Top.Mail.Ru
186

Гэты дзівосны, далікатны свет: беларускі калекцыянер сабрала каля 500 прадметаў старадаўняга айчыннага шкла

Вось ужо 6 гадоў арт-менеджар і куратар выставак сучаснага мастацтва Таццяна Маркіна калекцыянуе старажытнае беларускае шкло. За гэты час яна адкрыла для сябе «новы дзівосны свет», які ёй хочацца захоўваць і папулярызаваць.



Вірус «збіральніцтва» Таццяна падхапіла яшчэ ў дзяцінстве. Першы клясер бацькі падарылі ёй у 6 гадоў, і яна з цікавасцю прынялася напаўняць яго маркамі. Потым пераключылася на кішэнныя календары, паштоўкі. У больш сталым узросце зацікавілася жывапісам і фарфорам. Беларускае шкло — позняя і самая свядомая «любоў» Таццяны Маркінай. 

Лекі ад маркоты 

Захапілася ім яна падчас эпідэміі Covid-19, калі аказалася зачыненая ў чатырох сценах. Каб не паддацца маркоце, пачала шукаць у інтэрнэце занятак для душы.

— Тады якраз з’явіўся дадатак для смартфонаў «Аддам дарма», — успамінае Таццяна Маркіна. — З вялікім натхненнем пачала раздаваць зацікаўленым людзям назапашаныя ў сям’і за доўгія гады дэфіцытаў лішкі посуду, тэкстылю, непатрэбныя прадметы мэблі і г. д. За кожны аддадзены прадмет у дадатку налічвалася віртуальная «валюта» — балы: за іх можна было выбраць цудоўныя рознакаляровыя «шкляначкі», якія прапаноўвалі іншыя ўдзельнікі гэтай «гульні». З іх і пачалася мая калекцыя. Хоць пазней і сярод хатняга шкла, якое засталося ад мамы і бабулі, я знайшла цукарніцу перыяду ар-дэка і прэс для цытрыны шклозавода «Неман».

З таго часу Таццяна стала шукаць літаратуру пра старажытнае беларускае шкло, рэгулярна зазіраць на аўкцыёны ў Беларусі і суседніх краінах, наведала Бярозаўку, Барысаў, Навагрудак, Маладзечна, Гродна, Пінск, Ганцавічы, пасёлак Целяханы ў Івацэвіцкім раёне, у мясцовых музеях і галерэях якіх прадстаўлены падобныя старажытныя вырабы. 

Беларускім шклом захапляліся нават у Парыжы 

— Я засяродзілася на пошуку беларускага шкла канца XIX — першай паловы ХХ стагоддзяў, — удакладняе Таццяна Маркіна. — Радзівілаўскае шкло Урэцкай і Налібоцкай мануфактур за даўнасцю гадоў ужо практычна немагчыма знайсці. І ў любым выпадку яго абавязкова перадаюць у дзяржаўныя музеі. А айчыннае шкло векавой даўнасці яшчэ можна выявіць на розных аўкцыёнах і сабраць у калекцыю. 

Буйнымі цэнтрамі вытворчасці шкла ў Беларусі ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя былі Бярозаўка, Нова-Барысаў і пасёлак Целяханы. Вырабы шклозаводаў «Неман» у Бярозаўцы, а таксама падобных прадпрыемстваў у Барысаве і Ганцавічах (імі валодалі Юліус Столле і Вільгельм Краеўскі) пастаўляліся ў Расію, а таксама экспартаваліся ў Еўропу і Азію. 

Нашы фабрыканты пільна адсочвалі заходнія трэнды ў галіне шкларобства, цесна супрацоўнічалі з еўрапейскімі і амерыканскімі вытворцамі абсталявання, формаў для прасавання і адліўкі шкла. Нядзіўна, што беларускае шкло можна было ўбачыць нават у «Галерыі Лафает» — самым раскошным універмагу тагачаснага Парыжа.

Вырабы шклозавода ў пасёлку Целяханы, які дзейнічаў да 1915 года, прадаваліся, галоўным чынам, у Расію. Там набыты амаль усе ўзоры целяханскага шкла ў калекцыі Таццяны Маркінай. 


— На жаль, пакуль іх у мяне яшчэ не шмат, — адзначае мая суразмоўніца. — Калі прадметы нерадавыя (напрыклад, чайныя «куфэркі» альбо цукарніцы-«наўтылусы»), то кошты на іх вельмі высокія. Больш ацалела вазачак «на ножках» для варэння і для садавіны. Яны перыядычна «ўсплываюць» на расійскім антыкварным рынку і больш даступныя.

Адкрыццём для Таццяны стала інфармацыя Гарадоцкага раеннага краязнаўчага музея аб старажытнай вытворчасці газавых лямпаў, якая існавала яшчэ да рэвалюцыі 1917 года пад Віцебскам. Гэту гуту (у тыя часы так зваліся заводы па вытворчасці металу і шкла. — Заўв. аўт.) «Ноўка» знішчылі ў 1942 годзе, а пасля заканчэння вайны адрадзілі на новым месцы — у Ялізаве Магілёўскай вобласці. Сёння ў калекцыі Таццяны — дзве газавыя лямпы «Ноўка». 

Цікава, што некаторы час на гэтым шклозаводзе выраблялі таксама флаконы для вядомага маскоўскага вытворцы парфумы — «БрокарЪ і Ко». У Таццяны ёсць некалькі флаконаў, якія (так яна падазрае) адліты менавіта ў «Ноўцы». Але атрыбуцыя (устанаўленне аўтарства) яшчэ не пацверджана. 

Паляванне за шклом

Сёння ў калекцыі Таццяны Маркінай каля 500 прадметаў старадаўняга айчыннага шкла. Для калекцыі ў яе доме адведзена некалькі пакояў. Па словах самой Таццяны, гэта досыць сціплы збор: толькі ў адным каталогу «Неман» за 1926 год больш за 1800 мадэляў, не кажучы аб каталогу за 1911 год і целяханскім прэйскуранце. 

Гонар калекцыі Таццяны Маркінай — унікальная вялікая крушонніца Юліуса Столле (перыяду 1921–1939 гг). 


Рэдкія экземпляры (пакуль у Таццяны іх толькі тры) — неманскія вазы «ціхадутага» шкла. 

Знайсці іх і купіць — сапраўдны «квэст». Яны з’яўляюцца ў продажы толькі на тэрыторыі сумежных дзяржаў, і каштуюць ад 300 да 1000 еўра. Асаблівае месца ў калекцыі Таццяны Маркінай займаюць неманскія і барысаўскія чайніцы цыліндрычнай формы з патэрнам як у вырабаў Баккара (завод крышталю ў Францыі — заўв. аўтара). 

Паміж мадэлямі мала адрозненняў: трэба мець пад рукой каталог, каб сапраўды вызначыць вытворцу. Выпускаліся гэтыя чайніцы ў самай разнастайнай каляровай гаме, шкло магло быць матавым або празрыстым. На Барысаўскім шклозаводзе іх яшчэ і распісвалі ўручную.

Адно з пакуль няздзейсненых жаданняў Таццяны Маркінай — папоўніць сваю калекцыю дарэвалюцыйнымі (да 1917 года) выдуўнымі вырабамі Барысаўскага крыштальнага завода Краеўскіх, дэкараванымі ў стылях ар-нуво і ар-дэко. Такія прадметы — велізарная рэдкасць, пакуль Таццяне не ўдалося іх адшукаць.

— Я рада знайсці вырабы, чый узрост налічвае больш за стагоддзе, у любым стане, — падкрэслівае Таццяна Маркіна. — Я не рэстаўрую старадаўняе шкло, не веру ў распаўсюджаныя забабоны ў дачыненні да бітага посуду, проста ратую гістарычныя артэфакты ад утылізацыі. У мяне, напрыклад, ёсць цэлае распяцце з празрыстага шкла, адлітае на Барысаўскім заводзе, і фрагмент купароснага колеру ад іншага распяцця. Дарагія для мяне абодва.

Калекцыянаванне — эмацыйны занятак. Азарт падагравае паляванне за жаданым рарытэтам. Часам на аўкцыёнах стаўкі за ўнікальныя прадметы беларускага шкла ўзлятаюць вельмі высока. Асабліва, калі на вырабе ёсць кляймо ў выглядзе літары «S» — Stolle або лічбавае кляймо, якое супадае з нумарам у прэйскуранце.


Сабраць і захаваць 

— Мая мэта — знайсці як мага больш прадметаў, вырабленых на нашых старадаўніх шклозаводах, — прызнаецца суразмоўніца. — У ідэале хацелася б сабраць увесь асартымент беларускага шкла канца XIX — першай паловы ХХ стагоддзяў, згаданы ў каталогах і прэйскурантах. Мару адкрыць у Мінску экспазіцыю, якая прадстаўляе дасягненні нашых суайчыннікаў у гэтай галіне. А яшчэ спадзяюся падрыхтаваць адукацыйную праграму аб старадаўнім беларускім шкле, пазнаёміць з малавядомымі фактамі, адкрыць імёны майстроў, якія мелі справу з гэтым далікатным і прыгожым матэрыялам.

А пакуль Таццяна Маркіна папулярызуе сваё хобі праз сацсеткі і з радасцю знаходзіць аднадумцаў. Паміж сабой яны абменьваюцца сабранай па крупіцах інфармацыяй, дапамагаюць адзін аднаму ў набыцці патрэбных экзэмпляраў. Ёсць выдатны прыклад, калі адшукаўшы рэдкае перавыданне старадаўняга каталога, таварышы па захапленні куплялі яшчэ адзін экзэмпляр у падарунак Таццяне. А некаторыя суграмадзяне, не апантаныя калекцыянаваннем, бескарысліва дораць Таццяне Маркінай рэдкія артэфакты, ведаючы, што так можна падоўжыць ім жыццё, захаваць для гісторыі. 

Вольга Паклонская, фота з архіву Таццяны Маркінай


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю