Беларусь стала першай краінай свету, якая стварыла музей, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Прычым экспанаты пачалі збіраць у адзін з найцяжэйшых перыядаў — калі беларусы знаходзіліся пад акупацыяй. Па прадметы ваеннага часу, якія пасля сталі рэліквіяй, музейныя супрацоўнікі выязджалі ў франтавую зону, партызанскія злучэнні, на эвакуяваныя ў савецкі тыл беларускія прадпрыемствы. У рэспубліканскую камісію, якая займалася зборам экспазіцыі. Свае рэчы, баявыя трафеі прыносілі ўдзельнікі і відавочцы тых падзей.
Адным з найбольш папулярных экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца самалёт Лі-2. Размяшчаецца ён на інтэрактыўнай пляцоўцы каля будынка музея і асабліва прываблівае юных наведвальнікаў, якія з задавальненнем вывучаюць салон, кабіну экіпажа. Сёлета інтэрактыўная пляцоўка пачынае дзейнічаць з 4 мая.
На беларускі аэрадром «Ліпкі» самалёт прыляцеў з Ленінградскай ваеннай акругі ў 1976 годзе для таго, каб папоўніць калекцыю Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо праз некалькі месяцаў ён быў даступны для наведвальнікаў музея, які па тым часе размяшчаўся на Кастрычніцкай плошчы. Месца прапіскі экспанат змяніў у 2014 годзе, калі музейная экспазіцыя пераехала ў новы будынак. Адметна, што, калі самалёт перавозілі на новую пляцоўку, прыйшлося перакрываць праспект Незалежнасці.
— Самалёт Лі-2 з’яўляецца ўнікальным экспанатам нашага музея: гэта адзіны такі самалёт у Рэспубліцы Беларусь, — расказвае загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Кацярына КАТЛОЎСКАЯ. — Ваенна-транспартны самалёт — шматфункцыянальны. На ім, напрыклад, дастаўляліся авіябомбы: магчымасці дазвалялі перавозіць да тоны грузу. Актыўна выкарыстоўваўся Лі-2 і для палётаў у партызанскія зоны: туды, як правіла, прывозілі харчаванне, медыкаменты, на зваротным шляху на самалёце эвакуіравалі параненых партызан. Хапала ўсяго 10–15 хвілін для таго, каб пераабсталяваць яго ў санітарны. У салоне можна было размясціць 18 насілак.
Для таго каб прымаць ваенна-транспартны самалёт, патрэбен быў спецыяльна абсталяваны аэрадром.
У Беларусі такіх аэрадромаў было каля 40. «Прычым некаторыя з іх канструяваліся на замерзлых азёрах, — удакладняе Кацярына Катлоўская. — Таўшчыня лёду пры гэтым павінна была складаць каля 40 сантыментраў.
Узлётна-пасадачнай паласой на зямлі, як правіла, была высечаная дзялянка лесу. Для таго каб прыняць борт, распальвалі вогнішчы».
Самалёт, прадстаўлены ў экспазіцыі, не ваеннага перыяду. Бартавы нумар, які ўдалося выявіць у ходзе спецыяльных даследаванняў, сведчыць аб тым, што ён быў выпушчаны ў Ташкенце ў 1953 годзе. Але нічым самалёт не адрозніваецца ад тых, якія ляталі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Лі-2 абслугоўваўся экіпажам у складзе шасці чалавек: двума лётчыкамі, бортмеханікам, радыстам, стралком і штурманам.
«Сімвалічна, што на такім самалёце ў ноч на 8 мая 1945 года савецкая дэлегацыя была дастаўлена ў Берлін для падпісання Акта аб капітуляцыі Германіі, — звяртае ўвагу загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела. — На ім жа ў Маскву даставілі гэты найважнейшы дакумент разам са Сцягам Перамогі. Красамоўная дэталь: на шляху з Берліна ў Маскву самалёт спыняўся на дазапраўку ў Мінску».
Сёлета Белдзяржмузеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запланавана правядзенне інтэрактыўнай праграмы «Крылы Перамогі», прысвечанай
80-годдзю Вялікай Перамогі. Кожны юны ўдзельнік будзе мець важную місію — даставіць Сцяг Перамогі ў Маскву. Для гэтага трэба будзе прайсці цэлы курс падрыхтоўкі, які ўяўляе сабой шматлікія заданні. Іх дзецям прапануюць выконваць як на пляцоўцы самалёта, так і ў каменданцкім доміку (менавіта такія ў гады вайны былі сканструяваны на партызанскіх аэрадромах).
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА