Top.Mail.Ru

«Гэта такое глупства!»: Польшча закрыла на нявызначаны тэрмін мяжу з Беларуссю

І ўсё ж здаровы сэнс не ўзяў верх над глупствам: наш заходні сусед у ноч з чацвярга на пятніцу зачыніў сваю мяжу з Беларуссю: для людзей, для грузаў, для ўсяго... адгарадзіўся глухой сцяной неразумення, карцінна ў ноч закрыцця падагнаўшы вадамёты і расцягнуўшы «калючку» і жалезныя платы. Няўжо разлічвалі на штурм?!



Падстава для псіхозу

Знясіленыя маральна і фізічна за час прастойвання ў чарзе на афармленне дакументаў, людзі відавочна і не збіраліся на такі адчайны крок. Але тут жа польскаму боку было важна паказаць рашучасць сваіх дзеянняў. 

Фармальнай падставай да закрыцця паслужылі беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія пачаліся 12 верасня і працягнуцца да 16-га. 

Так, памежная служба Польшчы 11 верасня афіцыйна праінфармавала Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі аб закрыцці з 1.00 12 верасня па беларускім часе пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. Гаворка ідзе аб аўтадарожных «Брэст»-«Цярэспаль» і «Казловічы»-«Кукурыкі», а таксама чатырох чыгуначных пунктах пропуску: «Гродна»-«Кузніца Беластоцкая», «Бераставіца»-«Зубкі Беластоцкія», «Свіслач»-«Сямёнаўка», «Брэст»-«Цярэспаль». Тэрміны аднаўлення працы пунктаў пропуску польскі бок паабяцаў паведаміць дадаткова. Але, як кажа народная мудрасць, паабяцаць, не значыць ажаніцца.

Нягледзячы на дакладную дату заканчэння вучэнняў, Польшча ўжо заявіла, што закрыццё мяжы з Беларуссю — не абмяжуецца часам правядзення вучэнняў. У польскай прэсе міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі заявіў, што закрыццё мяжы адбываецца не на час вучэнняў, а ў сувязі з вучэннямі, таму час закрыцця мяжы — бестэрміновы. 

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі лічыць, што шаленства, якое ў апошнія дні зладзілі палякі, сведчыць пра намер афіцыйнай Варшавы працягваць курс на нагнятанне міжнароднай напружанасці і канфрантацыю з нашай краінай. 

На ягоную думку, рашэнне Польшчы аб закрыцці мяжы ў сувязі з вучэннямі «Захад 2025» выглядае асабліва недарэчна:

— Палякаў запрашалі назіраць за вучэннямі, манеўры спецыяльна аднеслі далей ад польскіх межаў. Мабыць, патрэбная была фармальная падстава для эскалацыі абстаноўкі на беларускім кірунку.

Польскім уладам трэба было скарыстацца запрашэннем і наведаць беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», а не ладзіць істэрыю і закрываць мяжу. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў польскі палітык, кіраўнік партыі «Фронт» Кшыштаф Талвінскі.

— Гэта часовае закрыццё звязанае з псіхозам у дачыненні да вучэнняў «Захад-2025» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Нагадаю, беларускі бок запрашаў польскіх назіральнікаў на гэтыя вучэнні, таму няма неабходнасці ў гэтай паніцы. Няма неабходнасці ў выкарыстанні сённяшняй прапаганды, — сказаў Кшыштаф Талвінскі.

Ён дадаў, што ўладам Польшчы трэба было скарыстацца прапановай і ўбачыць, што ёсць насамрэч. 

— Але так не адбылося. Вучэнні былі выкарыстаныя як аргумент для палітычнага антыбеларускага псіхозу, каб любой цаной справакаваць у Польшчы стан пагрозы, што Беларусь нам, палякам, пагражае, — дадаў палітык.

Паводле яго слоў, усе эксперты, інстытуты, медыя працуюць на эскалацыю.

2.jpg

Страты будуць ва ўсіх

Закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю — поўнае глупства, лічыць падарожнік з Нідэрландаў Ян, які скарыстаўся бязвізам і паспеў перасекчы польска-беларускую мяжу. Яго каментарый паказалі ў эфіры тэлеканала СТБ.

— Гэта такое глупства! Я не разумею, навошта яны гэта робяць (закрываюць мяжу, — заўв. рэд.). Еўрапейцы шалеюць ў гэты момант. Выбачайце, што так кажу. Паслухайце: Беларусь і Расія праводзяць сумесныя вучэнні. Гэта працягваецца ўжо шмат гадоў. Гэта не можа быць прычынай. Не веру, — сказаў Ян, які спяшаецца да сяброў у Мінск.

Мужчына, які чакаў у чарзе на выезд у Польшчу, адзначыў, што гэтая сітуацыя вельмі непрыемная. Вельмі шмат людзей накіроўваюцца да сваякоў.

— Розныя сітуацыі бываюць, і трэба па-любому перасякаць мяжу, — сказаў ён.

Адзіны грузавы пункт пропуску, які функцыянаваў на беларуска — польскай мяжы, «Казловічы» — «Кукурыкі», па заявах польскага боку, таксама зачыніўся ў ноч з 11 на 12 верасня. Кіроўцы-міжнароднікі агучвалі асцярогі, што закрыццё мяжы абернецца стратамі для іх лагістычных кампаній. Прычыну таго, што адбываецца, бачаць у палітыцы. Прычым гэта кажуць самі палякі.

— Страты для ўсіх будуць. Для звычайных людзей, будзь гэта беларусы ці палякі. Для ўсіх гэта вялікія страты, — сказаў адзін з палякаў, які таксама чакаў у чарзе. — Не бачу аб’ектыўных прычын закрываць мяжу. Гэта проста палітыка. Вялікая палітыка. І ад яе звычайныя людзі пакутуюць.

3.jpg

Што адбывалася на мяжы?

Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антона Бычкоўскага, з 18 гадзін 11 верасня ў пункце пропуску на выезд з Беларусі прайшло 116 легкавых транспартных сродкаў, а таксама 16 аўтобусаў. На ўезд у Беларусь памежнай службай нашай краіны было прынята больш за 270 транспартных сродкаў, усе былі аформленыя ў тэрмін і прапушчаныя на тэрыторыю нашай краіны.

Польскі бок перастаў прымаць транспарт з пункта пропуску «Брэст» 12 верасня ў 1.00 па мінскім часе. Затым польскія сілавікі працягнулі калючы дрот і выставілі металічны плот. Уехаць у пункт пропуску «Цярэспаль» не паспелі некалькі аўтобусаў і легкавы аўтамабіль. Яны былі вымушаныя вярнуцца ў пункт пропуску «Брэст» для афармлення на ўезд у Беларусь.

— Перад самым шлагбаумам нас не пусцілі палякі. Здалі назад — і заднім ходам сюды (у пункт пропуску «Брэст», — заўв. рэд.). Дрэнна вельмі. Паўтара сутак правялі ў чаканні — і не пусцілі. Было яшчэ ў нас 40 хвілін, але чаму не пусцілі — не зразумела, — з горыччу заўважыў кіроўца рэйсавага аўтобуса да Кёльна Сяргей.

Пасажырка аўтобуса Маргарыта не хавае свайго абурэння. 

— Зараз Прыедзем у Мінск. Далей трэба дабірацца ў горад, адкуль я прыехала. Трэба купіць білет, зняць гатэль — гэта ўсё звязана з пэўнымі цяжкасцямі. Білеты страчаны, — распавяла жанчына, ледзь стрымліваючы эмоцыі. 

Лілія з дзіцем не патрапілі дадому ў Германію, а правялі ў чарзе ў чаканні ўезду ў Польшчу паўтара сутак. 

— Вельмі крыўдна. У апошнія 10 хвілін былі ўпэўненыя, што пройдзем, бо мы заехалі ўжо бліжэй да палякаў. Яны праверылі нашы пашпарты, а потым чамусьці вырашылі нас не пускаць, — распавяла пасажырка. У Беларусі яе сям’я гасцявала ў сваякоў. 

— Вярталіся дадому ў Германію. Цяпер праз Літву паедзем, — дадала з роспачы жанчына.

4.jpg

Запасныя шляхі

Афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі, адказаў на пытанне журналістаў, як людзям можна трапіць у Еўрасаюз пасля закрыцця Польшчай мяжы:

— На бягучы момант часу з закрыццём аўтадарожнага пункта пропуску «Брэст — Цярэспаль» застаецца няшмат варыянтаў перасячэння мяжы ў краіны Еўрапейскага Саюза. Рэальна, гэта два пункты пропуску па кірунку з Літоўскай Рэспублікай (пункты пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі»), а таксама адзін аўтадарожны міжнародны пункт пропуску на мяжы з Латвіяй («Грыгораўшчына»). 

Акрамя таго, дадаў спецыяліст, існуе магчымасць выехаць з тэрыторыі Беларусі ў ЕС і праз Нацыянальны аэрапорт Мінск тымі рэйсамі, якія ідуць за межы нашай дзяржавы ў трэція краіны.

Кампетэнтна

Нават неба слёзы лье над глупствам польскай улады

Такім чынам польскі экс-суддзя Томаш Шміт пракаментаваў журналістам рашэнне ўладаў Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю.

— Як я пачытаў, што здарылася, я проста вярнуўся з Масквы. Толькі што прыехаў, прыехаў у Мінск, пазней у Брэст, паглядзець, наколькі гэта праўда. Але паглядзіце, і неба слёзы лье над глупствам польскай улады (у гэты момант ішоў дождж, — заўв. рэд.), — сказаў ён.

Каментуючы агучаную польскімі ўладамі прычыну свайго рашэння — вучэнні «Захад-2025» — ён назваў «канкрэтным трызненнем»:

— Вы глядзелі, там звычайныя людзі, якія прыязджаюць, турысты, напрыклад, якія прыязджаюць з сям’ёй, з дзецьмі, каб сустрэцца. Логікі ў гэтым рашэнні няма. Польская ўлада проста хоча абвастрэння стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю.

Томаш Шміт дадаў:

— Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заўсёды кажа, што мы суседзі ад Бога, трэба сябраваць. А там (з польскага боку, — заўв. рэд.) ніхто гэтага не разумее. Мяне гэта раздражняе. Я хацеў паглядзець на свае вочы, ці праўда яны закрыюць мяжу. І вось гляджу на апошнія аўтобусы з людзьмі — і іх не пусцілі, — абурыўся ён.

Апошнія падзеі, звязаныя з польскім бокам (высылка беларускага дыпламата, затрыманне ў Беларусі польскага шпіёна, закрыццё мяжы і інш.), Томаш Шміт назваў узаемазвязанымі і не выключыў новых інцыдэнтаў. 

— Магчыма, будзе нейкі далей інцыдэнт. Магчыма, гэта толькі пачынаецца, — выказаў меркаванне ён. І нагадаў, што менавіта беларускі бок папярэдзіў польскія ўлады аб дронах, якія не ўдалося збіць. 

— Як мы паглядзім, гэта можа быць звязана адно з адным. Заява фон дэр Ляен (кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. — заўв. рэд.), што трэба больш і больш грошай на вайсковую справу... Што адбываецца з мяжой, польскім шпіёнам, які быў тут затрыманы. І яшчэ гэтыя беспілотнікі, — указаў ён, заўважыўшы, што Расіі не было ніякага сэнсу накіроўваць беспілотнікі ў краіну НАТА. 

Таксама ён звярнуў увагу, што праз закрыццё мяжы Польшча панясе фінансавыя страты. 

— А краіна і так у даўгах. Людзі раздражнёныя, што ўзровень жыцця пайшоў уніз, — падкрэсліў Томаш Шміт і зрабіў акцэнт на тым, што звычайным палякам жыць стане значна цяжэй. Польшча выдаткоўвае грошы на закупку зброі, а не на школы і бальніцы, на развіццё сацыяльных праграм.

Томаш Шміт адзначыў, што чэргі на мяжы ўзнікалі праз наўмысную марудлівасць польскіх памежнікаў. На яго думку, польскі бок асцерагаецца, што палякі, прыязджаючы ў Беларусь, убачаць, што гэта нармальная краіна з добрымі людзьмі і забітымі паліцамі крам, і перастануць верыць польскім і іншым заходнім СМІ.

5.jpg

Тым часам

Пасля закрыцця польскай мяжы больш за тысячу машын чакаюць уезду ў Літву

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Дзяржпагранкамітэта. 

Так, уезду на літоўскую тэрыторыю перад двума дзеючымі пагранпераходамі — «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі») — чакалі 720 фур. Кантрольныя службы Літвы за суткі аформілі 13% і 28% цяжкагрузаў ад нормы адпаведна.

Чэргі легкавога транспарту фіксуюцца толькі перад літоўскімі пунктамі пропуску — 290 аўтамабіляў. Сумежны бок за 24 гадзіны прыняў з Беларусі 51% легкавікоў ад нормы.

Рыжанкоў: Закрыццё граніцы з Польшчай у першую чаргу накіравана супраць самой жа Польшчы

Аўдонін: Кіраўніцтва Польшчы не ўлічвае інтарэсы свайго народа

Па матэрыялах нашых карэспандэнтаў і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю