Top.Mail.Ru

Гэта не проста гонкі, гэта бітва характараў і тэхналогій, дзе кожны заезд — захапляльнае відовішча

У Нацыянальным прэс-цэнтры з гонарам аб’явілі аб гістарычным вяртанні мотагонак на лёдзе МХ SPEEDWAY. Унікальная спартыўная падзея адбудзецца 31 студзеня 2026 года на легендарным стадыёне «Зара» ў вёсцы Прылессе Мінскага раёна.


Падчас імпрэзы прадстаўнікі школы аўтамотаспорту ДТСААФ падалі актуальныя даныя пра развіццё дысцыпліны, расказалі аб падрыхтоўцы трасы, унікальных тэхнічных характарыстыках матацыклаў з шыпамі і прадставілі фаварытаў гонкі.

У прэс-цэнтры адзначылі, што гэта падзея стане сапраўдным святам хуткасці, адрэналіну і майстэрства. Мотаспідвей на лёдзе — адна з самых экстрэмальных дысцыплін мотаспорту. Гоншчыкі будуць спаборнічаць на спецыяльна падрыхтаваным ледзяным авале працягласцю 400 метраў, выкарыстоўваючы матацыклы, абсталяваныя агрэсіўнымі шынамі з шыпамі, якія забяспечваюць неверагоднае счапленне і дазваляюць праходзіць павароты на вялікай хуткасці.

«Мы рады адрадзіць традыцыю мотаспідвея на лёдзе ў Беларусі. Гэта не проста гонкі, гэта бітва характараў і тэхналогій, дзе кожны заезд — захапляльнае відовішча. Упэўнены, што „МХ SPEEDWAY“ стане знакавай падзеяй для ўсіх аматараў спорту і падорыць незабыўныя эмоцыі як удзельнікам, так і гледачам», — адзначыў дырэктар школы аўтамотаспорту Сяргей Лапіцкі.

Спікер расказаў, што спаборніцтвы збяруць шырокае кола ўдзельнікаў, ад самых юных спартсменаў да вопытных майстроў. Праграма ўключае восем класаў, што падкрэслівае інклюзіўнасць і накіраванасць на развіццё мотаспорту сярод моладзі.

«Мы не ствараем новае, а адраджаем старое — у нейкай ступені перафармаціраванае з улікам часу. Гістарычна гонкі па ледзяным авале называліся мотаспідвей, у іх удзельнічалі спецыяльна падрыхтаваныя матацыклы без падвескі, тармазной сістэмы, з рухавікамі на спірце. Гістарычна склалася, што мы страцілі дадзеную тэхніку прыкладна ў часы развалу Савецкага саюза. Аднак мотагоншчыкі марылі пра адраджэнне. Цяпер хутка пачала развівацца тэхніка для матацыклетнага кросу, стала больш хуткай з наяўнасцю шматлікіх настроек і больш адаптыўнай для гонак на лёдзе. У Беларусі і ў Расіі шмат спартсменаў высокага ўзроўню. Таму ўтварылася новая дысцыпліна „МХ SPEEDWAY“, якая прадугледжвае выкарыстанне мотакросавых матацыклаў для язды па ледзяным авале. Мы працягваем старыя традыцыі, але ў той жа час „МХ SPEEDWAY“ абсалютна ўнікальная падзея для нашай краіны, — паведаміў Сяргей Лапіцкі.

Ён дадаў, што дадзеная дысцыпліна ўнікальная магчымасцю ўдзелу мотагоншчыкаў рознага профілю. Цікавасць у тым, што гэты від спорту хуткацечны — авал невялікі, усяго 400 метраў, па шэсць гоншчыкаў становяцца ў адну лінію, даецца агульны старт, і ў спартсмена ёсць літаральна чатыры кругі, каб вызначыць, хто з іх самы лепшы. Гонка хуткая, таму не дае права на памылку. Ад мотагоншчыка патрабуецца поўная канцэнтрацыя, імгненнае прыняцце рашэння, таму што долі секунды вырашаюць, будеш ты першы альбо апошні».

«Мы адкрыты і прымем усіх, хто жадае паспаборнічаць, — запэўніў суразмовец. — На сёння маем каля 70 заявак ад спартсменаў з Беларусі і Расіі. Прычым большасць гоншчыкаў заявілі самыя хуткія класы матацыклаў, таму гледачам трэба прыйсці паглядзець — выкід адрэналіну будзе забяспечаны. Падрыхтавана шоу-праграма з феерверкамі і салютамі — усё будзе суправаджацца маланкавымі хуткасцямі высту-паючых на ледзяным пакрыцці, — запэўніў дырэктар школы аўтамотаспорту ДТСААФ Сяргей Лапіцкі.

«Я наведваў многія гонкі ў Расіі і хачу сказаць, што ўмовы, якія прадстаўляе нам ДТСААФ, і база нашага стадыёна сапраўды высокага ўзроўню. У гоншчыкаў розных мотадысцыплін заўсёды было пытанне: які гоншчык з якой дысцыпліны мацнейшы? І менавіта лёд збірае ўсіх гэтых спартсменаў разам, і кожны можа праявіць сябе. У першы дзень зарэгістравалася 69 чалавек, па любой іншай дысцыпліне такое складана ўявіць. Гэта дэманструе, наколькі гонкі на лёдзе папулярныя», — выказаўся спартсмен, майстар спорту па мотаспорту, удзельнік спаборніцтваў МХ Speedway Антон Чарнавушка.

Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых стаць сведкамі гэтай падзеі. Гэта ідэальная магчымасць правесці выхадны дзень з сям’ёй і сябрамі, захапляючыся хуткасцю, ровам матораў і ледзянымі пырскамі.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю