Top.Mail.Ru

Аб’ёмны дыялог па самых розных пытаннях

Падрабязнасці перагавораў Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам


Прэзідэнт Беларусі знаходзіцца з рабочым візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Цэнтральнае мерапрыемства візіту — перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам, якія 29 чэрвеня праходзілі ў дзяржаўнай рэзідэнцыі «Дзяоюйтай» у Пекіне. Пасля рабочай сустрэчы лідары краін працягнулі стасункі за традыцыйным сямейным абедам. Як паведаміў тэлеграм-канал «Пул Першага», такі фармат выходзіць далёка за межы дыпламатычнага пратаколу і з’яўляецца знакам асаблівага асабістага даверу паміж Прэзідэнтам Беларусі і Старшынёй КНР. Больш як тры гадзіны працягвалася размова двух лідараў. Дарэчы, гэта ўжо сямнаццаты візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Паднябесную. 

«Мы задаволены ўзроўнем тэхналогій і якасцю прадукцыі, якую мы сёння атрымліваем» 

Падчас перагавораў кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што вельмі цэніць станоўчую ацэнку ўзаемаадносін Мінска і Пекіна з боку Старшыні КНР. «Гэта тое, аб чым мы з вамі гаварылі і, можа, у пэўнай ступені марылі напярэдадні гэтага глабальнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Адным з прыкладаў паспяховага ўзаемадзеяння Мінска і Пекіна Прэзідэнт Беларусі назваў індустрыяльны парк «Вялікі камень», большая частка замежных інвестыцый у якім належыць кітайскім кампаніям. «Мы гатовы ў гэтым плане дзейнічаць», — запэўніў ён кітайскага калегу. 


Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая. Раней 2026–2027 гады былі аб’яўлены Гадамі прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая.  

«Я ўдзячны вам за тое, што вы падтрымалі бягучы год і наступны як ініцыятыву развіцця прамысловасці і прамысловай кааперацыі паміж дзвюма краінамі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Па ўсіх кірунках эканамічнага развіцця Беларусь выкарыстоўвае вашы тэхналогіі. Мы задаволены ўзроўнем гэтых тэхналогій і якасцю той прадукцыі, якую мы сёння атрымліваем». 

Беларускі лідар заўважыў, што ён і Сі Цзіньпін пастаянна абменьваюцца меркаваннямі па міжнародным парадку дня, аб сітуацыі ў рэгіёне. «Я вас пастаянна аб гэтым інфармую. Думаю, нам трэба гэтыя кантакты прадоўжыць і далей», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт Беларусі выказаў удзячнасць Старшыні КНР за гэту сустрэчу. Сі Цзіньпін удакладніў, ці прыляцеў Аляксандр Лукашэнка ў Пекін непасрэдна з Мінска.  

«Не, я ляцеў з Падмаскоўя сюды, — сказаў беларускі лідар. — Мы вялі перагаворы з Прэзідэнтам Пуціным, а пасля гэтага я паляцеў у Пекін». 

«Беларуска-кітайскія адносіны перажываюць гістарычны пік» 

«Мне вельмі прыемна зноў прымаць вас, мой дарагі сябар, — звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, адзначыў Сі Цзіньпін. — Я вельмі рады вас бачыць. Мы часта сустракаемся, размаўляем, вельмі своечасова вядзём самы аб’ёмны дыялог па самых розных пытаннях». 

Старшыня КНР звярнуў увагу на тое, што Мінск і Пекін развіваюць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. «Кітай і Беларусь — жалезныя сябры, — падкрэсліў Сі Цзіньпін. — Нашы адносіны вытрымалі любыя выпрабаванні міжнароднай турбулентнасці, і наша сяброўства толькі ўмацоўваецца. Наша з вамі супрацоўніцтва мае шматпланавы характар, ідзе ў нагу з часам і пастаянна прыносіць новыя вынікі. Беларуска-кітайскія адносіны перажываюць гістарычны пік. У міжнародных справах мы таксама пастаянна знаходзімся ў цесным кантакце». 

Далей размова двух лідараў працягнулася за традыцыйным сямейным абедам. 


Кітай стаў першай краінай у маршруце вялікага замежнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, які з’яўляецца адным з лідараў сусветнага развіцця і глабальным драйверам эканомікі. Гэтым абумоўлена высокая цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з азіяцкімі дзяржавамі, што ўваходзіць у лік знешнепалітычных прыярытэтаў Беларусі, фарміруе аснову шматвектарнай палітыкі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта. 

Даслоўна 

Мікалай СНАПКОЎ: «Настаў час паглыбіць нашы адносіны па ўсім спектры інвестыцыйных і эканамічных адносін»  

Першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай СНАПКОЎ у размове з журналістамі агучыў галоўны тэзіс Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у частцы паглыблення адносін дзвюх краін. 

«Магу сказаць па вялікім рахунку галоўную фразу, тэзіс Прэзідэнта, што настаў час паглыбіць нашы адносіны па ўсім спектры інвестыцыйных і эканамічных адносін, — канкрэтызаваў Мікалай Снапкоў. — Сама фраза гаворыць за сябе. А далей гэту работу павінны будуць зрабіць урады і пасольствы ва ўзаемадзеянні з адпаведнымі дзяржорганамі».  


Першы віцэ-прэм’ер асобна спыніўся на такім кірунку, як тэхналагічная самадастатковасць Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што прамысловае супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ўключае 11 тэхналогій, якія з’яўляюцца крытычнымі для Беларусі.  

«Мы хочам іх набыць, сумесна вырабляць (прадукцыю. — „Зв.“) на аснове гэтых тэхналогій з кітайскімі партнёрамі, — удакладніў ён. — Гэта для нас вельмі важна. І паглыбленне, нарошчванне, развіццё, безумоўна, дасць магутны імпульс у эканамічным росце краіны». 


Па словах першага віцэ-прэм’ера, лідары дзвюх краін таксама ўдзялілі ўвагу сітуацыі ў рэгіёне. «Усіх цікавіць, што адбываецца ў нас, — удакладніў ён. — Я мяркую, што і лідар Кітайскай Народнай Рэспублікі таварыш Сі Цзіньпін, і ў прынцыпе сусветныя лідары разумеюць глыбіню, мудрасць, веданне сітуацыі Прэзідэнтам нашай краіны. Нездарма мы пастаянна чуем аб тым, што да яго прыязджаюць пасланнікі, давераныя асобы, якія раяцца, кансультуюцца, удакладняюць».  

Мікалай Снапкоў расказаў, што на гэтай сустрэчы ў тым ліку былі абмеркаваны пытанні рэгіянальнага парадку дня.

Аляксандр ЧАРВЯКОЎ: «Продажы беларускай прадукцыі на кітайскім рынку — індыкатар канкурэнтаздольнасці для нашых прадпрыемстваў» 

У размове з прадстаўнікамі СМІ Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ звярнуў увагу на павелічэнне аб’ёмаў узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Кітаем. 

«Калі ў мінулым годзе мы прыраслі на 15 %, то сёлета тавараабарот ужо склаў $3,7 млрд, — канкрэтызаваў ён. — Гэта 117 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прычым мы прырастаем вельмі сур’ёзна па экспарце — плюс 27 %. І я думаю, гэта не мяжа. Калі прадпрыемства прадае тут сваю прадукцыю, гэта сведчыць аб яго высокай канкурэнтаздольнасці. Гэта індыкатар канкурэнтаздольнасці для нашых прадпрыемстваў». 

Аляксандр Чарвякоў падкрэсліў, што беларускія прадпрыемствы з кожным годам паляпшаюць якасць прадукцыі, аб чым гавораць і замежныя партнёры Мінска. «Гэта нам дазваляе вельмі сур’ёзна канкурыраваць з сусветнымі ігракамі на кітайскім рынку, — канстатаваў пасол. — Падказваем і дапамагаем прадпрыемствам у тых кірунках, дзе трэба палепшыць якасць, упакоўку прадукцыі, каб мы былі не горшыя, а лепшыя, чым нашы канкурэнты».

У тэму 

Дзмітрый КРУТОЙ: «Ідзе абсалютна звычайная, планамерная, вельмі скрупулёзная работа»  

Як паведамлялася прэс-службай беларускага лідара, падчас вялікага комплекснага візіту ў рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі Аляксандр Лукашэнка наведае шэраг дзяржаў для перагавораў на найвышэйшым узроўні, у ходзе якіх будуць абмеркаваны маштабныя і перспектыўныя для краіны праекты ў розных сферах. Кожнаму з візітаў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. 

Як паведаміў журналістам тэлеканала «Першы інфармацыйны» кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ, візіты ў краіны, якія Аляксандр Лукашэнка наведае ў час анансаванай вялікай замежнай камандзіроўкі, рыхтаваліся шмат месяцаў, некаторыя — з канца мінулага года.  

«Нашым лідарам ужо даўно было прынята рашэнне наведаць шэраг краін Паўднёва-Усходняй Азіі, з якімі ў нас намеціліся вельмі добрыя праекты на дзясяткі мільёнаў долараў, — удакладніў Дзмітрый Крутой. — Гэта праекты і тэмы прэзідэнцкага ўзроўню». 

Гаворачы аб працяглай камандзіроўцы беларускага лідара, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заклікаў «не раздзімаць сенсацыю там, дзе яе няма». «Ідзе абсалютна звычайная, планамерная, вельмі скрупулёзная работа», — падкрэсліў ён. 


Дзмітрый Крутой расказаў, што да камандзіроўкі Прэзідэнт на працягу некалькіх дзён вывучаў адпаведныя матэрыялы, уносіў карэкціроўкі. «Ставілася задача падрыхтаваць гэтыя візіты як мага лепш», — рэзюмаваў ён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю