Top.Mail.Ru

Гэтымі днямі чакаецца да мінус 29 °С, а ў чацвер — месцамі моцныя снегапады

Лютаўскія мінімумы

Апошні месяц зімы ў нас нездарма называецца лютым. А ў гэты сезон суровыя тэмпературныя мінімумы прагназуюцца нават у другой палове месяца, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак надвор’е ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе. Пераважна без ападкаў, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы — ад мінус 24 да мінус 17 °С, а па паўночнай палове ў многіх раёнах паветра будзе астуджацца да мінус 29–25 °С, на поўдні краіны месцамі да мінус 16–10 °С. 

Максімальная тэмпература днём чакаецца ад мінус 11 да мінус 5 °С. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.

У сераду паветра стане вільготным, а мароз мякчэй. Месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, днём па захадзе з мокрым снегам. У асобных раёнах па захадзе краіны чакаецца галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер усходняй чвэрці ўмераны, удзень на паўднёвым усходзе парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу будзе ад мінус 23 °С па паўночным усходзе краіны да мінус 8 °С па паўднёвым захадзе. Максімальная тэмпература ўдзень — ад мінус 11 да мінус 4 °С, месцамі па захадзе Беларусі мінус 3–1 °С.

У чацвер тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца ў полі паніжанага атмасфернага ціску. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, ноччу месцамі па паўднёвым усходзе краіны моцны снег. Днём па захадзе краіны чакаецца мокры снег, месцамі галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. У начныя гадзіны месцамі па ўсходзе слабая мяцеліца. Вецер уначы пераменных напрамкаў, удзень паўночна-заходні, заходні ўмераны, уначы ўсходні парывісты. Тэмпература паветра ноччу чакаецца ад мінус 17 да мінус 10 °С, месцамі па захадзе крыху цяплей — мінус 9 — мінус 6 °С. Максімальная тэмпература днём складзе ад мінус 10 °С па поўначы да мінус 1 °С па паўднёвым захадзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю