэматычнай фотавыставы прыняла ўдзел яго дачка.
Далучыліся да адкрыцця і сваякі лейтэнанта Сяргея Кіслічэнкі. Яго жонка прыйшла разам з дачкой і ўнукамі, каб расказаць пра свайго мужа і пра тое, як памяць пра герояў захоўваецца ў сям’і. Яна расказала, як ездзіла ў В’етнам да помніка, на якім увекавечана імя яе мужа. «Там да нас падышоў наглядчык гэтага месца, і практычна на мове жэстаў я растлумачыла яму, хто я, што са мной мая дачка. Гэты наглядчык павярнуўся да фатаграфіі майго мужа і пакланіўся. І я хачу сказаць, што памяць В’етнама аб загінулых ваеннаслужачых напоўнена ўдзячнасцю», — расказала Таццяна Кіслічэнка.
Наталля Абухова адзначыла, што падзеі, у якіх удзельнічалі беларускія воіны-інтэрнацыяналісты, у падручніках раскрыты не так яскрава, як хацелася б. Таму асабліва важна прыйсці ў музей і азнаёміцца з экспазіцыяй «Нашчадкі Вялікай Перамогі», каб больш даведацца пра герояў тых падзей і іх подзвігі.