Top.Mail.Ru
232

Гэта непрыдуманая гісторыя магла б стаць сюжэтам для мастацкага твора

Кожны год, на Радаўніцу, на вясковыя могілкі прыязджае мужчына з вялікім букетам руж. Ён падоўгу стаіць каля помніка з фотаздымкам прыгожай юнай дзяўчыны, а па яго шчоках бягуць слёзы. Леаніду — больш за 60 гадоў. Як жа шмат месца займае ў яго сэрцы тая дзяўчына! Мінулі дзесяцігоддзі, але па-ранейшаму хвалююць сэрца гэтыя прыгожыя вочы, гэта непаўторная ўсмешка.



Каханне аб’яднала маладых... 

У вёсцы гулялі вяселле. Па традыцыі гэта свята стала незабыўнай падзеяй не толькі для маладых, іх бацькоў і сваякоў, а і для ўсіх вяскоўцаў. Ніхто не мог прайсці міма хат, дзе жывуць жаніх і нявеста. Прахожыя з цікавасцю сачылі, як сяброўкі нявесты перад ад’ездам у сельсавет упрыгожвалі картэж. Па наваколлі разносіліся сігналы аўтамабіляў — шчаслівая пара ад’язджала на ўрачысты роспіс, а затым, пасля рэгістрацыі шлюбу, ад душы весяліліся і пажылыя, і моладзь. Шчодра прымалі гасцей і ў доме жаніха, і ў доме нявесты. Першы дзень вяселля доўжыўся да глыбокай ночы, а на наступны — жаніх са сваімі роднымі ехаў да нявесты, дзе адбываўся выкуп. І вось усе госці аб’ядноўваліся разам, і вяселле набывала яшчэ большы размах. Бадзёрыя гукі гармоніка, спевы, танцы — усё гэта надавала вяселлю асаблівы каларыт.

Уладзімір і Ала сталі шчаслівымі мужам і жонкай. Госці з замілаванасцю глядзелі на іх светлыя ўсмешкі, сачылі за іх закаханымі позіркамі. Аднак з яшчэ большым захапленнем усе пазіралі на сведкаў. Імі сталі малодшы брат Уладзіміра і малодшая сястра Алы. Леаніду споўнілася дзевятнаццаць, а Зоі — сямнаццаць гадоў. Хлопец пакахаў дзяўчыну з першага позірку. Прыгажуня проста заваражыла юнака сваім меладычным голасам, душэўнай цеплынёй і пяшчотай. Леанід не адводзіў вачэй ад Зоі, якая стала для яго самай прыгожай на свеце. Так вяселле аб’яднала не толькі сэрцы жаніха і нявесты, але і шчаслівых сведкаў. Леанід ні на крок не адыходзіў ад сваёй каханай, увесь час яны былі побач. Глядзелі адно на аднаго з такой пяшчотай і цеплынёй, што для ўсіх было зразумелым, якое вялікае каханне нарадзілася паміж імі. Родныя і сябры маладых былі ўпэўнены ў тым, што праз пэўны час яны будуць святкаваць вяселле Леаніда і Зоі.

Непрыкметна праляцелі радасныя дні ўрачыстасці. Паступова сталі разыходзіцца госці. Аднак як жа было цяжка расстацца Леаніду і Зоі! Вядома, ён ні за што не пакінуў бы сваю каханую, калі б не прыйшлося ад’язджаць на летнюю сесію. Зоі ж трэба было праходзіць школьную практыку. Перад ад’ездам Леанід так моцна абдымаў сваю каханую, так не жадаў адпускаць яе ад сябе... Здавалася, што закаханыя не расстануцца ніколі...

«Хутка мы зноў убачымся з табой, любая!» — сказаў Леанід на развітанне дзяўчыне, якая шчыра ўсміхалася ў адказ і абяцала, што будзе з нецярплівасцю яго чакаць...

З таго часу думкі хлопца былі занятыя толькі ёй, адзінай, самай мілай і прыгожай на свеце, яго Зояй. Яму здавалася, што дзень доўжыўся цэлы тыдзень... Так хацелася хутчэй убачыць каханую!

Ні на хвіліну не пакідалі думкі пра любага і Зою. Для гэтай мілай дзяўчыны, у якой бацькі выхавалі найлепшыя якасці, Леанід стаў ідэалам мужчыны, першым, адзіным і самым дарагім. У думках Зоя ўяўляла, як хутка адбудзецца яе доўгачаканая сустрэча з мілым, як яны зноў абнімуць адно аднаго і ніколі не будуць расставацца надоўга.

Жыццё спынілася...

Быў летні спякотны дзень. Знайшоўшы вольную хвілінку, дзяўчаты вырашылі пакупацца ў найбліжэйшым возеры. Вакол не сціхалі жарты і смех. І раптам пачуўся крык. Адна з дзяўчат, якая пачала тануць, клікала на дапамогу. Першай да яе паплыла Зоя. Нырнула, ударылася галавой аб корч... Смерць наступіла імгненна...

Тое, што адбывалася з роднымі дзяўчыны, калі яны даведаліся пра яе гібель, перадаць словамі немагчыма. Як жа перажыць такое гора? Бацька і маці крычалі ад душэўнага болю. Сястра Ала, якая месяц таму была шчаслівай нявестай, павязала чорную хустку. Сэрцы родных разрываліся ад душэўных пакут. І вось гэту жудасную навіну паведамілі Леаніду... Родныя не ведалі, што рабіць, каб у адчаі хлопец не налажыў на сябе рукі. Ён крычаў на ўсю вёску, што не хоча жыць без сваёй каханай... «Што ты нарабіла, Зоя?!» — воклічы хлопца, здавалася, чулі ўсе.

А колькі ж пакут прыйшлося перанесці бацькам! Дзве дачушкі пакінулі родны дом. Адна выйшла замуж, а другая «адправілася» на могілкі... Кожны дзень для матулі пачынаўся аднолькава. Праходзіць жанчына па зале, а каля шафы вісіць светлая сукенка, побач стаяць чаравікі, якія дачушка надзявала на школьны выпускны. Як тут стрымаць слёзы? Адвядзе маці карову на выган, ідзе дадому, а побач — могілкі. Хіба магчыма прайсці міма? Жанчына кожны дзень пякла бліны, якія так любіла Зоя, несла іх да магілы дачушкі і сядзела там на працягу дня...

У сэрцы — позірк любай дзяўчыны

Міналі гады. Толькі час не залячыў душэўныя раны родных Зоі і яе каханага. Леанід набыў адукацыю, пачаў свой працоўны шлях, стаў адным з найлепшых работнікаў прадпрыемства. Не хапала ў жыцці аднаго — сямейнага ачага, таго светлага і чыстага кахання, якое ён страціў у дзевятнаццаць гадоў. Пісьмы з вершамі, якія калісьці пісаў сваёй каханай, мужчына захоўвае на працягу жыцця. «Можа, ужо і ажаніцца час?» — часта казалі Леаніду знаёмыя, а ён нават і слухаць не хацеў пра гэта.

Кожны год, на Радаўніцу, Леанід разам з роднымі прыязджаў на магілу Зоі, абдымаў яе матулю і не мог стрымаць слёз. Прайшоў час, і бацькоў Зоі па іх просьбе блізкія пахавалі побач з дачушкай.

Леаніду споўнілася 35 гадоў, калі ён, нарэшце, стварыў сям’ю. Знайшоў сваю спадарожніцу жыцця і стаў бацькам дваіх дзяцей. Дзеці ўжо дарослыя, атрымалі адукацыю і будуюць далейшае жыццё. Час не стаіць на месцы. Толькі ў сэрцы мужчыны па-ранейшаму жыве тая мілая і дарагая 17-гадовая дзяўчына, якую пакахаў назаўсёды...

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю